Беларуская песня ў Беластоку
У сапраўднае свята для жыхароў усяго Беластока ператварыўся заключны гала-канцэрт ХVІI агульнапольскага фестывалю "Беларуская песня 2010", якi адбыўся 7 лютага ў Драматычным тэатры iмя А. Венгеркi.
Гэты фестываль, як i ўсе папярэднiя, ладзiла Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Беластоку, якое ўжо не першы год узначальвае Ян Сычэўскi. Шмат дзясяткаў самадзейных мастацкiх калектываў i асобных выканаўцаў змагалiся за перамогу ў фестывалi i толькi каля 30 з iх сталi ўдзельнiкамi заключнага канцэрта. Прыемна, што на сцэну тэатра выходзiлi не толькi сталыя захавальнiкi беларускiх народных традыцый, але i моладзь, якая годна падтрымлiвае песенны рух. Па традыцыi перад гледачамi выступiў калектыў з Беларусi. На гэты раз iм быў наш знакамiты ансамбль народнай песнi "Купалiнка" на чале з мастацкiм кiраўнiком Аленай Цяльковай. А напрыканцы ўсе ўдзельнiкi канцэрта разам з гледачамi па традыцыi выканалi своеасаблiвы гiмн беластоцкiх беларусаў — песню на словы Канстанцыi Буйло "Люблю наш край".
Сваю прыхiльнасць да агульнапольскага фестывалю беларускай песнi засведчылi сваёй прысутнасцю на заключным канцэрце многiя прадстаўнiкi мясцовых i цэнтральных органаў улады Польшчы i Беларусi. Пасол Беларусi ў Польшчы Вiктар Гайсёнак абвясцiў прывiтанне ўдзельнiкам i гасцям ад урада нашай краiны.
Максiм СЯБРОЎ.
.