Карупцыя і пакаранне
За якiя карупцыйныя злачынствы будзе прадугледжана адмiнiстрацыйная адказнасць? Наколькi мэтазгодна ў нашай краiне для выяўлення нячыстых на руку чыноўнiкаў прымяняць аператыўны эксперымент? У якiх сферах летась была выяўлена найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў?
На пытаннi "карупцыйнага характару" адказваюць прадстаўнiкi адпаведных аддзелаў i ўпраўленняў Генеральнай пракуратуры Беларусi i Мiнiстэрства ўнутраных спраў.
Кодэкс аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях будзе дапоўнены адказнасцю за карупцыйныя злачынствы
Начальнiк аддзела па расследаваннi спраў аб карупцыi Генеральнай пракуратуры Пётр УРУБЛЕЎСКІ лiчыць, што немэтазгодна кожнага чыноўнiка, якi аступiўся, прыцягваць да крымiнальнай адказнасцi.
лiчыць, што немэтазгодна кожнага чыноўнiка, якi аступiўся, прыцягваць да крымiнальнай адказнасцi.— Я не думаю, што гэта разумна, — адзначыў прадстаўнiк Генеральнай пракуратуры. — Калi нанесеная шкода неiстотная, то найбольш эфектыўным метадам прафiлактыкi i барацьбы з карупцыяй, на мой погляд, была б кампенсацыя гэтай шкоды i звальненне службовай асобы з пасады.
Зыходзячы з гэтых думак i плануецца ўвесцi такое паняцце, як карупцыйны праступак. "Апошнi адрознiваецца ад карупцыйнага злачынства памерам i характарам нанесенай шкоды грамадзянам i дзяржаве. Ацэньваць жа ступень грамадскай бяспекi — прэрагатыва юрыста". Падчас вынясення вердыкту, плануецца, будзе прымацца да ўвагi i той фактар, наўмысна цi не было здзейснена тое цi iншае злачынства карупцыйнага характару.
Паводле слоў начальнiка аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства па барацьбе з карупцыяй i арганiзаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Iгара ГРЭЙБЫ, адмiнiстрацыйная адказнасць за асобныя злачынствы карупцыйнага характару будзе ўнесена ў Кодэкс аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях Беларусi. Фактычна пералiк гэтых карупцыйных злачынстваў (сем адмiнiстрацыйных складаў) ёсць у законе аб барацьбе з карупцыяй.
А раптам за вамi назiраюць?
Аператыўны эксперымент шырока прымяняецца ў многiх краiнах свету. У асобных, як адзначыў Пётр Урублеўскi, нашмат шырэй, чым у Беларусi. Напрыклад, у ЗША правяраюць "на вашывасць" пры прыёме на службу. Правакуюць, а пасля глядзяць на рэакцыю кандыдата ў чыноўнiкi.
Прадстаўнiк Генпракуратуры лiчыць, што пытаннi правядзення аператыўных эксперыментаў у Беларусi дастаткова поўна ўрэгуляваныя iснуючымi нарматыўна-прававымi актамi. А вось як гэтыя акты прымяняюцца на практыцы, залежыць выключна ад выканаўцаў — канкрэтных службовых асобаў праваахоўных органаў. Менавiта таму павiнна быць сiстэма кантролю i адказнасцi за тое, як праводзяцца гэтыя эксперыменты. Iгар Грэйба, у сваю чаргу, лiчыць, што аператыўныя падраздзяленнi праваахоўных органаў павiнны больш актыўна праводзiць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, у тым лiку i аператыўныя эксперыменты па выяўленнi нячыстых на руку асобаў.
— Сутнасць у тым, што хабарнiцтва — вельмi латэнтны вiд злачынства, якi выяўляецца ў асноўным з дапамогай заяўнiкаў. Пры гэтым, як правiла, да крымiнальнай адказнасцi прыцягваюцца службовыя асобы (урачы, педагогi) сярэдняга i нiжняга звяна. Я лiчу, што для больш высокага ўзроўню раскрыцця падобных злачынстваў неабходны сур'ёзныя аператыўныя распрацоўкi, новыя падыходы ў следчай рабоце. Але гэта не значыць, што можна грэбаваць патрабаваннямi заканадаўства. Нi ў якiм разе нельга парушаць канстытуцыйныя правы людзей. Дзяржаўныя органы маюць права законнымi спосабамi правяраць, як службовая асоба выконвае надзеленыя паўнамоцтвы, цi не злоўжывае iмi.
Карыстаючыся магчымасцю, прадстаўнiк Генпракуратуры звярнуўся да чыноўнiкаў:
— Задумайцеся, перш чым iсцi на тое цi iншага службовае злачынства: а раптам за вамi нехта назiрае!
I выказаў спадзяванне, што пасля яго слоў большасць з iх раз i назаўсёды адмовiцца нават ад думкi парушыць закон.
Карупцыйныя злачынствы ў Беларусi ўсё часцей учыняюцца арганiзаванымi групамi
Як паведамiў Iгар Грэйба, у вынiку сумесных дзеянняў усiх праваахоўных органаў у 2009 годзе было выяўлена 3366 карупцыйных злачынстваў, што на 23 працэнты больш, чым у 2008 годзе. Найбольшая іх колькасць выяўлена ў гандлi (482), прамысловасцi (427) i органах дзяржкiравання (421).
— Карупцыйная злачыннасць у Беларусi набывае арганiзаваныя формы, — заўважыў намеснiк начальнiка другога ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганiзаванай злачыннасцю i карупцыяй МУС Беларусi Андрэй РАМАНОЎСКI.
— Пра гэта сведчыць прырост карупцыйных злачынстваў, учыненых у складзе арганiзаваных груп. У прыватнасцi, крадзеж шляхам злоўжывання службовымi паўнамоцтвамi ўзрос практычна ў два разы. Катэгорыю карумпаваных асобаў, як правiла, складаюць кiраўнiкi, у функцыi якiх уваходзiць заключэнне гаспадарчых дагавораў куплi-продажу альбо кантрактаў на пастаўку сыравiны i абсталявання.
Спосабаў учынення злачынстваў, звязаных з нямэтавым выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, вялiкае мноства. У кожным канкрэтным выпадку ёсць свая злачынная схема дзеянняў. Значная частка злачынстваў, звязаных з асваеннем бюджэтных сродкаў, учыняецца шляхам завышэння кошту альбо будаўнiча-мантажных работ альбо абсталявання. Быў устаноўлены факт, калi дырэктар аднаго з гаспадарчых таварыстваў Гомельшчыны шляхам завышэння кошту выкананых будаўнiча-мантажных работ скраў больш за 120 мiльёнаў рублёў. У вынiку незаконнай дзейнасцi службовых асобаў Бабруйскага завода буйнапанэльнага домабудаўнiцтва шкода, нанесеная прадпрыемству, склала больш за 400 мiльёнаў рублёў.
Некаторыя вiды эканамiчнай злачыннасцi набылi выразную мiжнародную афарбоўку. Зламыснiкi актыўна выкарыстоўваюць розныя крымiнальныя схемы, накiраваныя на завышэнне кошту абсталявання i матэрыялаў пры ажыццяўленнi знешнiх дзяржаўных закупак. Iх вынiкам становiцца буйны крадзеж бюджэтных сродкаў, а таксама iншыя цяжкiя i асоба цяжкiя злачынствы эканамiчнай накiраванасцi.
Надзея ДРЫЛА.