Анжаліка Борыс аштрафавана на 1 млн рублёў
Лідэр неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс аштрафавана на 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыс. рублёў).
Суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў яе вінаватай у арганізацыі 10 лютага ў Гродне несанкцыянаванага мітынгу ў падтрымку Івянецкай арганізацыі СПБ, якую узначальвае Тэрэса Собаль.
Старшыня галоўнага штаба СПБ Анджэй Пачобут за арганізацыю мітынгу асуджаны на пяць сутак арышту.
Пакаранне ў выглядзе пяцісутачнага арышту сёння атрымалі таксама актывісты арганізацыі Ігар Банцэр, Мечыслаў Яскевіч і Анджэй Пісальнік.
Усяго, паводле інфармацыі намесніка старшыні неафіцыйнага СПБ Анжалікі Арэхва, у гэты дзень у розных месцах Беларусі было затрымана прыкладна 40 актывістаў аб’яднання. Яны накіроўваліся ў суд Валожынскага раёна, каб падтрымаць Тэрэсу Собаль, якая абвінавачваецца ў захопе Дома польскага ў Івянцы. Усе затрыманыя хутка былі адпушчаны.
У каментары БелаПАН Анжаліка Борыс назвала затрыманні і суды «чарговым актам націску на незалежнае грамадскае аб’яднанне і яго актывістаў». Яна таксама паведаміла, што ў сувязі з арыштамі актывістаў СПБ можа не адбыцца яе сустрэча з прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім. Наведаць Варшаву Борыс збіралася на гэтым тыдні, ініцыятарам сустрэчы выступіў Качыньскі.