Не збочвай на палавым шляху!

Источник материала:  

Рызыкоўным лiчацца сэксуальныя паводзiны таго, хто спакушаецца на iнтымны кантакт з трыма i болей партнёрамi на працягу аднаго года. Прычым незалежна ад таго, цi былi гэтыя кантакты абароненымi прэзерватывам. Так сцвярджае Сусветная арганiзацыя аховы здароўя.

Сэксолагi кажуць: перад тым, як "заняцца сэксам", вызначце для сябе, наколькi ён бяспечны для вашага здароўя i... неабходны вам сёння. Усё ж такi вядома звыш 30 iнфекцый, якiя перадаюцца палавым шляхам. Некаторыя з iх могуць выклiкаць толькi непрыемныя адчуваннi, iншыя, калi не лячыць iх своечасова, прыводзяць да бясплоднасцi цi нават больш сур'ёзных наступстваў, у тым лiку павышаюць рызыку злаякасных новаўтварэнняў. Акрамя таго, людзi, якiя пакутуюць ад згаданых захворванняў, становяцца больш уразлiвымi перад ВІЧ-iнфекцыяй. Рызыка перадачы ВIЧ пры наяўнасцi IППШ павялiчваецца ў 3-9 разоў, паколькi праз пашкоджаныя скурныя покрывы i слiзiстыя адкрываюцца дадатковыя шляхi пранiкнення вiруса.

За год у Беларусi рознымi формамi IППШ хварэе каля 1 працэнта насельнiцтва. На працягу апошнiх гадоў назiраецца знiжэнне захваральнасцi класiчнымi венерычнымi захворваннямi (сiфiлiс, ганарэя), але адзначаецца рост iншых IППШ (хламiдыёз, трыхаманiяз).

Невялiкi леташнi рост захваральнасцi на сiфiлiс у Гродзенскай i Магiлёўскай абласцях звязаны з ростам захваральнасцi сярод працоўных мiгрантаў — увозам новых выпадкаў з-за межаў краiны. Невялiкi ўздым захваральнасцi па ганарэi зафiксаваны толькi ў Гродзенскай вобласцi. Максiмум зарэгiстраваных выпадкаў трыхаманаднай iнфекцыi назiраўся летась у Брэсцкай i Вiцебскай абласцях. Хламiдыйная iнфекцыя найбольш iстотна прырасла ў Мiнскай вобласцi.

У цэлым па краiне адзначаўся рост захваральнасцi на мiкаплазмоз. Найбольш значны рост быў зарэгiстраваны ў Мiнску — на 32 працэнты, а таксама ў Вiцебскай вобласцi — на 26,6 i Магiлёўскай — на 53. У значнай ступенi гэта абумоўлена ўкараненнем новых высокатэхналагiчных метадаў лабараторнай дыягностыкi ўзбуджальнiка. Захоўваецца прырост па краiне i выпадкаў кандыдозу мочапалавых органаў.

Паводле слоў дацэнта кафедры дэрматавенералогii Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi, кандыдата медыцынскiх навук Iрыны ШЫМАНСКАЙ, новы метад лабараторнай дыягностыкi — полiмеразна-ланцуговая рэакцыя ў рэжыме рэальнага часу — дазваляе дыягнаставаць фрагмент ДНК узбуджальнiка i валодае ўнiкальнай адчувальнасцю i спецыфiчнасцю. Укараненне такога метаду ў практыку ўсiх абласцей дазваляе цяпер пазбягаць памылак.

Дарэчы, што да дыягностыкi, то падлеткi, напрыклад, могуць разлiчваць на бясплатнае тэставанне па выяўленнi IППШ. Аднак для гэтага акушэр-гiнеколаг цi ўролаг павiнен выдаць адпаведнае накiраванне. Лячэнне таксама можа быць бясплатным, калi пацыент пагодзiцца лячыцца ў стацыянары. Калi ж ёсць жаданне набываць лекi за ўласны кошт, трэба мець на ўвазе, што ўрач пазначае ў рэцэпце мiжнародную назву прэпарата, а пацыент выбiрае ў аптэцы той, што па кiшэнi.

l  Пры ўсiх вiдах сэксуальнага кантакту выкарыстоўвайце прэзерватыў, якi лепш за ўсё набываць у аптэках. Танныя прэзерватывы менш надзейныя. Пасля неабароненага кантакту варта звярнуцца ў пункты экстраннай супрацьвенерычнай прафiлактыкi, кругласутачна адчыненыя ў прыёмных аддзяленнях скурна-венералагiчных дыспансэраў. Аптымальны тэрмiн звароту — не больш за 1-2 гадзiны пасля рызыкоўнага сэксу.

l  Прымяняйце экстранную супрацьвенерычную прафiлактыку, для чаго апрацоўвайце скуру i слiзiстыя абалонкi палавых органаў спецыяльнымi растворамi, якiя дэзiнфiцыруюць i якiя можна набыць у аптэках — мiрамiсцiн, хлоргексiдзiн i iнш. Яны выпускаюцца ў пластмасавых флаконах i маюць падрабязныя iнструкцыi па самастойным прымяненнi.

l  Не карыстайцеся парадамi сяброў па "лячэннi" iнфекцый, якiя перадаюцца палавым шляхам. Не займайцеся самалячэннем. Бессiстэмнае ўжыванне лекаў часцей прыводзiць да пераходу вострай формы захворвання ў хранiчную. Нiколi не губляйце каштоўны час — пры першым жа падазрэннi звяртайцеся да спецыялiста.

Святлана БАРЫСЕНКА.

←Фигура с натуры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика