Чаму цябе, Масленка, ды не сем нядзель?

Источник материала:  

Так спявалi ў гэтыя днi нашы продкi. Масленiца пачалася! Яна будзе доўжыцца тыдзень, а шкада. Бо хоць гэты тыдзень, згодна з царкоўным календаром, павiнен падрыхтоўваць праваслаўны народ да самага строгага i працяглага посту i мае свае абмежаваннi — мясныя прадукты ўжо не ядуць, вянчаннi не адпраўляюць — але яго надта любiлi. Гэты тыдзень называлi таксама Сырны, Крывы, Пусты, Рабы i Развiтальны. А яшчэ — Весяльнiца. З зiмой развiтвалiся весела i з размахам: каталiся на санках i конях, гушкалiся на арэлях, вадзiлi карагоды, спявалi песнi, хадзiлi ў госцi, цягалi "калодку", ладзiлi масавыя катаннi з горак, кiрмашы, паказвалi батлейку. І ўсё гэта было не проста так, а мела магiчны сэнс. Напрыклад, на арэлях гушкалiся, каб лён доўгi рос. А звычай цягання "калодкi" быў звязаны з выбарам пары.

Чаму цябе, Масленка, ды не сем нядзель?Масленiцу можна лiчыць адначасова апошнiм зiмовым i першым вясновым святам. Сiмволiка свята звязана з iдэяй вясновага адраджэння, культамi ўрадлiвасцi, продкаў, сям'i i шлюбу. На Беларусi на Масленiчным тыднi асаблiва ўшаноўвалi маладажонаў, для iх спявалi магiчна-абрадавыя песнi з пажаданнем найхутчэйшага нараджэння здаровага дзiцяцi. У гэтыя днi iмкнулiся абавязкова наведаць сваякоў, асаблiва — цешчу, i бабак-павiтух.

Звычайна ў вёсцы месленку святкаваць пачыналi ў чацвер, але ў некаторых мясцiнах жанчыны збiралiся яшчэ ў панядзелак, прывязвалi да "калодкi" адзiн канец папружкi, а другi — да халастога хлопца, якi сустрэўся iм, у пакаранне, што ён не ажанiўся за мiнулы мясаед (перыяд пасля калядаў). "Калодку" цягалi па ўсёй вёсцы з абавязковымi захадамi ў хаты, дзе былi сталыя дзяўчаты. Дзяўчаты павiнны былi пачаставаць "калодку" i ўсю вясёлую працэсiю. Калi хлопец не хацеў цягаць калодку ўвесь дзень, ён мог адкупiцца.

Сёння масленiчныя гульнi i абрады можна на свае вочы пабачыць i нават паўдзельнiчаць у iх на тэрыторыi Беларускага дзяржаўнага музея народнай архiтэктуры i побыту. Там свята адбудзецца 14 лютага а 11-й гадзiне.

— Традыцыйна ў апошнi дзень Масленiцы ладзiцца вялiкае вогнiшча, якое збiрае ўсiх жыхароў вёскi. Прадстаўнiкi кожнай сям'i павiнны былi прынесцi да рытуальнага вогнiшча якiя-небудзь старыя рэчы, каб знiшчыць усе гаротнасцi. Бясспрэчна, агнi, вакол якiх вадзiлiся ў адзначаны дзень карагоды, мелi магiчна-ачышчальны характар. Наш музей працягвае гэтую традыцыю i заклiкае ўсiх гасцей свята да ўдзелу, — паведамляюць арганiзатары свята. — Таксама ў гэты дзень у музеi адбудзецца старажытны абрад знiшчэння масленiчнай лялькi, якую ў свой час ўвасабляла славянская язычнiцкая багiня Марэна. Гэтае рытуальнае дзеянне вядомае шматлiкiм народам Еўропы. Яно сiмвалiзавала адраджэнне пладаносных сiлаў зямлi, перамогу жыцця над смерцю, выгнанне хваробаў, голаду, нечысцi, забеспячэнне бяспекi, дабрабыту ўсёй грамадзе. Сёння ў святочнай культуры сусвету вельмi распаўсюджаны фэсты вогненных скульптур. Сёлета наш музей злучае традыцыi i сучаснасць, трансфармуючы масленiчнае пудзiла ў вогненную скульптуру Марэны!

Традыцыi святкавання Масленiцы — адны з нямногiх, што не перарвалiся i за савецкiмi часамi. Не важна, што называлася гэта часцей "провады зiмы", галоўнае, усе весялiлiся, спаборнiчалi ў лоўкасцi i частавалiся блiнамi. Так што для многiх сёння гэта яшчэ i магчымасць своеасаблiвага вяртання ў дзяцiнства i далучэння да ўжо абноўленых традыцый, уласных дзяцей. Дарэчы, Беларускi дзяржаўны музей народнай архiтэктуры i побыту ладзiць конкурс масленiчных лялек i запрашае усiх сваiх гасцей прыязджаць з самаробнымi лялькамi.

Знаходзiцца музей недалёка, за чатыры кiламетры ад аўтарынка "Малiнаўка", адразу за вёскай Азярцо. Аўтобусы туды iдуць з аўтастанцыi "Паўднёва-Заходняя" з ранiцы да вечара.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

←Где лечить туберкулез

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика