Размеркаванне спецыялiста ў iншы рэгiён можа даць яму большыя шанцы, чым праца ў сталiцы

Источник материала:  

"Мая дачка сёлета заканчвае педагагiчны ўнiверсiтэт iмя М. Танка па спецыяльнасцi "фiлолаг". Жыве яна цяпер на здымнай кватэры ў сваякоў, а часовая рэгiстрацыя ў яе пазначана па адрасе галоўнага корпуса педунiверсiтэта. Дачка хацела б застацца жыць i працаваць у сталiцы. Спрабавала знайсцi ў горадзе працу, падыходзiла ў пэўныя месцы, напрыклад, у дзiцячы садок, аднак там, не адмаўляючы ў магчымым прыёме, патрабуюць, каб была пастаянная рэгiстрацыя. Якiм чынам нам яе можна зрабiць i якiя магчымыя наступствы для дачкi яна можа мець у плане далейшага працаўладкавання? Размеркаванне на iх пятым курсе будзе ў чэрвенi". З такiмi пытаннямi на "гарачую лiнiю" "Звязды" звярнулася наша чытачка з Вiлейскага раёна. Як мы ўжо ўдакладнiлi ў самой студэнткi-выпускнiцы, у кватэры сваякоў зарэгiстравацца нельга — не хапае жылплошчы.

Па каментары мы звярнулiся да намеснiка старшынi Цэнтральнага камiтэта Беларускага прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi Рамана ДАПІРЫ.

— Нават калi дзяўчына па аб'ектыўных прычынах не зможа зарэгiстравацца ў кватэры сваякоў — там не хапае жылплошчы, — яна можа аформiць рэгiстрацыю па адрасе любой iншай здымнай кватэры, — адказаў Раман Восiпавiч. — Аднак трэба адразу ж падкрэслiць галоўнае: сам факт наяўнасцi мiнскай рэгiстрацыi не цягне за сабой абавязковае размеркаванне маладога спецыялiста ў сталiцы, як, магчыма, упэўнены студэнтка i яе мацi. Увогуле, установы адукацыi горада ў асноўным забяспечаны кадрамi па спецыяльнасцi "фiлогаг". Калi на iх i будуць заяўкi з боку сталiчных устаноў адукацыi, пры размеркаваннi будзе ўлiчвацца не толькi факт наяўнасцi мiнскай рэгiстрацыi, але i iншыя моманты: якой па лiку ў чарзе на размеркаванне стаiць дзяўчына, што, у сваю чаргу, залежыць ад яе паспяховасцi ў вучобе. I пры роўных iншых умовах перавага ўсё адно будзе аддавацца маладым спецыялiстам, якiя стала дагэтуль пражывалi ў сталiцы, цi, напрыклад, знаходзяцца ў шлюбе, выхоўваюць маленькiх дзяцей цi мусяць даглядаць блiзкiх сваякоў-iнвалiдаў i iнш. Калi так ужо хочацца застацца ў Мiнску, можна напачатку паспрабаваць атрымаць запыт ад той арганiзацыi, што згодная ўзяць на працу спецыялiста, i падаць яго ва ўнiверсiтэт. Аднак рэгiстрацыю ўсё адно трэба будзе рабiць. Шанцы дзяўчыны-выпускнiцы некалькi павышае тое, што яна спрабавала працаўладкавацца ў дзiцячы садок: сёння ў горадзе адчуваецца пэўны дэфiцыт кадраў менавiта ў сiстэме дашкольнай адукацыi. Але зноў жа, цi задаволiць з цягам часу самога маладога спецыялiста праца выхавацелькi, якая мае на ўвазе абавязковую перападрыхтоўку. Нагадаю пра неабходнасць аплачваць здымную кватэру з невялiкага заробку работнiка дзiцячага садка... Магчыма, лепш не спяшацца i дачакацца размеркавання. Цалкам не выключана, што размеркаванне на працу ў любы iншы рэгiён краiны, акрамя ўласна самой сталiцы, дасць маладому спецыялiсту куды большыя магчымасцi для прафесiйнага i жыццёвага росту.

Падавалася б, адказ на запыт дадзены: мы пачулi каментар кампетэнтнага суразмоўцы. Аднак падчас размовы з чытачамi склалася стойкае ўражанне, што яны сапраўды думаюць: факт наяўнасцi мiнскай рэгiстрацыi — выйсце з сiтуацыi. Таму вырашылi звярнуцца ў фiрму, што аказвае паслугi па рэгiстрацыi грамадзян у Мiнску i Мiнскiм раёне. Зарэгiстраваная яна была на iндывiдуальнага прадпрымальнiка, рэкламу дае афiцыйна, так што нiчога супрацьзаконнага тут не праглядаецца. Тэлефануем. Дыспетчар-дзяўчына суха паведамляе: рэгiстрацыя на год у самiм Мiнску каштуе 250 долараў, у Мiнскiм раёне на той жа тэрмiн — 150 долараў. Больш нiякай iнфармацыi, маўляў, няхай сама студэнтка i падыходзiць, мы ўсё ёй падрабязна раскажам. Ну, чытачы хоць бы пра "цану пытання" даведалiся. Аднак i гэта яшчэ не ўсё, паколькi апроч матэрыяльнага боку iснуе i маральны. Так, начальнiк дэпартамента па грамадзянстве i мiграцыi Мiнiстэрства ўнутраных спраў Аляксей БЯГУН назваў такi спосаб атрымання рэгiстрацыi сумнеўным. "Зразумейце, рана цi позна такi чалавек сутыкнецца з пэўнымi праблемамi, — патлумачыў Аляксей Юр'евiч. — Зарэгiстраваны грамадзянiн будзе па адным адрасе, а фактычна пражываць будзе па iншым. З цягам часу ўзнiкнуць пытаннi з бальнiцай, ваенкаматам i г.д. — дзе iм шукаць таго чалавека?".

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Міністэрства абароны пераклала свае статуты на беларускую мову

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика