РОЗГАЛАС
Толькi летась у Вiцебскай вобласцi былi заведзены 62 крымiнальныя справы ў дачыненнi да адказных асобаў — кiраўнiкоў прадпрыемстваў i фiрмаў, якiя ў вынiку ўхiлення ад выплаты ў бюджэт падаткаў i збораў нанеслi страту дзяржаве ў памеры больш за 11 мiльярдаў рублёў (столькi ж складаюць разам гадавыя бюджэты некалькiх раёнаў).
Як паведамiў "Звяздзе" Раман Чудакоў, начальнiк аддзела па наглядзе за выкананнем падатковага i мытнага заканадаўства пракуратуры Вiцебскай вобласцi, на сёння асудзiлi 23 адказныя асобы. Яны ўжо кампенсавалi больш як 1,4 мiльярда рублёў.
Індывiдуальная прадпрымальнiца на працягу больш чым двух гадоў не хацела плацiць падаткi. Для гэтага ўносiла ў адпаведныя бухгалтарскiя дакументы заведама фальшывыя звесткi аб кошце тавараў, якiя пастаўляла партнёрам. У вынiку недаплацiла падаткаў на агульную суму больш за 341 мiльён рублёў.
Прыгаворам суда прадпрымальнiцы прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волi тэрмiнам на пяць гадоў з канфiскацыяй маёмасцi i спагнаннем у даход дзяржавы незаконна атрыманага даходу. Яна таксама пяць гадоў не зможа займацца прадпрымальнiцкай дзейнасцю.
Аляксандр ПУКШАНСКI.
Ну i ну!
"Уваскрэслы" кiроўца26-гадовы барысаўчанiн два гады кiраваў аўто, казыраючы чужым вадзiцельскiм пасведчаннем, уладальнiк якога — ужо нябожчык.
Як распавёў карэспандэнту "Звязды" прэс-афiцэр Ленiнскага РУУС Сяргей Козел, два гады таму барысаўчанiна пазбавiлi права кiравання транспартным сродкам — ён нецвярозым ехаў на "Маздзе-6". Для iншага — бяда, толькi не для знаходлiвага прайдзiсвета, якi стаў ездзiць па правах, што знайшоў у Быхаве тры гады таму: як яму падавалася, уладальнiк таго вадзiцельскага пасведчання быў знешне з iм падобны. Прычым, ездзiў лiха, бо пяць разоў прыцягваўся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi за парушэнне правiлаў, а адзiн раз наогул зноў патрапiў у рукi праваахоўнiкаў нецвярозым. Тым разам яго, калi не лiчыць штрафу ў 1 мiльён 225 тысяч рублёў, пранесла, i ён працягваў калясiць прасторы краiны пад чужым iмем. Да апошняга выпадку, пакуль хiтруна не злавiлi за руку ў сталiцы на "Хондзе". Тут, трэба заўважыць, зламыснiк сам даў маху, бо сваiмi паводзiнамi насцярожыў супрацоўнiкаў мiлiцыi: калi ўбачыў праваахоўнiкаў, нагнуўся ў машыне, каб яго не заўважылi. Не пашанцавала, таму што дакументы ў яго запатрабавалi. Паказаўшы вадзiцельскае пасведчанне на чужое iмя, барысаўчанiн стаў упэўнiваць, што на фота менавiта ён. А вось супрацоўнiкi мiлiцыi засумнявалiся i праз аператыўнага дзяжурнага праверылi сапраўднасць дакумента: выявiлася цiкавая акалiчнасць — вадзiцельскае пасведчанне прызнанае несапраўдным у сувязi са смерцю ўладальнiка ў 2005 годзе. У дачыненнi да барысаўчанiна заведзена крымiнальная справа па частцы 1 артыкула 30 КК, санкцыя якога прадугледжвае абмежаванне волi на тэрмiн да двух гадоў.
Iгар ГРЫШЫН.
Iлжэжэсаўцы абакралi старуюЯшчэ адна пенсiянерка ў Мiнску пацярпела з-за залiшняй даверлiвасцi: колькi СМI нi паведамляюць пра махляроў, якiя радзяцца ў адным выпадку пад "сацыяльных работнiкаў", у iншым — пад "работнiкаў ЖЭСа", — усё адно знаходзяцца прасцякi...
Паводле звестак прэс-афiцэра Савецкага РУУС Вольгi Яскевiч, на гэты раз ахвярай зламыснiкаў стала 85-гадовая пенсiянерка. Прычым махлярам спатрэбiўся працяглы час, каб ажыццявiць задуманае. Напачатку да старой зайшлi дзве незнаёмыя жанчыны, якiя назвалiся работнiкамi ЖЭСа. Яны парадавалi бабулю тым, што за дзяржаўныя грошы ў яе кватэры зробяць рамонт. А калi сыходзiлi, дадалi, што праз два тыднi да яе прыйдзе майстар з ЖЭСа для дэталёвага агляду памяшкання. I сапраўды праз чатырнаццаць дзён той пазванiў у дзверы: узрадаваная пенсiянерка ўпусцiла "майстра" ў жыллё. А той хвiлiн з 10 з разумным выглядам пакруцiўся на кухнi, з якой, маўляў, плануецца пачаць работы, ды пайшоў. А да вечара старая выявiла, што ўсе яе зберажэннi — 850 долараў ЗША знiклi разам з вiзiцёрам.
Iгар ГРЫШЫН.