Выйграў мiльярд у латарэю? Маеш права атрымаць яго без агалоскi

Источник материала:  

Сям'я мiнчан Навуменкаў выпiсвае i паважае "Звязду". Больш за тое, глава Пётр Андрэевiч дастаткова рэгулярна адрасуе нам розныя пытаннi, якiя, трэба падкрэслiць, даволi часта маюць, як мы ўжо неяк зазначалi, не вузкае, а шырокае грамадскае гучанне. Да бацькi зараз далучыўся i сын Уладзiмiр Пятровiч, якi, трэба меркаваць, будзе не менш актыўным нашым рэспандэнтам. Вось якiя першыя пытаннi мы атрымалi ад яго.

"Нядаўна па тэлебачаннi паказвалi чалавека, што выйграў у латарэю мiльярд рублёў. У гэтай сувязi ў мяне ўзнiклi пэўныя меркаваннi. Раней, у савецкiя часы, самым буйным выйгрышам быў аўтамабiль "Волга"... Але мiльярд рублёў (!) — гэта каля васьмi трохпакаёвых кватэр аднаму чалавеку! Гэта восем удзельнiкаў латарэi можна было б узнагародзiць кватэрай... Пры такiх памерах аднаго выйгрышу астатнiя ўдзельнiкi нiчога не атрымаюць. Але можна было б абмежаваць памер аднаго выйгрышу, скажам, трохпакаёвай кватэрай. У ЗША таксама разыгрываюць вельмi буйныя выйгрышы, але там маштабы эканомiкi iншыя i ўзровень жыцця iншы... Гэта адзiн бок пытання — "маральны". А ёсць i iншы бок — крымiнальны. Ну навошта паказваць гэтага чалавека па тэлебачаннi? Каб усе бандыты краiны i далёкага замежжа запомнiлi яго ў твар? А ён жа просты чалавек, у яго няма ўзброенай аховы, як няма ў яго дзяцей i ўнукаў. Для рэкламы дастаткова было б абвясцiць, што нехта выйграў мiльярд i ўсё. А на сайце "Суперлато" ёсць спiс усiх пераможцаў з пазначэннем iмя, прозвiшча, горада. Так, напрыклад, нехта Д.В. (iмя i прозвiшча там пазначаны цалкам) з Гомеля выйграў 600 мiльёнаў рублёў. Празрыстасць вынiкаў розыгрышу — гэта добра, але не да такой жа ступенi. Для забеспячэння кантролю за вынiкамi розыгрышу дастаткова было б, напрыклад, паведамiць прозвiшчы ў Камiтэт дзяржкантролю".

Такое вось меркаванне Уладзiмiра Пятровiча Навуменкава. Магчыма, у нечым спрэчнае, дзесьцi не вельмi аргументаванае, але ж... Думаецца, хоць бы раз нешта падобнае задаваў сам сабе i блiзкiм любы чалавек, якi ведае пра iснаванне латарэй. Таму мы палiчылi, што адказы на гэтыя пытаннi будуць цiкавымi многiм нашым чытачам. З гэтай нагоды накiравалi запыт у Мiнiстэрства спорту i турызму, якое з'яўляецца заснавальнiкам унiтарнага прадпрыемства па арганiзацыi латарэй "Нацыянальныя спартыўныя латарэi".

На жаль, у мiнiстэрстве першую частку пытанняў — пра памеры выйгрышаў i iх колькасць — чамусьцi праiгнаравалi. Рызыкнём адказаць самi. Па прынцыпе: колькi гульцоў, удзельнiкаў латарэi — столькi ж i меркаванняў. Аднаму, умоўна кажучы, прыемна выйграваць па рублю, але цi не ў кожным розыгрышы. А хтосьцi хоча няхай адзiн раз у жыццi, але самы буйны выйгрыш, што можа быць. Як дагадзiць усiм? Таму i разыгрываюцца як буйныя прызы, якiх сапраўды, магчыма, не вельмi шмат, так i значная колькасць меншых. А каму якi пашчасцiць выйграць — на тое i латарэя.

Што датычыцца другой часткi пытанняў — адносна публiчнага i шырокага агучвання iмёнаў гульцоў латарэi, якiм пашчасцiла выйграць буйныя прызы або ў выглядзе матэрыяльных каштоўнасцяў (кватэра, аўтамабiль i г.д.), або ў выглядзе буйных сумаў грошай — мы дадаткова ад рэдакцыi папрасiлi на iх падрабязнага адказу. Цi можа такi чалавек адмовiцца ад уласнай шырокай рэкламы хоць бы з пункту погляду сваёй бяспекi, як пра тое пiша наш заяўнiк? Калi грамадзянiн прыняў такое рашэнне — не афiшыраваць сваё iмя, якi лёс чакае прыз, што ён выйграў? Цi часта шчаслiвыя гульцы скарыстоўваюць шанц застацца невядомымi для шырокай грамадскасцi?

"У адпаведнасцi з падпунктам 4.5 пункта 5 Інструкцыi аб парадку правядзення латарэй у Рэспублiцы Беларусь i паступлення ў рэспублiканскi бюджэт грашовых сродкаў, атрыманых ад правядзення рэспублiканскiх i мiжнародных латарэй, зацверджанай пастановай Мiнiстэрства фiнансаў ад 27 жнiўня 2007 года № 125, а таксама пунктам 54 Iнструкцыi па правядзеннi Беларускай рэспублiканскай нацыянальнай спартыўнай латарэi "Суперлато", зацверджанай пастановай Мiнiстэрства спорту i турызму ад 7 снежня 2004 года № 9, распаўсюджванне iнфармацыi аб уладальнiках выйгрышных латарэйных бiлетаў без iх згоды не дапускаецца.

Асабiстая iнфармацыя аб пераможцах латарэi "Суперлато" размяшчаецца ў сродках масавай iнфармацыi выключна з iх пiсьмовай згоды. Пры гэтым выдача выйгрышу ўдзельнiку латарэi, якi адмовiўся ад распаўсюджвання iнфармацыi пра сябе, праводзiцца ў агульным парадку без якiх-небудзь абмежаванняў".

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Міністэрства абароны пераклала свае статуты на беларускую мову

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика