А ў нас У двары…

Источник материала:  

Вулiца Герцэна знаходзiцца недалёка ад чыгуначнага вакзала i ад галоўнай плошчы Вiцебска.

— Так, цяпер не сезон для катання на каруселях i гульняў дзяцей у пясочнiцы. Але, як i зiма, цёплае надвор'е прыходзiць часта "раптам". На дваровай тэрыторыi дома № 24 корпус 2 па вулiцы Герцэна ў Вiцебску (побач дом 24 корпус 1) ёсць пясочнiца, па перыметры якой чамусьцi не драўляныя "элементы", а бетонныя! — абураецца адна з жанчын. — А недалёка карусель, аснова якой чамусьцi вышэй за ўзровень зямлi, больш за тое, над ёй ва ўсе бакi выходзяць металiчныя канструкцыi. Пагадзiцеся, лёгка можна паранiцца дзецям, катаючыся на такiх каруселях. Ужо было некалькi выпадкаў, калi дзецi падалi з каруселi i атрымлiвалi траўмы. Ды i ў пясочнiцы, калi малы ўпадзе, ён жа можа галавой ударыцца аб бетон. Вось паведамлялi пра тое, што пракуратура правярала стан дзiцячых пляцовак. Вельмi хочацца, каб прыйшлi пракуроры i ў наш двор...

Нельга сказаць, што жыльцы да звароту ў рэдакцыю не спрабавалi самастойна вырашыць вышэйназваную праблему.

— Грамадзяне, дзецi якiх гуляюць у двары, звярталiся ў жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак № 11, якi абслугоўвае тэрыторыю нашага мiкрараёна. Там растлумачылi, што не яны рабiлi пясочнiцу i ўсталёўвалi карусель, — расказвае яшчэ адна тутэйшая жыхарка. — А зварот да забудоўшчыка скончыўся канстатацыяй таго, што тую ж пясочнiцу зрабiлi згодна з праектам.

Жыхары вулiцы Герцэна паскардзiлiся i на транспартную праблему. Паводле iх слоў, калi раней з вулiцы Герцэна ў бок вельмi папулярнага сярод гараджан i гасцей горада гандлёвага цэнтра "Эвiкам" (на вулiцы Церашковай) хадзiла маршрутка, то зараз такiя рэйсы не ажыццяўляюцца. Без цяжкасцяў яны не могуць таксама даехаць i на праспект Фрунзэ, вулiцу Лазо.

Погляд на праблемы з гарвыканкама

Па каментарый праблемных пытанняў карэспандэнт "Звязды" звярнуўся ў Вiцебскi гарвыканкам.

У афiцыйным адказе з аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркi Вiцебскага гарвыканкама паведамляецца, што (далей цытата ў перакладзе з рускай мовы): "Дваровая тэрыторыя жылога дома № 24 корпус 2 па вулiцы Герцэна належыць таварыству ўласнiкаў "Новабудоўля" i знаходзiцца на iх поўным абслугоўваннi.

Малыя архiтэктурныя формы на дваровай тэрыторыi (пясочнiцы, каруселi i г.д.) пабудаваны згодна з праектам на сродкi забудоўшчыкаў, таму знаходзяцца ў распараджэннi таварыства.

Улiчваючы зварот грамадзян, ЖЭУ-11 накiраваны лiст старшынi таварыства ўласнiкаў "Новабудоўля" з мэтай разглядзець пытанне аб бяспечнай эксплуатацыi малых архiтэктурных формаў, размешчаных на дзiцячай пляцоўцы.

Вiцебскiм гарвыканкамам зацверджана маршрутная сетка гарадскога пасажырскага транспарту, дзе прадугледжаны рух мiкрааўтобусаў i па вулiцы Герцэна...

Вiцебскi гарвыканкам пастаянна прапаноўвае патэнцыйным перавозчыкам свабодныя графiкi маршрутаў №№ 40 — Т, 41 — Т, 87 — Т, iнфармацыя аб якiх размешчана на афiцыйным iнтэрнэт-сайце гарвыканкама"...

Пракуратура разбярэцца

Аўтар гэтых радкоў насамрэч пiсаў летась пра пракурорскiя праверкi дзiцячых пляцовак. Вялiкi рэзананс выклiкалi артыкулы i ў мясцовых СМІ. Вышэйназваны двор, па словах бацькоў дзяцей, не правяралi. Каб "выканаць мары" незадаволеных грамадзян, цяпер як прадстаўнiк "Звязды" падрыхтаваў i адправiў у пракуратуру раёна лiст з просьбай разабрацца i пракантраляваць, як будзе разглядацца пытанне (зноў словы з цытаты): "аб бяспечнай эксплуатацыi малых архiтэктурных формаў". Няўжо той жа старшыня таварыства раней не мог унiкнуць у праблему? Дарэчы, дом 24 корпус 1 па Герцэна, дзецi з якога таксама гуляюць на дзiцячай пляцоўцы, цяпер, у адрозненне ад суседняга дома, ужо не таварыства ўласнiкаў (так мне растлумачылi жыльцы), ён абслугоўваецца жыллёва-эксплуатацыйным участкам. Мо i суседняму дому (корпус 2) перайсцi пад апеку ўпраўлення, каб праблемы таго ж двара вырашалiся хутчэй? Вырашаць, вядома ж, гэта ўласнiкам. А мо не зразумеў нешта старшыня?

Наконт таго, што, як адзначылi ў Вiцебскiм гарвыканкаме, пастаянна прапаноўваюцца свабодныя графiкi маршрутаў патэнцыйным перавозчыкам, хочацца задаць некалькi пытанняў. Мо дрэнна прапаноўваюцца? Насамрэч без перасадак не дабрацца з Герцэна ў многiя куткi горада. А тыя маршруткi, якiя ўсё-такi ходзяць, магу адзначыць (асабiста праверыў), вельмi рэдка едуць па Герцэна.

Чаму ў тым жа афiцыйным адказе не гаворыцца нiчога пра магчымасць хоць бы ў перспектыве арганiзаваць перавозку пасажыраў дзяржаўным перавозчыкам — аўтобусамi? Няма каманды зверху, з аблвыканкама? Так шмат мясцовыя СМI пiшуць пра перспектывы развiцця новых сучасных мiкрараёнаў Вiцебска з фармiраваннем добрага руху перавозкi пасажыраў. А ў iншых месцах горада? Разумею, калi жыхары кожнай вулiцы будуць патрабаваць, каб дзяржаўны транспарт часцей да iх прыязджаў, або каб арганiзавалi новыя маршруты, грошай не хопiць, каб набыць аўтобусы, давядзецца часта мяняць сетку руху. Але неяк жа трэба ўлiчваць грамадскую думку. I яшчэ можна падлiчыць магчымую карысць. Тая ж вулiца Герцэна i тыя, што за ёй, калi ўсё ацанiць, вельмi прыбытковыя маршруты для перавозчыкаў.

Аляксандр ПУКШАНСКI.

←Где лечить туберкулез

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика