У Гродне разгарэўся зямельны скандал
АБЭЗ Гродна зацікавіўся абставінамі выдзялення ў цэнтры горада ўчасткаў зямлі коштам каля паўмільёна даляраў. Пад ударам апынуліся кіраўнікі гар-і аблвыканкама.
Як стала вядома «Ежедневнику», гаворка ідзе пра два рашэнні гарвыканкаму Гродна, згодна якіх СТАА «Фірма таксапарк» атрымала ў сталае карыстанне два ўчасткі зямлі фактычна ў цэнтры Гродна. Першае рашэнне было прынятае ў лістападзе 2001 года, другое — у лютым 2004-га. Акурат у той час, калі Гродзенскай вобласцю пачаў кіраваць Уладзімір Саўчанка. Кошт участкаў, па ацэнцы АБЭЗ, склаў больш за 1,4 млрд рублёў. Праўда, яшчэ раней абставіны выдзялення ўчастка зямлі правяраў КДК, і ён ацаніў участкі ў 111 млн рублёў.
СТАА «Фірма таксапарк» вельмі добра вядомая ў Гродне. Кампанія аказвала транспартныя і турыстычныя паслугі для арганізацый і прыватных асоб, у тым ліку арганізоўвала паездкі на аўтобусе «Неаплан» у Хмяльніцкі, экскурсійныя туры ў Кіеў, Санкт-Пецярбург, Львоў, па Залатым колцы Расіі, адпачынак на турбазы «Сокал Гара» ў Смаленску , рэгулярны рэйс Гродна-Варшава-Гродна, прадавала аўтобусныя білеты ў іншыя краіны Еўропы.
Характэрна, што за мінулыя 9 і 5 гадоў рашэнні аб выдзяленні зямлі СТАА «Фірма таксапарк» не аднойчы правяраліся і кожны раз прызнаваліся правамернымі. Як кажуць у Гродне, уся сутнасць у тым, што рашэнне прымалася не ў гарвыканкаме. Адпаведнае распараджэнне паступала з аблвыканкама. Вось толькі ад каго? Нібыта хтосьці з кабінета старшыні аблвыканкама меў блізкія сувязі з уладальнікамі буйной прыватнай кампаніі. Пагаворваюць нават, што менавіта з гэтым зямельных скандалам, які АБЭЗ раскруціў акурат у студзені, і звязана адстаўка кіраўніка вобласці Уладзіміра Саўчанкі.
Праўда гэта ці не, пакуль сказаць складана, але зараз супрацоўнікі АБЭЗ старанна вывучаюць абставіны выдзялення зямлі ў Гродне і бяруць тлумачэнні ва ўсіх, хто меў да гэтага нейкія адносіны. Акрамя гэтага, АБЭЗ ужо ўдалося дамагчыся адмены раней прынятых рашэнняў аб выдзяленні ўчасткаў як незаконных, што выводзіць скандал на прынцыпова новы ўзровень.
Па-першае, у вельмі непрыемную сітуацыю трапляе СТАА «Фірма таксапарк». За 9 і 5 гадоў, якія прайшлі з часу выдзялення зямлі, на абодвух участках былі ўзведзеныя аб’екты нерухомай маёмасці, з якімі зараз не зразумела, што рабіць. Паколькі рашэнні аб выдзяленні зямлі прызнаныя незаконнымі, то і незаконнымі з’яўляюцца пабудаваныя на іх аб’екты, якія цяпер трэба нібыта зносіць.
Па-другое, сам факт прызнання рашэнняў незаконнымі кажа аб тым, што мелі месца карупцыйныя дамоўленасці з кімсьці з кіраўніцтва горада або вобласці. Таму за прынятыя рашэнні ў любым выпадку хтосьці павінен адказаць.
Як удалося даведацца «Ежедневнику», крымінальныя справы пакуль не распачалі, але сам зямельны скандал падняў у вобласці сур’ёзную антыкарупцыйную хвалю. Пад яе трапіў былы кіраўнік вобласці У. Саўчанка ці не, у дадзеным выпадку не так і важна. Куды цікавей іншае — хто стане той фігурай, на якую ўсе гэтыя карупцыйныя
дзеянні спішуць?
І ўсё ж, у справе вельмі шмат незразумелага. Ацэнка ўчастка з боку МУС і КДК чамусьці адрозніваецца ў некалькі разоў. Ды і сам ён уяўляе сабой вельмі сумнеўную каштоўнасць, нават у якасці карупцыйнага аб’екта. Зямля ў 0,3 га, аб якой ідзе гаворка — гэта не той аб’ект, на якім можна раскруціць карупцыйны скандал і з якім стане звязвацца кіраўнік вобласці. Але тым часам, хваля паднялася і незразумела чаму?
Глядзі яшчэ:
Саўчанка падаў у адстаўку