ПАРНАСЦЬ У КУЛЬТУРЫ ПРОДКАЎ І У НАШЫМ ЖЫЦЦI

Источник материала:  

Яшчэ нашы бабулi i матулi, калi былi дзяўчатамi, варажылi аб сваiм лёсе, перш за ўсё аб тым, будуць цi не будуць замужам. У марозную калядную ноч (гэта магло быць познiм вечарам 24 снежня, 6, 13 або 19 студзеня) выбягалi яны ў двор, хапалi аберуч дровы цi, шырока раскiнуўшы рукi, абхоплiвалi штыкетнiк i лiчылi колькасць дошак. Парная колькасць паленцаў або штыкецiн прадказвала хуткiя шлюбавiны, замужняе жыццё, няпарная была знакам таго, што яшчэ год давядзецца "хадзiць у дзеўках", заставацца адной, без пары.

  У народзе iснавала вера ў тое, што дзяўчына, якая з'есць спарыш (здвоеную слiву, бульбу, колас i г.д.), народзiць двайнятаў. Мацi аднаго з аўтараў выкiдвала слiвы-спарышы нават тады, калi збiралi iх для варэння. I наадварот, верыла: калi насiць пры сабе арэхавы спарыш, то ўвесь час будзеш пры грашах.

  Знаёмства з вялiкай колькасцю прыкметаў i павер'яў, рэгламентацый i забаронаў абрадавай i гаспадарчай практыкi пераканаўча сведчыць, што шчаслiвымi, спрыяльнымi для распачынання важных спраў з'яўляюцца цотныя днi: аўторак i чацвер (другi i чацвёрты). I наадварот, нешчаслiвымi лiчацца няцотныя днi: панядзелак (першы), серада (трэцi) i пятнiца (пяты). Менавiта з iмi звязана найбольшая колькасць усялякiх абмежаванняў як у працы, так i ў харчаваннi (серада i пятнiца — посныя днi).

  Дзiўная рэч, на якую чамусьцi не звяртаюць увагi этнографы. У нашы сучасныя песнi i святкаваннi (Каляды, Масленiца) прыйшло запазычанне з рускай культуры i побыту — асноўным вобразам зiмовых святаў становiцца шпаркая тройка коней. Але ж на самай справе на Беларусi памочнiкам чалавека ў гаспадарцы была не "тройка", а параконка ("Запрагай сваю парку", — казалi ў народзе; поле аралi парай валоў).

  Калi гаспадар выбiраў на кiрмашы ў бондара дзяжу, то абавязкова лiчыў клёпкi. Iснавала перакананасць: там, дзе iх цотная колькасць — рошчына будзе добрая, а дзе няцотная — цеста будзе няўдалым, а хлеб ацеслiвым.

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК.

←Фигура с натуры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика