Злучаныя Цярэшкам

Источник материала:  

Крыўдна i балюча бывае за тое, што нас часам iмкнуцца пазбавiць таго цi iншага кавалка гiсторыi, а яшчэ больш душа пакутуе ад таго, што камусьцi хочацца, каб мы забылiся на свае каранi, на глыбiнныя вытокi, якiя не сапсаваны цывiлiзацыяй, замежнымi запазычаннямi, якiя здольныя наталiць смагу душы i паказаць духоўны свет нашых продкаў праз найбагацейшае суквецце традыцый, звычаяў, святаў, абрадаў, песень, карагодаў, строяў, прыкмет i павер'яў.

Вельмi хацелася б, каб iдэi калядных святкаванняў не сталi чужымi сэрцу i душы нашай сённяшняй моладзi, перш за ўсё гарадской, таму што вясковая да гэтага часу знаходзiць у калядным фэсце духоўны прытулак для сваёй душы. У гэтым мы пераканалiся падчас чарговай экспедыцыi ў Лепельскi i ва Ушацкi раёны.

Гiстарычна склалася так, што адметная з'ява нашай народнай традыцыi — каляднае iгрышча "Жанiцьба Цярэшкi" — была распаўсюджана ў тым арэале, якi ахоплiваў Полацкi, Докшыцкi, Глыбоцкi, Мёрскi, Пастаўскi, Ушацкi i Лепельскi раёны. Фрагментарна гэта абрадавае iгрышча вядома i ў некаторых iншых, суседнiх з iмi раёнах Беларусi. Аднак найбольш поўна, цэласна гэты феномен беларускай традыцыйнай духоўнай спадчыны iснаваў, захаваўся i дажыў да нашага часу менавiта ў адзначаным арэале.

Тыя два варыянты iгрышча, якiя мы пабачылi ў вёсках Матырына i Касары, у структурным плане падобныя, а вось у дэталях адрозныя, але мы паспрабуем падаць iх апiсанне разам, безумоўна, звяртаючы ўвагу на найбольш характэрныя мясцовыя рысы.

У кожнай вёсцы колькасць удзельнiкаў была розная (дзе дзесяць, а дзе i трыццаць параў), але хлопцы i дзяўчаты iмкнулiся збiрацца так, каб кожны знайшоў сабе пару. Рыхтавалiся да гэтай падзеi загадзя. Трэба было дамовiцца з гаспадарамi вялiкай хаты, упрасiць iх выканаць ролю бабы i дзеда, якiм будзе даручана тайна ўзаемаадносiнаў памiж маладымi людзьмi. Трэба было ўлiчваць i артыстызм гаспадароў (уменне спяваць i танчыць), i iх дакладнае веданне традыцыi, i павагу да iх з боку вяскоўцаў, i адначасова шчыры давер з боку самой моладзi. Зразумела, што пасля вызначэння такой сям'i хата на некалькi дзён станавiлася штаб-кватэрай маладога пакалення. Хлопцы прыходзiлi папярэдзiць, каб старэйшыя не забылiся пра выказаныя пажаданнi. Тыя ж, у сваю чаргу, маглi неўпрыкмет папярэдзiць дзяўчат аб тым, хто будзе да iх заляцацца. Здаралася так, што гаспадары выконвалi ролю вопытнага дыпламата, якi аўтарытэтна мог падкарэктаваць папярэднi выбар пары, каб затым не было нейкiх непаразуменняў i крыўды.

Калi ўсе арганiзацыйныя пытаннi былi вырашаны, прызначаўся дакладны дзень правядзення iгрышча. Яшчэ ранiцай хлопцы прыносiлi гаспадарам свае дровы, палiлi грубку, каб у хаце было цёпла i ўтульна. Адвячоркам невялiкiмi групамi моладзь кiравалася да абранай для iгрышча хаты. Чым у гэты час поўнiлася душа i сэрца кожнай дзяўчыны i хлопца? Усе добра разумелi, што гэты вечар меў у iх жыццi вельмi важнае значэнне. У прасторы звычайнай вясковай хаты, як у кроплi вады, факусавалiся ўсе жыццёвыя перыпетыi вясковага ладу. Кожны з прысутных нёс у сабе адбiтак свайго роду, яго аўтарытэт, статус, гонар, месца ў сацыяльнай iерархii. Разам з тым, для маладых людзей гэта была тая сiтуацыя, калi трэба было праявiць галоўныя рысы свайго характару, прадэманстраваць свае здольнасцi.

Калi ўсе ўдзельнiкi калядных вячорак збiралiся, гаспадары давалi каманду да пачатку святочнай забавы. Цiкава тое, што ў в. Матырына абрадава-гульнёвая дзея распачыналася адразу ж пасля запрашэння ўсiм узяць удзел у iгрышчы, а вось у в. Касары пачатку абрадавай дзеi папярэднiчала непрацяглая па часе, але эмацыянальная па псiхалагiчным настроi уверцюра. Музыка выконваў чатыры-пяць народных танцаў (кракавяк, падыспань, "На рэчаньку", "Лысы"), мэта якiх, хутчэй за ўсё, зводзiлася да неабходнасцi пераключыць увагу ўдзельнiкаў, зняць скаванасць i настроiць iх на эмацыянальны лад каляднай iмпрэзы.

Затым нехта з хлопцаў звяртаўся да прысутных з пытаннем-парадай: "Каб жанiць Цярэшку, трэба выбраць "бабу" з "дзедам". Давайце папросiм, каб "бабай" была бабка Ганна (гаспадыня хаты), "дзедам" — дзед Хведар (гаспадар)". Усе прысутныя пагаджалiся з выказанай прапановай, пасля чаго галоўныя персанажы прыступалi да выканання сваiх пачэсных абавязкаў.

Як на ўсiх вясковых танцах, дзяўчаты займалi месца ўздоўж адной сцяны, хлопцы мясцiлiся непадалёк. Нарэшце "баба" выводзiла на сярэдзiну хаты аднаго з хлопцаў i iшла да гурта дзяўчат. Тыя ў гэты час рабiлi выгляд, што яны спакойныя i ўпэўненыя, аднак насамрэч сэрцу моцна хвалявалiся, краем вока сачылi за тым, як паводзяць сябе старэйшыя. Бабуля магла яшчэ i падлiць масла ў агонь: падыходзiла то да адной, то да другой дзяўчыны, нешта з iмi шапталася-iнтрыгавала i толькi праз некалькi хвiлiн брала за руку тую, з якой ужо была папярэдняя дамова i якая пацвердзiла сваю згоду "скруцiцца" з хлопцам. Дзяўчыну падводзiлi да хлопца — абодва свяцiлiся ад шчасця, што iх злучылi. Затым гаспадыня-сваха выводзiла на сярэдзiну хаты наступнага хлопца i пачынала выбiраць яму пару. Выбар-скручванне доўжыўся да таго часу, пакуль уся моладзь не была злучана ў доўгачаканыя пары.

Пасля гэтага пачынаўся другi этап святочнага гуляння. Моладзi трэба было паказаць сваю спрытнасць i вёрткасць i пераканаць прысутных у тым, што "баба" з "дзедам" не памылiлiся i падабралi дастойных партнёраў. Хлопцы i дзяўчаты станавiлiся ў дзве шарэнгi i пачыналi гуляць у даганялкi, пры гэтым рухацца можна было толькi вакол прысутных, не забягаючы ў сярэдзiну жывога калiдора. Прычым, спачатку "ўцякалi" хлопцы, а дзяўчаты даганялi iх, а пасля яны мянялiся ролямi — ужо хлопцы даганялi дзяўчат. І зноў прыклад моладзi падавалi старэйшыя. "Дзед" хаваўся, а "баба" шукала-даганяла яго, пры гэтым яна прасiла дзеда бегаць не вельмi хутка.

Нарэшце распачынаўся заключны этап iгрышча. Музыка iграў "Лявонiху", моладзь станавiлася ў круг i пачынала танчыць, "заплятаючы" вельмi прыгожы i надзвычай складаны па кампазiцыi ўзор. Дзяўчына кружылася, рухаючы па сонцы, беручы пад руку кожнага з хлопцаў, выконваючы з iм толькi паўкола i тут жа змяняючы руку i змяняючы партнёра. Незвычайная па прыгажосцi рэч! Здавалася б, кола ўдзельнiкаў было статычным, стаяла на адным месцы, але ў яго сярэдзiне вiравала мора эмоцый.

На гэтым завяршалася, калi можна так сказаць, уласна абрадавая частка каляднага iгрышча. Затым пачыналiся танцы па iмправiзаванай праграме: музыка выконваў любыя просьбы моладзi...

Гулянне заканчвалася пад ранiцу, гаспадарам трэба было хоць крыху паспаць, бо хутка ж ужо трэба было ўставаць, каб накармiць свойскую жывёлу. Разыходзiлася i моладзь. Але праз колькi гадзiн усе зноў збяруцца ў гэтай хаце — навесцi парадак: паразносiць сталы, вымесцi i вымыць падлогу, падзякаваць гаспадарам за магчымасць зладзiць гулянне i за тую iх пачэсную мiсiю, якая можа аказацца шчаслiвай.

З усяго таго, што нам пашчасцiла пабачыць за гэтыя два днi, лагiчна выцякала пытанне: "А цi здаралася так, што злучаныя падчас "Жанiцьбы Цярэшкi" пары затым аказалiся заручонымi i павенчанымi на ўсё жыццё?" Наша пытанне выклiкала хвалю ўспамiнаў, людзi пачалi прыводзiць мноства прыкладаў пра лёс вясковых сямейных параў, доля якiх была "скручана" ў адзiнае цэлае на колiшнiх калядных iгрышчах.

Хацелася б спадзявацца на тое, што старажытная калядная гульня яшчэ надоўга захавае свой лёсавызначальны характар i паспрыяе хлопцам i дзяўчатам знайсцi сваё шчасце.

Аксана Катовiч, Янка Крук.

←Где лечить туберкулез

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика