Наталля Пяткевіч пра СМІ: Хто плаціць, той і замаўляе музыку
Міністэрства інфармацыі 16 лютага зладзіла семінар «Роля СМІ ў забеспячэнні канстытуцыйных правоў грамадзянаў пры правядзенні выбарчых кампаній». На мерапрыемства былі запрошаныя, як прадстаўнікі дзяржаўных, так і недзяржаўных выданняў.
VIP‑госцем семінару была першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч. Ёй і было дадзенае вітальнае слова. Яна адразу прапанавала прысутным выступаць седзячы. Перш-наперш Пяткевіч зазначыла, што любое рэзананснае пытанне, а тым больш палітычная кампанія з’яўляюцца праверкай СМІ на прыстойнасць.
Пяткевіч з сумам канстатавала: часам напярэдадні выбараў СМІ нагадваюць «блышыны рынак, дзе ўсё прадаецца гуртам і ўраздроб». Чыноўніца зазначыла, што беларускія выданні робяць крэн у бок «клубнічкі і жаўцізны», а за пошукам «смажаных» фактаў не заўсёды бачныя сур’ёзныя тэмы.
Яна прывяла прыклад, як адна неназваная газета змясціла на сваіх старонках фатаграфію чыноўніка з былой жонкай. На думку Пяткевіч, журналіст нават не падумаў, што парушае правы гэтай жанчыны.
Таксама Пяткевіч акцэнтавала сваю ўвагу на асвятленні ў СМІ сітуацыі з свіным грыпам у лістападзе летась. Яна зазначыла, што інфармацыя аб росце хваробы дазавалася, каб не ствараць залішняга хвалявання, калі для яго няма прычын. «А вось незалежныя СМІ пачыналі раздуваць скандал, уносячы каласальную сумяціцу», — сказала Н.Пяткевіч.
Генеральны дырэктар прадпрыемства tut.by Юры Зісер на гэта парыраваў: чаму дзяржаўныя ўстановы адмаўляліся даваць якую‑небудзь інфармацыю пра эпідэмію, а дзяржаўныя выданні занялі пазіцыю маўчання. Можа ў адваротным выпадку і не здарылася б ніякай панікі.
«Я згодная. Я пра гэта доўга думала. Можа сапраўды варта было даваць больш інфармацыі», — сказала першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Адразу ж Пяткевіч расказала, што цягам двух дзён глядзела навіны на тэлеканале CNN. На яе погляд, навіны там падаюцца цікава, але абсурдна. Яна прывяла прыклад з Білам Клінтанам, калі першы дзень тэлеканал трубіў, што былы прэзідэнт ЗША трапіў у шпіталь, а на наступны дзень — пра ягоную выпіску.
«Мне было смешна гэта глядзець. Я не выключаю, што дзесьці там людзі хвалююцца за лёс Клінтана. Але ў нас няма такой традыцыі. Мы, канечне, можам таксама даваць інфармацыю, каму з міністраў стала кепска, хто адчуў недамаганне, але ў гэтым няма ніякай патрэбы і сэнсу», — сказала Н.Пяткевіч.
Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі на мерапрыемстве адсутнічаў. Яго замяняла намесніца Лілія Ананіч. Яна данесла інфармацыю адносна перарэгістрацыі СМІ. «250 выданняў не заявілі аб сваім жаданні працягваць працу. Адначасова з’явілася 150 новых СМІ», — зазначыла Л.Ананіч.
Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына адразу сказала, што грамадства бачыць выбары такімі, як іх прыносяць СМІ, а не такімі, якія яны ёсць насамрэч.
«У нас больш папулярная жоўтая прэса, якая піша на зразумелыя людзям тэмы. Дзяржаўным СМІ ў гэтым плане цяжэй. Тым не менш, існуе дзяржаўны заказ на асвятленне некаторых мерапрыемстваў, у тым ліку выбараў», — сказала Л.Ярмошына.
Старшыня ЦВК сфарміравала для сябе тры правілы, як журналісты павінны асвятляць выбары:
1. Асвятляць рэгулярна, але не празмерна;
2. Засяроджвацца на дэталях і падрабязнасцях, а не на агульнай інфармацыі;
3. Менш заклікаў, а больш канкрэтыкі.
Сярод парушэнняў, якія робяць СМІ падчас выбараў, Ярмошына назвала «купюры выступаў кандыдатаў на радыё і ТБ, а таксама апублікаванне праграм, якія перавышаюць дазволены аб’ём». Змагацца ж з гэтым павінна Назіральная Рада пры ЦВК, але на мясцовыя выбары яна створаная не будзе.
Заўвагі кшталту, чаму ў дзяржаўных СМІ дзейнасць апазіцыі паказваецца толькі з адмоўнага боку, а на тэлеканалах мільгаюць толькі адны твары, парушэннем заканадаўства лічыцца не будуць, бо «журналіст мае права на сваю ўласную пазіцыю».
Рэдактар БДГ Пятро Марцаў абурыўся, што пра якую аўтарскую пазіцыю можна гаварыць, калі ўсе электронныя СМІ цалкам манапалізаваныя дзяржавай. І пра роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў гаварыць проста немагчыма.
«Абсалютна кожны журналіст мае права на сваю прыватнае меркаванне. У кожнага СМІ ёсць нейкі заснавальнік. Хто плаціць, той і замаўляе музыку. Калі ты працуеш у дзяржаўным СМІ, то гэта ўжо твой выбар», — сказала на гэта Н.Пяткевіч.
Пяткевіч прызналася, што ёй як звычайнай глядачцы не хапае на тэлебачанні грамадска‑палітычных дыскусійных праграм, дзе абмяркоўваліся б праблемы эканомікі, палітыкі, культуры. «Я засумавала ад добрага стылю ў журналістаў», — зазначыла яна.
«Ну вось Якубовіч добра піша, —працягнула Л.Ярмошына. — Толькі калі ён піша слова «труізм», то я адчуваю ўласную непаўнавартасць».