Губернатар дапаможа... бамжам
Cтаршыня Вiцебскага аблвыканкама Аляксандр КОСIНЕЦ запатрабаваў ад кiраўнiкоў райвыканкамаў i гарвыканкамаў, доўга не зацягваючы, рэальна дапамагчы бяздомным. Толькi ў Вiцебску, паводле звестак Упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, не менш чым 80 бамжоў. Але губернатар сумняваецца ў тым, што гэтая колькасць адпавядае рэчаiснасцi.
Кiраўнiк вобласцi падчас каардынацыйнага пасяджэння па барацьбе са злачыннасцю i карупцыяй, якое адбылося ў чацвер у аблвыканкаме, даў даручэннi сабраць гэтых людзей i высветлiць, як яны трапiлi на вулiцы, цi ёсць у iх сваякi, хто з iх хоча працаўладкавацца, каму, калi трэба, неабходна медыцынская дапамога.
— Хто прывык збiраць бутэлькi, здаваць макулатуру, хай працуюць на лiнiях па перапрацоўцы смецця, — адзначыў губернатар. — Некаторыя "зоркi" мастацтва былi ў свой час бамжамi. Нельга быць абыякавымi да лёсу гэтых людзей. Трэба высветлiць, якiя ў бяздомных спецыяльнасцi. Тыя ж будаўнiкi вельмi запатрабаваныя.
Каб даць дах над галавой бяздомным, якiя захочуць з нуля пачаць сваё жыццё, губернатар прапаноўвае выдзяляць iм жыллё ў сельскай мясцовасцi.
— У вобласцi каля 3,5 тысячы дамоў у вёсках пустуюць, — працягвае губернатар. — I 400 новых дамоў не заселеныя. З тымi, хто не хоча мяняць сваё жыццё, размова асобная. Iх можна прыцягнуць i да крымiнальнай адказнасцi за розныя парушэннi закона.
Губернатар патрабаваў правесцi адпаведную работу не толькi ў абласным цэнтры, але i ў цэлым па вобласцi.
Аляксандр ПУКШАНСКI.