Кааперацыя без межаў

Источник материала:  

Іран гатовы да супрацоўнiцтва з Беларуссю ў любой сферы

У дзвюх краiн, несумненна, шырокая прастора для ўзаемадапаўнення. Рэальныя абрысы набывае супрацоўнiцтва ў нафтавай сферы. Першым дзецiшчам яго стане радовiшча Джафэйр. Праект па сумеснай здабычы нафты iдзе поўным ходам. "Многiя праблемы ужо вырашаныя, засталiся некаторыя арганiзацыйныя пытаннi, — паведамiў пасол Iрана ў Беларусi Сеед Абдала Хасейнi. — Мяркуем, што на працягу наступных пяцi месяцаў пачнецца прамысловая здабыча нафты". Канкрэтныя тэрмiны залежаць непасрэдна ад работы беларускiх i iранскiх спецыялiстаў у нафтавай сферы. Аднак, паводле папярэднiх разлiкаў, гэта адбудзецца летам. Адпаведна ў гэты час i можна чакаць вiзiту беларускага лiдара ў Iран. Кiраўнiкi абедзвюх дзяржаў, як чакаецца, возьмуць удзел у цырымонii адкрыцця.

На старце плануецца здабываць пяць тысяч барэляў у дзень, да канца ж праекта павiнны дасягнуць узроўню 30 тыс. барэляў у дзень, — расказаў кiраўнiк дыпмiсii. Рэалiзоўвацца сумесна здабытае "чорнае золата" будзе цераз нацыянальныя арганiзацыi нафты Iрана. Работа на радовiшчы Джафэйр — не адзiны сумесны беларуска-iранскi праект у нафтавай сферы. Паводле слоў дыпламата, ёсць накiды i iншых.

На наступным тыднi ў Мiнску адбудзецца пасяджэнне сумеснай беларуска-iранскай камiсii па транспарце i камунiкацыях. Перамовы пройдуць на ўзроўнi кiраўнiкоў профiльных ведамстваў абедзвюх краiн. Прадметам абмеркавання стане супрацоўнiцтва па розных кiрунках, не застануцца без увагi нi аўта-, нi авiя-, нi чыгуначныя шляхi зносiнаў. Адно з самых цiкавых пытанняў для разгляду — адкрыццё прамога авiярэйсу, якi звяжа сталiцы дзвюх сяброўскiх дзяржаў. "Спадзяёмся, гэта пытанне будзе вырашанае станоўча", — адзначыў пасол. Ён запэўнiў, што Iран хоча развiваць супрацоўнiцтва з Беларуссю ў транспартнай сферы наогул — па ўсiх вiдах, у тым лiку i ў чыгунцы. "Мы гатовыя выкарыстоўваць усе магчымасцi Беларусi ў гэтым кiрунку", — заключыў дыпламат.

Досыць перспектыўнай галiной кааперацыi застаецца аўтамабiлебудаванне. Сумесны праект "ЮНIСОН" (адзiны ў Беларусi завод па вырабе легкавых аўто), якi, паводле слоў дыпламата, дагэтуль быў не вельмi рэнтабельны, цяпер, са стварэннем Мытнага саюза, апынецца ў больш выгадным становiшчы. Ужо нават дасягнутая дамоўленасць, каб вырабляць у Беларусi яшчэ два вiды аўтамабiляў (апроч Самандаў). "Гэта той мiнiмум, якi мы пакуль паспелi зрабiць, — адзначыў пасол. — Мяркую, у будучынi мы змаглi б дасягнуць больш шырокага супрацоўнiцтва ў галiне аўтамабiлебудавання". У сваю чаргу ў Iране паспяхова функцыянуе прадпрыемства па зборцы МАЗаў, плануецца арганiзаваць падобныя вытворчасцi яшчэ ў двух гарадах.

Беларусь цiкавая для Iрана, натуральна, i як сельскагаспадарчы вытворца.

— Мы iмпартуем з Беларусi мясную i малочную прадукцыю, — нагадаў iранскi дыпламат. — Раней iмпартавалi мяса з Бразiлii, Новай Зеландыi. Цяпер паспрабуем патрэбу ў мясе задаволiць па большай частцы пастаўкамi з Беларусi.

А патрэба ў краiны — ого-го: паводле слоў спадара Хасейнi, Iран гатовы закупляць мяса нават у большых аб'ёмах, чым наогул вырабляе Беларусь. Ён дадаў, што у адпаведнасцi з раней дасягнутымi двухбаковымi дамоўленасцямi, для забеспячэння сваiх патрэбаў краiны пры выбары прадукцыi аддаюць перавагу адна адной. Натуральна, не апошнюю ролю ў гэтым адыгрываюць суадносiны кошту i якасцi: варта, каб яны былi канкурэнтаздольныя ў параўнаннi з iншымi краiнамi. "Зыходзячы з гэтых дамоўленасцяў, наш таваразварот павiнен быць павялiчаны на некалькi мiльярдаў долараў", — рэзюмаваў кiраўнiк дыпмiсii.

Пасол згадаў таксама пра напрацоўкi па адкрыццi iранскага гандлёвага дома ў нашай краiне, i выказаў спадзяванне, што ў хуткiм часе гэты праект будзе рэалiзаваны. Распавёў ён i пра планы па правядзеннi iранскай гандлёва-эканамiчнай выставы ў Беларусi. Ён праiнфармаваў, што ў адпаведнасцi з падпiсанымi iнвестыцыйнымi дамовамi будуць рэалiзоўвацца сумесныя беларуска-iранскiя праекты на суму каля трох мiльярдаў долараў. Тыя ж, якiя ўжо рэалiзуюцца, ацэньваюцца прыблiзна ў адзiн мiльярд.

Не хлебам адзiным, як кажуць, жывыя адносiны. Духоўная блiзкасць дзвюх краiн таксама падтрымлiваецца, запланавана правесцi днi культуры Iрана ў Беларусi. Увогуле ж узаемадзеянне ў самых розных сферах, паводле ацэнкi дыпламата, iмклiва развiваецца. "Распачатая ўжо гутарка i папярэдняя работа для супрацоўнiцтва ў многiх галiнах: энергетыцы, машынабудаваннi, будаўнiцтве, сельскай гаспадарцы, рабоце на радовiшчах, гандлi, адукацыi, навуцы i тэхналогiях". Цi возьмуць iранскiя спецыялiсты ўдзел у будаўнiцтве беларускай АЭС? "Калi будзе такая просьба з беларускага боку, мы абавязкова дапаможам", — запэўнiў пасол Iрана. "Пакуль канкрэтнага супрацоўнiцтва ў гэтай галiне не было, аднак для нас няма нiякiх абмежаванняў па супрацоўнiцтве з Беларуссю ў якой бы там нi было сферы".

Ала МАЧАЛАВА.

←Чтит, как читает

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика