На два гады за паўцаны. Мінскія прадпрымальнікі атрымаюць ільготныя крэдыты пад 11 працэнтаў гадавых
Яшчэ больш сталічных прадпрымальнікаў змогуць атрымаць ільготныя крэдыты на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. Летась два банкі пры падтрымцы Мінгарвыканкама выдалі каля 50 крэдытаў. Сёлета колькасць банкаў павялічылася да васьмі, а агульны бюджэт перавысіць 19 мільярдаў, альбо амаль што ў дзесяць разоў больш, чым у мінулым годзе.Як паведаміў “НГ” начальнік упраўлення прадпрымальніцтва Мінгарвыканкама Аляксандр Каліноўскі, крэдыты будуць выдавацца на тэрмін да двух гадоў у памеры да 500 мільёнаў рублёў. Аднак найбольш папулярнымі, прагназуе ён на падставе леташняга вопыту, могуць стаць пазыкі па 80—100 мільёнаў.Стаўка па такіх крэдытах будзе разлічвацца па формуле: стаўка рэфінансавання Нацбанка мінус 2 працэнтныя пункты. На сёння гэта 11 працэнтаў гадавых, што, прынамсі, удвая танней за звычайныя прапановы банкаў.Зразумела, жадаючых пазычыць грошы на такіх умовах можа быць шмат. У сталіцы каля 39 тысяч юрыдычных асоб недзяржаўнай формы ўласнасці, а таксама звыш 70 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў.Аднак прэтэндаваць на атрыманне дзяржпадтрымкі змогуць толькі тыя, хто гатовы рэалізаваць інвестыцыйны праект, скіраваны на імпартазамяшчэнне, і стварыць новыя працоўныя месцы. “Бу-дзем улічваць і сярэдні ўзровень зарплаты”, — дадаў Аляксандр Каліноўскі. Калі дзесьці работнікі афіцыйна атрымліваюць толькі 300—400 тысяч рублёў за месяц, то ў Мінгарвыканкама будзе падстава прааналізаваць, ці “празрыста” працуе гэты суб’ект прадпрымальніцтва.