Права на памылку
Стаць кандыдатам у дэпутаты можна будзе i з недакладнасцямi ў дэкларацыi — неiстотнымi
Дэкларацыi заўжды былi для ўдзельнiкаў перадвыбарнай гонкi ледзь не самым коўзкiм месцам — зрабiўшы недакладны рух, можна без цырымонii сысцi з дыстанцыi. Узяць нават апошнiя парламенцкiя выбары — адзiн з кандыдатаў ледзь не пазбавiўся рэгiстрацыi з-за таго, што незадэклараваў "Запарожац" 1982 года выпуску, якi прадаў, але не зняў з улiку... Здаралася i такое, што спрэчкi iшлi вакол няшчасных некалькiх тысяч рублёў. Аднак скрупулёзныя выбаркамы, як правiла, спраўна выносiлi вердыкт: iнфармацыя ў дэкларацыi не адпавядае рэчаiснасцi — адмовiць у рэгiстрацыi. Па фармальных прыкметах быццам бы i так, але ж "цана пытання" была часта занадта смешнай... Толькi вось ахвярам такiх недарэчнасцяў было зусiм не да смеху.
Цяпер сiтуацыя, трэба меркаваць, зменiцца: папраўкi ў выбарчым заканадаўстве ўводзяць крытэрый iстотнасцi скажэння iнфармацыi. А ўжо канкрэтныя рамкi дазволенага вызначае Цэнтрвыбаркам. І на ўчарашнiм пасяджэннi гэтыя рамкi былi вызначаныя: што лiчыцца неiстотным, а што становiцца падставай для адмовы ў рэгiстрацыi кандыдатам у дэпутаты.
— Iстотны характар мае, па-першае, дэклараванне ў меншым памеры агульнай сумы гадавога даходу, калi неадпаведнасць складае больш за 10 адсоткаў агульнай сумы гадавога даходу, — паведамiла член Цэнтрвыбаркама Надзея КIСЯЛЁВА. — Па-другое, адсутнасць звестак аб нерухомасцi, якая належыць на праве ўласнасцi, транспартных сродках, аб каштоўных паперах цi ўказанне неадпаведных рэчаiснасцi звестак аб колькасцi каштоўных папер. Па-трэцяе, адсутнасць звестак аб долi, не пацверджанай акцыямi ў статутным фондзе юрыдычнай асобы, за выключэннем юрыдычных асобаў, якiя на момант падачы дэкларацыi знаходзiлiся ў працэсе лiквiдацыi.
I як заўважыла спадарыня Кiсялёва, нават гэтыя, iстотныя, парушэннi не абавязваюць выбарчую камiсiю адмовiць у рэгiстрацыi кандыдата ў дэпутаты. "Камiсiя можа як зарэгiстраваць, так i адмовiць у рэгiстрацыi — гэта яе права".
Якiя "вольнасцi" ў дэкларацыi не могуць у прынцыпе каштаваць рэгiстрацыi патэнцыйным прэтэндэнтам на дэпутацкi мандат? Паводле слоў рашэння ЦВК, неiстотным лiчыцца адсутнасць цi ўказанне неадпаведных рэчаiснасцi звестак аб чэках "Маёмасць", "Жыллё", аб аблiгацыях. Не будзе вялiкiм грахом таксама, калi патэнцыйны кандыдат не паведамiць у дэкларацыi пра выкрадзены i нязнойдзены транспартны сродак. Або пазначыць не адпаведныя сапраўднасцi звесткi аб даходах, калi яны ўнесеныя ў дэкларацыю на падставе даведкi, выдадзенай арганiзацыяй. Цi няправiльна пазначыць агульную плошчу нерухомасцi, якая яму належыць.
У дэкларацыi патэнцыйнаму кандыдату трэба будзе паведамляць свае даходы з 1 студзеня па 31 снежня 2009 года, прычым без вылiку падаткаў, збораў ды iншых утрыманняў. Пры гэтым могуць не пазначацца факты аплаты пуцёвак прафсаюзам, цi падарункi, аднаразовая матэрыяльная дапамога i iншыя падобныя бонусы, дакладны пералiк якiх ёсць у пастанове Цэнтральнай камiсii. На практыцы былi прэцэдэнты, калi кандыдату даводзiлася даказваць, што ён не вярблюд, пасля таго як забыўся паведамiць пра аднаразовую прэмiю ў 30 тысяч рублёў.
— Што да транспартных сродкаў, па якiх узнiкае большасць пытанняў, — адзначыла Надзея Кiсялёва, — у дэкларацыi пазначаюцца звесткi аб ТС, зарэгiстраваных падраздзяленнямi ДАI на дату падачы дэкларацыi, незалежна ад iх тэхнiчнага стану.
Дэкларацыя аб даходах i маёмасцi (поруч з iншымi неабходнымi для рэгiстрацыi дакументамi) павiнна быць пададзеная ў адпаведны выбаркам не пазней за 15 сакавiка. Камiсiя ў сваю чаргу правярае iх дакладнасць. Па сутнасцi, iнфармацыя пра "багацце" кандыдата збiраецца для выбаршчыкаў: каб яны ведалi агульны гадавы даход свайго магчымага прадстаўнiка i якая маёмасць яму належыць.
— Увогуле, шчыра кажучы, цяпер бедным быць ужо нявыгадна, — заўважыла старшыня ЦВК Лiдзiя ЯРМОШЫНА, — таму я думаю, што хутка мы будзем сутыкацца з недакладнасцю наадварот — калi звесткi пра маёмасць будуць завышацца — дэкларавацца нейкая маёмасць на Канарах, а мы так i не зможам гэта праверыць. Усё тое, што ў кандыдата знаходзiцца за мяжой, не правяраюць.
У гутарцы з журналiстамi яна прызнала, што "на жаль, некаторыя нашы выбарчыя камiсii занадта жорстка падыходзiлi да кандыдатаў, i адмаўлялi ў рэгiстрацыi за дробязi, неiстотныя нейкiя памаркi, тэхнiчныя памылкi, часта дапушчаныя па вiне тых органаў, што выдавалi даведкi аб даходах. I фармальна ўсё было правiльна, нават калi неадпаведнасць была мiнiмальная. Цяпер закон дае права Цэнтральнай камiсii вызначыць для ўсiх арганiзатараў выбараў межы, у рамках якiх кандыдат можа памылiцца. Калi памылка нязначная i сапраўды не з'яўляецца наўмысным жаданнем сказiць звесткi i ўвесцi ў зман выбаршчыкаў, яна будзе даравацца патэнцыйным кандыдатам i яны будуць удзельнiчаць у выбарах. Гэта першы такi досвед, дастаткова рэвалюцыйны — паглядзiм як ён будзе працаваць". Дарэчы, паводле слоў Лiдзii Ярмошынай, падчас прэзiдэнцкiх выбараў Цэнтральная выбарчая камiсiя ўласнаручна будзе вызначаць, якое скажэнне iнфармацыi ў дэкларацыi лiчыць iстотным цi неiстотным — "па кожнай персаналii асобна".