Запавет слуцкага князя даносяць евангельскiя словы
Гэта вялiкая кнiга — сур'ёзнага памеру, тоўстая, у чырвонай вокладцы са срэбрам — адразу прыцягнула ўвагу. На Мiнскай мiжнароднай выставе-кiрмашы яна выстаўлена — пад шклом, нiбыта рарытэт, на якi дазволена глядзець здалёк i не дыхаць...
Гэта Вялiкая кнiга. Адна з найвялiкшых святыняў праваслаўнай Беларусi — легендарнае Слуцкае Евангелле, унiкальны рукапiсны помнiк XVI стагоддзя, якi лiчыцца такiм жа сiмвалам духоўнага адраджэння нацыi, як i крыж прападобнай Ефрасiннi Полацкай.
Але гэта кнiга, якую можна пабачыць на выставе, — цудоўная копiя, выкананая па-мастацку. Факсiмiльнае выданне Слуцкага Евангелля стала з'явай у культурным жыццi краiны, за што калектыў, якi працаваў над iм, атрымаў прэмiю Прэзiдэнта "За духоўнае адраджэнне".
Насамрэч, цяпер мы маем два цуды: сама вялiкая кнiга, якая доўгiя гады лiчылася страчанай, i яна ж у сваёй другой iпастасi — адноўленая i больш даступная для людзей.
Святое Евангелле асабiста стварыў у 1581 годзе князь Юрый Алелькавiч, нашчадак святой праведнай Сафii Слуцкай. Сваёй працай па стварэннi Евангелля Юрый Алелькавiч засведчыў сваю веру, адданасць праваслаўнай веры i традыцыям сваiх богалюбiвых продкаў. Фактычна Евангелле стала запаветам Слуцкага князя.
Рукапiс захоўваўся ў рызнiцы Слуцкага Свята-Троiцкага манастыра. Пасля рэвалюцыi 1917 года Слуцкае Евангелле патрапiла ў дзяржаўны музей у Мiнску, а ў 1929 годзе яго перадалi на захаванне ў дзяржаўны магiлёўскi музей. На пачатку вайны манускрыпт з iншымi каштоўнымi экспанатамi быў вывезены з музея i бясследна знiк. Разам з iм быў i крыж святой Ефрасiннi...
Доўгi час Слуцкае Евангелле лiчылася страчаным. Калi б не цуд... Аднойчы прыхаджанка адной з мiнскiх цэркваў аддзячыла святара за адпяванне роднага — перадала ў дар старажытны рукапiс. А ў 2003 годзе падчас правядзення дзясятых Мiнскiх епархiяльных чытанняў Мiтрапалiт Фiларэт прадставiў святыню, якую царква атрымала зноў, — Слуцкае Евангелле, якое дзiўным чынам захавалася. Цяпер арыгiнал Слуцкага Евангелля знаходзiцца ў дамавой царкве Сабора беларускiх святых пры Мiнскiм епархiяльным упраўленнi.
Аднак тое, што правамерна належыць царкве, павiнна было стаць здабыткам для ўсiх. Нацыянальная бiблiятэка Беларусi выступiла з iнiцыятывай стварэння электроннай копii Слуцкага Евангелля. Уладыка Фiларэт даў сваё блаславенне на ажыццяўленне такога праекта. Пачалася сумесная навукова-даследчыцкая праца Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi i Iнстытута мовы i лiтаратуры Нацыянальнай акадэмii навук. Даследчыцкая праца атрымала назву: "Слуцкае евангелле XVI стагоддзя як помнiк моўнай спадчыны беларускага народа". У гэтай працы ўпершыню ў айчынным мовазнаўстве праведзены комплексны лiнгвiстычны аналiз рукапiсу.
Факсiмiльнае выданне Слуцкага Евангелля, падрыхтаванае i выпушчанае выдавецтвам Беларускай праваслаўнай царквы ў 2009 годзе, — гэта практычна дакладная копiя рукапiснага помнiка. Нават застаўкi, пачатковыя лiтары загалоўкi аформлены традыцыйным геаметрычным i раслiнным арнаментам з выкарыстаннем кiнавары i золата. Арнаменты, выкарыстаныя ў афармленнi пераплёту, адпавядаюць традыцыям слуцкай зямлi XVI—XVII стагоддзяў. Ашчаднае аднаўленне ўсiх асаблiвасцяў аўтэнтычнага арыгiнала, дакладнае паўтарэнне здзейснена ў поўнай адпаведнасцi з першакрынiцай.
Але гэта помнiк не толькi для нас. Гэта кнiга цяпер можа стаць выдатнай памяццю пра нас. Патрыярх Кiрыл быў першы, хто атрымаў яе ў падарунак з рук Прэзiдэнта ад iмя беларускага народа.
Цяпер выдавецтва рыхтуецца да выдання яшчэ адной вялiкай беларускай святынi — Полацкага Евангелля.
Дырэктар выдавецтва Беларускай праваслаўнай царквы Уладзiмiр Грозаў:
— Калi iдзе змаганне дабра са злом, то вядома, што ў кожнай армii павiнен быць свой штандар. Духоўныя сiмвалы — Слуцкае Евангелле, крыж Ефрасiннi Полацкай — увасабляюць нашу старажытную духоўную традыцыю. Яны ўсяляюць упэўненасць у нашай перамозе — перамозе дабрынi. Дзеля гэтага працавала наша выдавецтва, калi рыхтавала факсiмiльнае выданне Слуцкага Евангелля. А цяпер мы ўзялiся за новы ўнiкальны праект — аднаўленне Полацкага Евангелля: 1164 год, пяро Ефрасiннi Полацкай. Гэта "белая пляма" ў гiсторыi нашага народа. Яго аднаўленне, апiсанне i ўсё, што было звязана з iм, — вялiкi падарунак. Таму што шмат гадоў была спроба атрымаць гэтую святыню i зрабiць набыткам народа. Але толькi цяпер гэта стала магчымым. Мы наладзiлi супрацоўнiцтва з расiянамi, група нашых навукоўцаў будзе вывучаць гэты помнiк. Будуць зробленыя электронныя здымкi гэтага фалiянта. Цiкавасць да гэтага рарытэта бязмежная. Праз яго мы спадзяёмся адкрыць вялiкi пласт нашай гiсторыi.
Ларыса ЦIМОШЫК.