Масла i сыр —асноўныя абрадавыя стравы Масленiцы
Масленiца вылучалася сярод астатнiх святаў народнага календара сваёй эмацыйнай узнёсласцю, празмерна багатым сталаваннем i гасцяваннем, выкарыстаннем вялiкай колькасцi рытуальных i побытава-ўжытковых прадметаў. Усё гэта вымагала рыхтавацца да свята загадзя.
l Абавязковай абрадавай стравай тыднёвага святкавання быў сыр. Даволi часта яго пачыналi гатаваць яшчэ з восенi, перад тым, як "запусцiць" карову (у Чэрвеньскiм раёне так называлi той пераходны момант, калi на працягу тыдня спачатку скарачалi колькасць даенняў, а затым i зусiм пераставалi даiць карову, каб яна набрала сiлы перад ацёлам).
l Сыр гатавалi наступным чынам. Трэба было назбiраць з дзясятак збаноў кiслага малака, паставiць iх на дзень у добра напаленую печ. Адтопленае малако адцэджвалi i клалi ў клiнок (з марлi або тонкага палатна шылi невялiкiх памераў клiнападобны мех) пад груз. Праз некалькi дзён адцiснуты сыр выкладвалi ў ночвы i перамешвалi разам з соллю, цукрам i яйкамi, потым з гэтага "цеста" рабiлi невялiкiя "пiражкi" i ставiлi ў печ, каб крыху абсмажыць цi падсушыць. Пасля гэтага сыр складвалi ў бочачку або глiняны посуд (макацёр) залiвалi падсоленым растопленым маслам i ставiлi ў склеп.
l Другую абрадавую страву — масла — гатавалi непасрэдна перад святам. Наша мацi Е.А. Крук (аўтара — І.К.) загадзя збiрала дзесяць-дванаццаць збаноў малака, праз некалькi дзён яно пракiсала. Зверху збiралi даволi тоўсты слой тлустай смятаны i вылiвалi яе ў маслабойку. Затым мы з братамi працяглы час выконвалi аднастайна-манатонную працу. Да якiх толькi хлапечых хiтрыкаў мы не прыбягалi, каб паскорыць марудны працэс: i скарынку хлеба кiдалi ў маслабойку, i хрысцiлi яе трайнымi крыжамi, i нават па бабулiнай падказцы гаварылi нейкiя чароўныя словы... Гэта было нi з чым не параўнальнае цудадзейства, калi з асобных драбнiчак паступова крышталiзавалiся маленькiя камячкi масла. Iх перакладвалi ў глiняны посуд i акуратна, рукамi, выцiскалi жывiцу-сыроватку. Гатовае масла клалi ў мiсу, перацiралi з соллю, драўлянай лыжкай разгладжвалi i залiвалi зверху халоднай вадой. У склепе так яно магло захоўвацца даволi працяглы час.
Iснуе цэлы шэраг сакрэтаў, якiя, па меркаваннi нашых продкаў, павiнны былi спрыяць паспяховаму прыгатаванню масла. Узгадаем толькi некаторыя з iх:
— калi перад тым, як пачаць збiваць масла, кiнуць некалькi крупiнак солi у печ, у якой гарыць агонь, то справа пойдзе вельмi хутка;
— няможна з маслабойкаю сядзець пад сукаватай бэлькаю, бо масла не саб'ецца;
— калi масла не б'ецца, то найлепш у бойку ўткнуць iголку;
— масла будзе пенiцца i дрэнна збiвацца, калi на небе Маладзiк. Масла лепш збiваць пры старым Месяцы.
Аксана Катовiч, Янка Крук.