Еўрасаюз занепакоены новым указам аб рэгуляванні інтэрнету ў Беларусі
«Мы яшчэ дэталёва яго не вывучалі, але ствараецца ўражанне, што гэты ўказ можа прывесці да далейшага абмежавання свабоды выказванняў»,
— заявіў прэс‑сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыцы бяспекі Лутц Гульнер.
«Калі так адбудзецца, мы будзем расцэньваць гэта як крок у няправільным напрамку», — дадаў прэс‑сакратар.
Паводле яго слоў, паколькі ўказ набудзе моц 1 ліпеня 2010 года, Еўрасаюз будзе настойваць на тым, каб беларускі ўрад «зрабіў усё для недапушчэння абмежавання свабоды выказванняў». «Асабліва тады, калі ЕС гатовы да пашырэння адносінаў з Беларуссю», — падкрэсліў Гульнер.
На пытанне аб тым, ці паўплывае ўказ на ўдзел Беларусі ў праграме ЕС «Усходняе партнёрства», прэс‑сакратар адказаў, што гэта залежыць ад прагрэсу ў краіне ў цэлым. «Неабходны прагрэс у пэўных галінах. Згаданы ўказ, безумоўна, знаходзіцца ў гэтым кантэксце», — сказаў ён.
***
Указ «Аб мерах па ўдасканальванні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнет» быў падпісаны прэзідэнтам 1 лютага. Дакумент акрамя іншага рэгламентуе механізм абмежавання доступу да інфармацыі паводле запатрабавання карыстальніка інтэрнет‑паслуг.
Дакумент быў неадназначна ўспрыняты ў беларускім грамадстве. Шэраг экспертаў і СМІ выказваюць асцярогі, што рэалізацыя ўказа можа прывесці да абмежавання свабоды слова і закрыцця доступу да некаторых апазіцыйных сайтаў.
Прадстаўнікі апазіцыі звязваюць прыняцце ўказа з прэзідэнцкімі выбарамі, што маюць адбыцца.
На думку кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў, гэты дакумент мае патрэбу ў міжнароднай экспертызе.