Хто павiнен выбiраць памiж электроннай i папяровай дэкларацыяй?
Павел БЕРАСНЕЎ
"У сястры прыватнае ўнiтарнае прадпрыемства, ёй патэлефанавалi з падатковай i заявiлi, што да сакавiка ўсе юрыдычныя асобы павiнны перайсцi на электроннае дэклараванне. Каштуе гэта 320 тысяч, а такiя грошы на дарозе не валяюцца. Падкажыце, калi ласка, гэта сапраўды так цi проста спроба выканаць план?" — на такое пытанне я наткнуўся нядаўна ў iнтэрнэце, дзе хлопец прасiў парады ў калектыўнага розуму.
У прынцыпе, спачатку я не надаў такому пытанню ўвагi, бо электроннае дэклараванне мае цалкам добраахвотны характар, а ў гэтым канкрэтным выпадку, можа, прадпрымальнiк i падатковы iнспектар проста няправiльна адзiн аднаго зразумелi. Аднак лiтаральна праз дзень я пачуў аналагiчную скаргу, праўда, ужо не вiртуальную, а досыць рэальную. На прэс-канферэнцыi, якая праводзiлася ў Мiнскiм сталiчным саюзе прадпрымальнiкаў i працадаўцаў, сваё меркаванне пра электроннае дэклараванне выказала Таццяна Казлоўская, старшыня грамадскага аб'яднання прадпрымальнiкаў Магiлёўскай вобласцi:
— Не ўсе добрыя прапановы бiзнэс-супольнасцi прыносяць станоўчы эфект. У Нацыянальнай платформе бiзнэсу-2009 была наша прапанова, каб увесцi электроннае дэклараванне i палегчыць такiм чынам жыццё, а гэта павярнулася нейкiмi праблемамi для прадпрымальнiкаў i прадпрыемстваў. Электроннае дэклараванне ўвялi, усё цудоўна, але ў той жа час яно носiць платны характар (трэба купiць праграму), да таго ж, пачалi ўсiх абавязваць на яго падключацца. Выклiкаюць нават дробных прадпрымальнiкаў, якiя займаюцца рамонтам абутку i камп'ютара не бачылi, i прымушаюць падключацца на электроннае дэклараванне, а за гэта трэба заплацiць каля 300 тысяч. Потым трэба падтрымлiваць гэтую праграму i плацiць яшчэ грошы. А гэтаму прадпрымальнiку трэба проста 4 разы на год аднесцi дэкларацыю ў падатковую iнспекцыю. Вось i ўзнiкаюць праблемы, хоць, здаецца, добрая прапанова была, — падзялiлася Таццяна Казлоўская з журналiстам праблемамi магiлёўскага рэгiёна, дзе, дарэчы, за студзень 2010 года да сiстэмы электроннага дэкларавання далучылiся 558 суб'ектаў гаспадарання, у тым лiку i 153 ІП (па звестках з сайта Мiнiстэрства па падатках i зборах).
А вось старшыня Беларускага саюза прадпрымальнiкаў Аляксандр Калiнiн расказаў, што члены яго саюза з прымусовым пераходам на электроннае дэклараванне не сутыкалiся:
— Так, у падатковых iнспекцый могуць быць указаннi, але нам нiхто не скардзiўся. Такой iнфармацыi, што кагосьцi недзе прымушаюць, у нас няма. Вядома ж, прапануюць, але прапанаваць — гэта правесцi агiтацыю, а каб прымушалi — такога няма, — сказаў Аляксандар Фядотавiч. — Пераход на электроннае дэклараванне павiнен быць добраахвотным, але тут для малога бiзнэсу нязручны кошт — у некаторых выпадках запоўнiць паперкi i адвезцi атрымлiваецца больш танна, хоць электроннае дэклараванне — больш перспектыўная форма. Але я, напрыклад, ставiў бы пытанне так: паколькi пераход на электроннае дэклараванне выгадны для дзяржавы з-за знiжэння выдаткаў на апрацоўку папяровай карэспандэнцыi, то такая працэдура павiнна быць бясплатная для падаткаплацельшчыка.
Каб атрымаць iнфармацыю, як кажуць, "з першых рук", я патэлефанаваў у Мiнiстэрства па падатках i зборах. Ала Германовiч, намеснiк начальнiка галоўнага ўпраўлення iнфармацыйных тэхналогiй, расказала, што перавагi электроннага дэкларавання перш за ўсё ў зручнасцi i эканомii часу для плацельшчыкаў, аднак каштаваць гэта будзе для юрыдычных асобаў каля 300 тысяч, а для фiзiчных асобаў — 113 тысяч. Прычым Ала Iванаўна запэўнiла, што гэта цалкам добраахвотна:
— Паслуга цалкам добраахвотная. Калi i ёсць нейкiя планы перад падатковымi органамi прыцягнуць пэўную колькасць плацельшчыкаў, то гэта ўсяго толькi планы падатковых органаў, а так гэта добраахвотнае жаданне самога суб'екта гаспадарання.
Пагаварыць на гэтую тэму ўдалося i з Сяргеем Шкутом, начальнiкам аддзела iнфармацыйна-тлумачальнай працы Мiнiстэрства па падатках i зборах:
— Сяргей Пятровiч, цi ёсць факты прымусу да пераходу на электроннае дэклараванне?
— Гэтая тэма ўжо аскому нагнала i, шчыра кажучы, надакучыла. Каго i дзе прымушаюць — нiхто не ведае. Для таго каб паменшыць выдаткi плацельшчыкаў пры падачы дэкларацыi, падатковыя органы прапануюць, падкрэслiваю — прапануюць, падключыцца на электроннае дэклараванне, якiм карыстаюцца плацельшчыкi ва ўсiм свеце. Нiхто пагалоўна не прымушае туды iсцi, бо няма на тое падстаў. Вы можаце падаваць дэкларацыю як у электронным варыянце, так i ў папяровым, калi вы лiчыце, што такi варыянт для вас найбольш зручны. А электроннае дэклараванне ўводзiцца ў першую чаргу для таго, каб скарацiць выдаткi пры падачы дэкларацыi: каб вы меней хадзiлi ў падатковы орган i больш часу займалiся сваёй працай. А хочацца марнаваць час, трацiцца на бензiн i гэтак далей — калi ласка, гэта ваш выбар....
— А што скажаце наконт кошту новай паслугi?
— Што датычыцца кошту, то асноўны цяжар яго ляжыць на электронным носьбiце, у якога досыць сур'ёзная ступень абароны. Нi па- датковы орган, нi дзяржава на гэтым асаблiвых грошай не зарабляюць. Тут аснова — менавiта той ключ i тое праграмнае забеспячэнне.