У Януках усе Януковiчы!
У вёсачкi Янукi ў Докшыцкiм раёне свая цiкавая асаблiвасць: усе тутэйшыя жыхары маюць прозвiшча Януковiч. Засталося iх цяпер толькi чатыры. Але яны ўпэўненыя — не знiкне iх любая вёска! Дарэчы, знакамiты ўкраiнскi палiтык Вiктар Януковiч тут не чужы — ягоны дзед родам адсюль: выехаў у Данбас яшчэ да Кастрычнiцкай рэвалюцыi. У Данецкай вобласцi ў 1950 годзе нарадзiўся ўсiм вядомы палiтык Януковiч. У беларускiх Януках вельмi ганарацца тым, што ягоныя каранi адсюль. І ён, мiж iншым, пра гэта не забывае. Наведваў Янукi двойчы: у 2003-м, калi быў прэм'ер-мiнiстрам Украiны, i ў 2006-м. I на машыне з вялiкiм картэжам прыязджаў, i на верталёце прылятаў. У вёсцы, бадай, усiм прыезджым з задавальненнем паказваюць узгорак, дзе сеў той самы верталёт.
Хто жыве ў Януках, якiя ў тутэйшых добрыя навiны, клопаты? — карэспандэнт "Звязды" прыехаў да Януковiчаў у госцi.
Камп'ютар ад Януковiча
Янукi знаходзяцца менш чым за сорак кiламетраў ад райцэнтра ў бок Мiнска. Вёска памiж горак, балот, лясоў, ёсць i возера. Жывуць у Януках цяпер Марыя Антонаўна Януковiч з дачкой Вольгай, якая працуе мастацкiм кiраўнiком у вясковым клубе ў вёсцы Гарадзiшча непадалёк, 78-гадовая Аквялiна Лявонцьеўна Януковiч i яе брат Пётр, таксама пенсiянер. Пра гэта мне расказала па дарозе ў Янукi сакратар Ваўкалацкага сельскага Савета Антанiна Вiктараўна Бабарыка.
— Вы прыязджайце ў Янукi i наогул у нашы мясцiны, калi цёпла будзе, па чарнiцы, сунiцы, журавiны, а грыбоў тут колькi! — распавядае па дарозе сакратар. — Месцы ў нас вельмi прыгожыя. А людзi якiя працавiтыя! Прасцей на пальцах пералiчыць хто не мае добрай падсобнай гаспадаркi, у каго няма машыны асабiстай. А шмат у каго i па дзве. Цi памятаю я вiзiты Януковiча? Так, гэта была падзея для ўсiх нас. Мы так хвалявалiся. А калi прымалi яго, адразу неяк лёгка стала, бо вельмi ён, як выявiлася, просты ў стасунках чалавек. I жонка ягоная раз прыязджала — ветлiвая, культурная...
Вось i Янукi. Ля хаты сустракае гаспадыня дома Марыя Антонаўна Януковiч (на фота). Яна ўжо на пенсii. А працавала паштальёнам. Абслугоўвала даволi вялiкi ўчастак — чатыры вёскi з насельнiцтвам чалавек семдзясят. Мо i больш. Надзвычай прыемна было пачуць ад яе, што "Звязда" — вельмi папулярная газета сярод яе землякоў. I сама яна "Звязду" выпiсвае.
— Ну, што расказаць? У першы раз прыязджаў Януковiч летам. З жонкай. Вядома ж, пастаралiся сустрэць iх гасцiнна, як у нас заведзена. Наогул мы гасцям заўсёды рады, — адказвае на пытаннi "Звязды" Марыя Антонаўна Януковiч. — А тут такiя людзi прыехалi. Дранiкi, бульба для iх — усё было. Гасцям, спадзяюся, вельмi спадабалася тое, чым мы iх частавалi.
— А падарункi на памяць атрымалi? Цi гэта сакрэт?
— Ды не сакрэт. Цукеркi. Дзецям гасцiнцы. Дзецi (дачка i сын) тады яшчэ малыя былi. У шосты клас старэйшая хадзiла, калi не памыляюся. Тады жыло ў нас больш людзей. У пачатку вёскi была хатка — жыла бабулька з сынам. Цяпер тут не жывуць. I ў другi раз усё нармальна было. На горцы верталёт прызямляўся. Сустракалi Януковiча ўжо як свайго. Запрасiла ў хату разам з ягонымi спадарожнiкамi.
— А цi не высвятлялi, мо вы — далёкiя сваякi? Мо ён пра гэта гаварыў?
— Ды не. Прозвiшча ў нас аднолькавае. Колькi ж гадоў таму дзед яго паехаў. Мо ўсе тут былi сваякi? Хто ж гэта ведае? А я сюды замуж выйшла. Ужо больш за дваццаць гадоў жыву. Я па мужу Януковiч. Я з вёскi Аўсянiкi родам, тут недалёка...
Успамiнаючы пра мужа, якi памёр ужо гадоў восем, паважаная Марыя Антонаўна заплакала. Мужа яна вельмi кахала. Расказала, якiм ён быў добрым, працавiтым чалавекам.
— I як вы тут удалечынi ад цывiлiзацыi? Напэўна, цяжка?
— Аўтакрама прыязджае. I ўрачы таксама. Калi шчыра, сумна, бо няма людзей. Раней, калi працавала на пошце, заўсёды была з людзьмi. Мне б, калi б дамкi тут стаялi... Была б шчаслiвая. Вельмi добры ў нас старшыня райвыканкама Алег Пiнчук. Малады ж яшчэ чалавек, а так пра людзей клапоцiцца. Гэта заўважаюць тыя, хто даўно не быў у нас у раёне. Якi прыгожы райцэнтр стаў. I пра такiя вёсачкi, як наша, не забываюць.
— А вы маглi б пераехаць у той жа райцэнтр? Цяжка ж вам па ваду да калодзежа хадзiць. Лазня ёсць. Трэба ж i вады прынесцi, затапiць...
У размову ўступае сакратар сельскага Савета.
— А ёй прапаноўвалi пераехаць, — кажа Антанiна Бабарыка. — I ў цэнтр гаспадаркi ў Гарадзiшча, i ў Докшыцы. Ды не хоча. Адмовiлася сама. I карова ёсць, i конь.
— Дык у вас вялiкая гаспадарка?
— Так. Гаспадарка ў мяне вялікая, — расказвае ветлiвая гаспадыня дома. — Конь вельмi патрэбны. Сын Андрэй па гаспадарцы дапамагае. Ён у Маладзечне вучыцца на рамонтнiка радыётэхнiкi.
— А якая ў каня мянушка?
— Кузя завём i па сёння (шчыра смяецца). Ёсць i карова.
— А колькi малака дае карова?
— Няшмат, але i сабе хапае, i здаю. Прыязджаюць да мяне па малако. Ёсць i свiнкi, i куры. Нямнога, але ёсць.
— А Януковiч у госцi не запрашаў?
— Запрашаў. Але пасля смерцi мужа не хацела нiкуды ехаць. Ды i як дом свой кiнуць? Вось матацыкл новы стаяў, пасля смерцi мужа разабралi. Я на працу, дзецi ў школу. А гаспадарку на каго пакiнуць было? А дзяцей я з задавальненнем ва Украiну адпраўляла. У "Артэк" ездзiлi дзецi i да яго асабiста.
— А вось у зiмовы вечар — чым займаецеся? Вышываеце?
— Ну, не. Ужо вочы не так добра бачаць. Тэлевiзар у асноўным гляджу. Навiны цiкавяць. Безумоўна, i навiны з Украiны. Камп'ютар засвойваю, якi Януковiч падарыў...
На фоне гэтага камп'ютара яе i папрасiў сфатаграфавацца. Сцiплая жанчына збянтэжылася. I потым вельмi шчыра прапаноўвала папiць хоць бы чаю. Дамовiлiся, што сустрэча наша не будзе апошняй. Калi насамрэч, як паабяцаў той жа спадар Януковiч, пастараецца неяк дапамагчы ў развiццi вёскi, будзе, як кажуць, iнфармацыйная нагода для новых публiкацый.
У нас нават мужчыны вулiцы мятуць!
Калi ехалi з Янукаў, сакратар сельскага Савета вельмi мяне здзiвiла, калi расказвала пра мясцовыя традыцыi.
— У нас 34 вёскi на тэрыторыi сельсавета, у якiх жывуць каля 1200 чалавек, — распавядае Антанiна Вiктараўна. — Ёсць i такiя, дзе толькi па адным жыхары — Янава, Струкi... Два разы на год праходзяць Днi сельскага Савета. I прадстаўнiкі ўсiх раённых службаў выязджаюць у кожную вёсачку, самую малую. Гутараць з людзьмi, выслухоўваюць iх праблемы. Калi людзi незадаволеныя працай сельскага Савета, нейкiм чынам не аказваюць падтрымку гаспадаркi, прымаюцца меры.
Школы ў нас могуць ганарыцца выпускнiкамi — добры працэнт паступлення ў самыя прэстыжныя ВНУ. Без усякiх рэпетытараў вясковыя хлопцы i дзяўчаты амаль што ўсе з першага разу паступаюць.
Традыцый шмат у нас, як кажуць, з панскiх часоў. У Дзень усiх святых (1 лiстапада ў католiкаў), iдуць на могiлкi людзi i прыбiраюць не толькi магiлы сваякоў, але i недагледжаныя. I нагадваць пра тое, каб усё прыбралi, не трэба. Усё ў парадку на могiлках. Нават хочуць пераймаць вопыт ва ўсiм раёне.
А яшчэ мятуць людзi вулiцы ля сваiх дамоў. I нават мужчыны... Калi дом часова без гаспадара, i ля суседскага дома таксама. Калi нейкая сям'я становiцца праблемнай — надзвычайнае здарэнне для ўсяго сельскага Савета. Хто прыязджае да нас, каб застацца назаўсёды, адразу пры знаёмстве гаворым пра тое, як у нас заведзена жыць.
I колькi прыкладаў, калi ў людзей фактычна не было нiчога. А ў нас заводзiлi гаспадарку, зарабляць сталi добра. Станавiлiся гаспадарамi з вялiкай лiтары...
Аляксандр ПУКШАНСКI.
Вёска Янукi—Докшыцы—Вiцебск.
Фота Сяргея Савельева.