Крынiцы народжаны жыць, а паданнi — захоўваць гiсторыю

Источник материала:  

Такой прыгожай зямлi, як наша, не знойдзеш. Нездарма яе назвалi белай, у сэнсе чыстай. I яшчэ славiцца Беларусь блакiтнавокай ад безлiчы малых i вялiкiх азёраў, рэк i рачулак, празрыстых крынiц, якiм наканавана жыць вечна…

Сярод неабыякавых да сваiх вытокаў, гiсторыi, паданняў i быляў — Вiктар Васiльевiч Улюценка, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення раённай цэнтральнай бальнiцы г.п. Шумi­лiна. Лячыць землякоў, збiраць краязнаўчыя матэрыялы i друкаваць iх на старонках мясцовай газеты i не толькi (ён член БСЖ) для яго не хобi, а патрэба. Так, напрыклад, гэты дапытлiвы чалавек сабраў цiкавыя матэрыялы пра род Цэлiны Хлюдзiнскай, якая нарадзiлася ў аршанскiм раёне, а потым жыла ў сваiм маёнтку ў Лескавiчах на Шумiлiншчыне.

З чаго ўсё пачалося? Напэўна, з той вёскi Казанова, куды Кацярына Вялiкая ў свой час адпраўляла казакоў на службу. Прыкметнай была вёска — ажно з трыма царквамi. Тройчы ў год там вiравалi вялiкiя кiрмашы. Набiралi святую ваду з крынiцы Пяценкi, назва якой пайшла ад вялiкамучанiцы Параскевы Пятнiцы.

Iснаваў i пяцiнскi фальклор. Вiктар Васiльевiч запiсаў адну песню.

Размаўляе мой субяседнiк на рускай мове, мове сваiх продкаў — колiшнiх разанскiх казакоў, хоць добра разумее i беларускую. Мова яго вершаў — старадаўняя, адмысловая. Чуйнае на слова вуха адразу адгукнецца. Антон Параскевiн — лiтаратурны псеўданiм Улюценкi.

Год дваццаць таму са сваiмi аднадумцамi i паплечнiкамi Вiктар Васiльевiч узяўся добраўпарадкаваць Пяценку, бо забылiся неяк у жыццёвай мiтуснi пра яе, святую i жыва­творную.

— Параскева Пятнiца — сiм­вал прымiрэння, — тлумачыць ён, — i апякунка ўсяго дамашняга i жаночага. Дарэчы, тут у вёсцы Жаробычы (зараз Слабада) нарадзiўся будучы мiтрапалiт Кiеўскi i ўсяе Русi Сiльвестр Косаў, якi валодаў дарам зблiжаць народы, будаваць у памежных краiнах храмы, асвячаць крынiцы…

Забягаючы наперад, скажу, мiтрапалiт Фiларэт узнагародзiў Вiктара Улюценку граматай за служэнне веры, а мясцовы райвыканкам — ганаровай граматай за яго прафесiйную i грамадскую дзейнасць, i што вельмi важна — паабяцаў падтрымку ва ўзвядзеннi або аднаўленнi фрагментаў будучага пяцiнскага храма.

Дык вось Вiктар Васiльевiч разам з урачом-рэнтгенолагам Леанiдам Ясiновiчам, паломнiкам з Вiцебска Юрыем Сiманенкам, старшынёй Светласельскага сельсавета Аляксеем Шаршуном i шумiлiнскiм бацюшкам Фёдарам Пучынскiм адшукалi i адкапалi ў прамым сэнсе запушчаную крынiцу, абклалi яе старадаўняй цэглай, якая засталася пасля разбурэння мясцовых храмаў.

Аказваецца, у жыццi няма нiчога выпадковага, усё на­дзейна звязана па волi Божай…

— Земскi доктар некалi жыў там, дзе i яго пацыенты, лячыў iх з пакалення ў пакаленне, не аддзяляючы духоўнага ад цялеснага. Добра было б, каб i сёння маладыя выпускнiкi медыцынскiх навучальных устаноў валодалi такiм уменнем лячыць i ехалi на месца працы з верай у душы…

Вiктар Васiльевiч упэўнены, што ўжо з першага курса неабходна вучыць студэнтаў-медыкаў мiласэрнасцi. Не сакрэт, што маладыя ўрачы iмкнуцца да гарадскiх выгод. А каму ж тады працаваць у вёсках i аграгарадках?

Гэты чалавек нясе дабро не толькi хворым, а i роднаму краю. Клапоцiцца, каб маладыя людзi не сталi манкуртамi — Iванамi без роду i племенi, каб людзi пiлi з такiх чыстых крынiц, як Пяценка, жывую ваду, а не алкагольную атруту.

Зараз да святой крынiцы пракладзена дарога, пабудавана купальня i каплiчка. Крынiца струменiць сцюдзёнай, лекавай вадою. Мясцовы пейзаж уражвае цiшынёй, спакоем, непрыкметнай, але кранаючай усе струны душы прыгажосцю.

Мiнулае i будучае знiтавана ў жыццi Вiктара Улюценкi ў адзiн вузельчык. У планах яго i ягоных сяброў-аднадумцаў — адраджэнне (хаця фрагментарнае) колiшняй пяцiнскай царквы, зруйнаванай не часам, а бяздушшам атэiстаў. Фундамент ад яе застаўся. Не крануты часам прыступкi, якiя вялi ў царкву.

Апавядаючы пра гэтага мiлага iнтэлiгентнага чалавека, недаравальна не нагадаць пра цiкавы зборнiк яго сказаў i прозы «Светлазор», дзе сабраны паданнi i легенды пра ўсё вечнае, светлатворнае.

Падсумоўваючы, адзначу, што не бяднее Прыдзвiнне на неардынарных, творчых лю­дзей, апантаных вялiкай iдэяй адраджэння роднага краю.

←Злучаныя Цярэшкам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика