Зоркі хакея каму свецяць у Ванкуверы, а каму — i не

Источник материала:  

Здавалася б, што яшчэ нядаўна ў Ванкуверы кiпелi сапраўдныя жарсцi аб падрабязнасцях i сакрэтах адкрыцця зiмовых Алiмпiйскiх гульняў, а ўжо неяк непрыкметна Алiмпiяда наблiжаецца да сярэдзiны.

Пасля невыразнага выступлення айчынных лыжнiкаў — у жанчын на 10 км i ў мужчын на 15 км свабодным стылем, учарашнi дзень для беларускай каманды ў нейкiм сэнсе быў момантам iсцiны, бо нашы бiятланiсты маглi ўвасобiць медальныя мары ў рэальнае жыццё. Праўда, на момант падпiсання газеты ў нумар падзеi на стрэльбiшчы i на трасе ў Вiстлерскiм алiмпiйскiм парку толькi пачыналi развiвацца. Таму падрабязнасцi жаночай i мужчынскай гонак праследавання на 10 км i 12,5 км адпаведна — у наступным нумары.

Пакуль жа размова пра хакей. Увесь сусветны бамонд, якi з'ехаўся ў Ванкувер, не перастае абмяркоўваць рэалii сённяшняга дня. А яны больш чым вясёлкавыя. Сабраць пад адным дахам у Канадзе столькi расiйскiх i мясцовых зорак планетарнага маштабу — дарагога каштуе. Калi яшчэ можна будзе ўбачыць разам расiян Авечкiна, Малкiна, Дацюка, Сёмiна, Казлова, Кавальчука, а з канадцаў — Кросбi, Хiтлi, Бродэра, Нiдэрмаера? У сувязi з такiм ажыятажам, няцяжка здагадацца, уваходных бiлетаў на большасць матчаў, у тым лiку i з удзелам беларускай каманды, якая заўтра гуляе з фiнамi, няма.

Пра гэта добра ведаюць i перакупшчыкi. Адзiн з iх ранiцай на асноўнай лiнii ванкуверскага метро "Канада лайн" заклікаў пасажыраў купiць сапраўдны бiлет на хакей. Напрыклад, на матч Беларусь — Фiнляндыя. Кошт — усяго 140 канадскiх долараў. Я са сваiм калегам з iншай беларускай газеты пацiкавiлiся сапраўднасцю бiлета на хакей. Усё ў парадку, сказаў славацкi "прадпрымальнiк" Раман. Вось дата, залацiстае цясненне. Хвiлiнай пазней высветлiлася, што свае паслугi гэты прадавец прапаноўваў i на леташнiм чэмпiянаце свету ў швейцарскiм Цюрыху. Мы ўспомнiлi адзiн аднаго, праўда, да абдымкаў справа не дайшла. Работа ў нас такая, падкрэслiў славак. Сёння тут, заўтра — там. Чаму не зарабiць, калi ёсць магчымасць. І сапраўды, пры намiнальным кошце хакейнага бiлета ў 80 канадскiх долараў "злiць" яго за 140 — амаль 100-працэнтны прыбытак. "Калi трэба арыгiнальныя квiткi на фiнал, а па папярэднiх звестках у матчы Канада — Расiя кошт на бiлеты будзе вагацца ў межах некалькiх тысяч мясцовых долараў, арганiзуем, — зрабiў заключэнне даўнi знаёмы. — Пры неабходнасцi магу прапанаваць любыя бiлеты i ў любой колькасцi на матчы чэмпiянату свету па футболе ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублiцы".

Вось гэта размах. I хто сказаў, што сёння на дварэ сусветны эканамiчны крызiс?

Зоркі хакея каму свецяць у Ванкуверы, а каму — i неМiж тым учора была магчымасць наведацца на трэнiроўку беларускай зборнай. Мiхаiл Захараў напярэдаднi раскаткi арганiзаваў фотасесiю гульцоў, удзельнiкам якой стаў i карэспандэнт "Звязды". Паўтарагадзiнны спарынг памiж сабой прынёс задавальненне настаўнiку беларусаў. Праўда, Мiхаiл Мiхайлавiч не пераставаў выказваць журналiстам пажаданнi, што ў Кантынентальнай хакейнай лiзе павiнны быць два айчынныя клубы, а не адзiн — тады будзе з каго выбiраць гульцоў для самых важных матчаў, што чакаюць нас у Ванкуверы. А так, працягваў Захараў, яшчэ шмат праблем у абароне, аб чым сведчыць апошнi пройгрыш у таварыскай сустрэчы швейцарцам, дзе нам закiнулi аж шэсць шайбаў. А пра нападзенне i казаць няма чаго: Мiхаiл Грабоўскi з "Таронта" гуляць не будзе — выступiць толькi ў якасцi балельшчыка. На жаль, давялося выключыць са спiска 23 i форварда "Манрэаль Канадзiенс" Андрэя Касцiцына. У межах лядовай хакейнай школы "Брытанiя Цэнтр", дзе праходзiла раскатка i прыстрэлка беларусаў, Касцiцына старэйшага суправаджала жонка Таццяна з дачкой Валерыяй. Таццяна вельмi расхвалялася за Андрэя, калi даведалася, што яе мужу давядзецца быць удзельнiкам цяперашняга топ-турнiру толькi ў ролi балельшчыка. Што зробiш — старая траўма калена, якую Андрэй атрымаў у чэмпiянаце НХЛ яшчэ напярэдаднi новага года, не залечана.

Пры усёй не самай прыемнай раскладцы, зрабiў заключэнне Мiхаiл Захараў, яго падначаленыя прыкладуць максiмум намаганняў, каб парадаваць беларускiх балельшчыкаў дабротнай i вынiковай гульнёй. Сярод найблiжэйшых задач — прабiцца ў плэй-оф турнiру, а потым i ў васьмёрку мацнейшых.

У адрозненне ад хакеiстаў, мужчынская i жаночая каманда па фрыстайле поўная аптымiзму пазмагацца за медалi Алiмпiяды-2010. Пра гэта журналiст "Звязды" можа меркаваць пасля гутаркi з галоўным трэнерам Мiкалаем Казекам. Ён адзначыў, што каманда ўжо на другi дзень пасля прыезду паспела азнаёмiцца з трамплiнам, на якiм давядзецца выступаць "паветраным" акрабатам. Праўда, Мiкалай Iванавiч падкрэслiў, што на сёння канкурэнцыя ў фрыстайлiстаў-скакуноў такая, што загадваць нешта наперад немагчыма. Але ж мэта пастаўлена — заваяваць медаль. Зрэшты, паводле слоў Мiкалая Казекi, любы з удзельнiкаў беларускай каманды — Дзмiтрый Дашчынкi, Антон Кушнiр, Аляксей Грышын, Асоль Слiвец, Ала Цупер — пры ўдалым раскладзе могуць стаць ўладальнiкамi ўзнагародаў. Але для гэтага трэба, каб карта лягла правiльна: i лаяльныя адносiны арбiтраў, i высакабальны скачок, i чыстае прызямленне. На трэнiроўках, сказаў на заканчэнне Мiкалай Iванавiч, фрыстайлiсты робяць цуды. Хацелася, каб яны i на самых важных у iх жыццi спаборнiцтвах не спасавалi перад знакамiтымi супернiкамi i паказалi ўсё, на што здатныя.

Зоркі хакея каму свецяць у Ванкуверы, а каму — i неМы ўзялi абяцанне, што акажам самую цёплую падтрымку беларускiм спартсменам. Пры гэтым не сумняваемся, што колькасць беларусаў, якiя будуць хварэць на алiмпiйскiх аб'ектах за сваiх землякоў, не будзе абмяжоўвацца толькi членамi беларускай дэлегацыi. За тыдзень знаходжання ў Ванкуверы на яго вулiцах i на спартыўных арэнах удалося сустрэць не адзiн дзясятак "эмiгрантаў", прычым вельмi маладых людзей. Напрыклад, 25-гадовы мiнчанiн Аляксандр будзе хварэць за нашых, а не за амерыканцаў, хоць ужо 5 гадоў як жыве ў Сiэтле, што за 220 кiламетраў ад Ванкувера, i працуе менеджарам у кампанii Сoca Cola. Сюды ён прыехаў у рамках партнёрства знакамiтага сусветнага брэнда з Мiжнародным алiмпiйскiм камiтэтам. А вось як у такiм маладым узросце перабраўся за акiян?

Усё проста, расказаў беларус, якi працуе на алiмпiйскiх аб'ектах зiмовай Алiмпiяды ў складзе 160 шчаслiўчыкаў з усяго свету. Яшчэ 5 гадоў па Грын-карце цераз Маскву ён адправiўся на агледзiны ў ЗША. Там i прыжыўся, хоць i застаецца ў душы сапраўдным беларусам.

Намнога складаней уладкаваць сваё жыццё нашым маладым землякам, якiя не маюць статусу перакладчыка цi менеджара з добрымi ведамi англiйскай мовы. У гэтым мы з калегам упэўнiлiся, калi ў наваколлi Мiжнароднага прэс-цэнтра сустрэлі землякоў. Маладая пара з Брэста таксама пакiнула межы радзiмы праз белакаменную, атрымаўшы ў Канаду звычайную рабочую вiзу. На руках двое дзяцей, хлопцы. Адзiн — Ягор — сапраўдны беларус, бо мае брэсцкiя каранi, а другi — Рычард — нарадзiўся ў Канадзе. Дык вось гэтая маладая сям'я працуе ў Ванкуверы на будоўлi. Скаргi ад iх за жыццё нам чуць не давялося, хоць ноткi настальгii падчас размовы праскоквалi. Тым не менш, запэўнiлi канадскiя беларусы, на кожныя спартыўныя спаборнiцтвы, якiя працягнуцца да 28 лютага, яны будуць iмкнуцца трапiць, найперш — з удзелам беларускiх спартсменаў.

Мы чамусьцi i не сумняваемся, што ўся беларуская дыяспара ў Ванкуверы i яго прыгарадзе не пашкадуе гарачых эмоцый i апладысментаў, каб паспрыяць поспеху айчынных алiмпiйцаў.

Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ. Ванкувер, Канада

 

 

15 лютага на Алiмпiйскiх гульнях у Ванкуверы было разыграна 6 камплектаў медалёў. Колькасць краiн, якiя вызначылiся на XXI Гульнях, павялiчылася да дваццацi. Лiдарства ў агульным залiку захапiлi швейцарцы, якiя двойчы святкавалi перамогу. Амерыканцы ўзначальваюць рэйтынг па агульнай колькасцi ўзнагародаў, павялiчыўшы яе да васьмi.

Лыжныя гонкi

Першымi ўзнагароды разыгралi лыжнiцы ў гонцы на 10 км вольным стылем. Перамогу святкавала шведка Шарлота Кала (24.58,4), сярэбраны медаль заваявала эстонка Крысцiна Шмiгун (+6,6 сек.), "бронза" дасталася нарвежскай лыжнiцы Марыт Б'ёрген (+15,9 сек.). Лепшай з беларусак была Алена Саннiкава, якая заняла 44-е месца (адставанне — 2 хвiлiны 22,9 сек.). Вольга Васiлёнак стала 56-й, Кацярына Рудакова — 59-й.

У мужчын у 15-кiламетровай гонцы вольным стылем перамогу святкаваў швейцарац Дарыо Калонья з вынiкам 33 хвiлiны 36,8 сек. Другiм фiнiшаваў iтальянец П'етра Пiлер Котрэр, "бронзу" заваяваў чэх Лукаш Баўэр. Лепшым сярод беларусаў быў Сяргей Далiдовiч, якi размясцiўся на 35-м месцы з адставаннем 1 хвiлiна 53,1 сек. Аляксей Iваноў фiнiшаваў 60-м, Леанiд Карнiенка — 63-м.

Горныя лыжы

Гарналыжнiкi нарэшце разыгралi камплект узнагародаў у хуткасным спуску. Алiмпiйскiм чэмпiёнам стаў швейцарац Дзiдзье Дэфага, якi паказаў вынiк 1 хвiлiна 54,31 сек. "Серабро" дасталося нарвежцу Акселю Лунду Свiндалю, амерыканец Бодэ Мiлер выйграў "бронзу".

Сноўборд

Сноўбардысты выявiлi наймацнейшага ў борд-кросе. Перамогу святкаваў амерыканец Сэт Уэскат. У фiнале ён абышоў канадца Майка Робертсана i француза Тонi Рамана, якiя занялi другое i трэцяе месцы. Сэт Уэскат паўтарыў свой поспех чатырохгадовай даўнасцi ў Турыне i стаў двухразовым алiмпiйскiм чэмпiёнам.

Канькабежны спорт

Спаборнiцтвы канькабежцаў на дыстанцыi 500 м завяршылiся перамогай паўднёвакарэйца Тай Бум Мо (69,82 сек.). "Серабро" дасталося японцу Кейчыра Нагасiма, "бронза" — яго суайчыннiку Ёдзi Ката. Арганiзатарам турнiру прыйшлося сутыкнуцца з непрыемнымi нечаканасцямi — падчас залiўкi лёду зламалася адна з машын i спаборнiцтвы давялося адкласцi.

Фiгурнае катанне

У фiгурным катаннi быў разыграны першы камплект узнагародаў. Спаборнiцтвы спартыўных параў завяршылiся вольнай праграмай. Алiмпiйскiмi чэмпiёнамi сталi кiтайцы Шэнь Сю i Чжао Хонбо, яiкія набралi ў суме 216,57 балаў. Другое месца заняла яшчэ адна кiтайская пара Пан Цынь i Тон Цзянь. Нямецкi дуэт Алёна Саўчанка i Роберт Шалковы заваяваў "бронзу". Не спраўдзiлiся медальныя надзеi расiян — чэмпiёны Еўропы Юка Кавагуцi i Аляксандр Смiрноў, якiя пасля кароткай праграмы займалi трэцяе месца, апусцiлiся ў вынiку на чацвёртае з-за падзення партнёршы падчас выканання вольнай праграмы.

Краiна

Золата

Серабро

Бронза

Усяго

1. Швейцарыя

3

0

0

3

2. ЗША

2

2

4

8

3. Паўднёвая Карэя

2

1

0

3

4. Францыя

2

0

2

4

5. Германiя

1

3

1

5

6. Канада

1

2

1

4

7. Кiтай

1

1

0

2

8. Чэхiя

1

0

1

2

9. Галандыя

1

0

0

1

— Славакiя

1

0

0

1

— Швецыя

1

0

0

1

12. Нарвегiя

0

2

1

3

13. Iталiя

0

1

2

3

14. Японiя

0

1

1

2

15. Аўстралiя

0

1

0

1

— Польшча

0

1

0

1

— Эстонiя

0

1

0

1

18. Аўстрыя

0

0

1

1

— Расiя

0

0

1

1

— Харватыя

0

0

1

1

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика