Найлепшы рэдактар тэлеканала СТБ: Мая кар'ера пачыналася з грузчыка

Источник материала:  

Найлепшы рэдактар тэлеканала СТБ:  Мая кар'ера пачыналася з грузчыкаДАВЕДКА "ЗВЯЗДЫ"

Уладзiмiр Казанкоў, 27 гадоў, жанаты.

Адзiн з першых i самых паспяховых беларускiх iнтэрнэт-рэдактараў.

Сёлета рыхтуе да абароны кандыдацкую дысертацыю на тэму "Палiтычная культура журналiста i iнфармацыйная бяспека ў грамадстве".

Выкладчык кафедры сацыялогii журналiстыкi Інстытута журналiстыкi БДУ.

Загадчык аддзела iнтэрнэт-вяшчання тэлеканала "Сталiчнае тэлебачанне". Прызнаны найлепшым рэдактарам тэлеканала за 2009 год.

Чаму ў карыстальнiкаў iнтэрнэту вялiкай папулярнасцю карыстаюцца парнаграфiчныя рэсурсы? Чаму сучасныя наведвальнiкi глабальнага сецiва падкiя на "жоўтыя" сенсацыi, а не на сур'ёзныя артыкулы?

Уладзiмiр КАЗАНКОЎ, адзiн з найлепшых iнтэрнэт-рэдактараў краiны, распавёў "Звяздзе", як можна выхаваць пачуццё густу ў беларускiх iнтэрнэт-карыстальнiкаў.

Уладзiмiр Казанкоў падымае рэйтынгi газетных i тэлевiзiйных сайтаў краiны ў разы. А ў 2009 годзе яго прызналi найлепшым рэдактарам тэлеканала СТБ, iнтэрнэт-старонка якога стала лiдарам беларускiх тэлевiзiйных iнтэрнэт-рэсурсаў.

Пытаюся ў рэдактара, колькi гадоў ён вывучае iнтэрнэт.

— Насамрэч першы камп'ютар я набыў на апошнiх курсах унiверсiтэта. А ў свой час увогуле збiраўся пайсцi вучыцца на мiлiцыянера.

— Няўжо?

— Рэч у тым, што бацька мой служыў у марскiм флоце, i нарадзiўся я ў Баку, вучыўся ў мясцовай школе. Потым сям'я пераехала ў Крым, дзе я жыў доўгi час i скончыў звычайную сярэднюю школу. Там i збiраўся паступаць на мiлiцыянера.

— Чаму гэтага не адбылося?

— Я добра здаў усе псiхалагiчныя тэсты, фiзiчную падрыхтоўку, але запрашэнне здаваць экзамены да мяне не прыйшло.

— Як ты апынуўся ў Беларусi?

— Я этнiчны беларус, i мы вярнулiся на гiстарычную Бацькаўшчыну, у Чачэрск. Праз год знаёмая прапанавала ехаць у Мiнск здаваць экзамены. Яна дала мне кнiжку "Зборнiк ВНУ", i высветлiлася, што на журфак БДУ трэба здаваць амаль такiя ж экзамены, як на мiлiцыянера ва Украiне. Але для факультэта журналiстыкi патрэбныя артыкулы. Я пайшоў у газету "Чачэрскi веснiк" i напiсаў лiрычную замалёўку пад назвай "У прыродзе ўсё гарманiчна", а пасля яшчэ некалькi нататак. Цяпер да паступлення на журфак усё было гатова. I ў мяне атрымалася, пытаннi на iспытах трапiлiся тыя, якiя я добра ведаў.

"Мой першы iнтэрнэт-сайт быў пра начное жыццё ў Мiнску"

— Стыпендыю выплачвалi ў памеры 20 тысяч рублёў (каля 10 долараў на той час). Хапала яе на тыдзень. Вопратка ў мяне таксама была старая, хадзiў у чаравiках i трэнiках, аднагрупнiкi пасмейвалiся, але я асаблiва не пераймаўся. Па праграме ва ўнiверсiтэце таксама паспяваў з цяжкасцю. Перш-наперш не ведаў беларускай мовы, але быў энтузiязм, i ў вынiку вельмi хутка нацыянальную мову вывучыў. У вынiку атрымаў за вынiковы тэст 8 балаў (з гэтага моманту гутаркi Уладзiмiр Казанкоў перайшоў на беларускую мову. — Аўт.).

— Ты адзiн з першых паспяховых раскрутчыкаў iнтэрнэт-СМI ў Беларусi? З хлопцам, якi збiраўся пайсцi ў мiлiцыю, гэта не вяжацца.

— Да iнтэрнэту я прыйшоў не адразу. Спачатку ў студэнцкiя гады працаваў на рынку "Ждановiчы" грузчыкам. Так зарабiў 400 долараў i набыў першы камп'ютар, якi пацiху асвойваў, выкарыстоўваючы iнфармацыю з iнтэрнэту. Паралельна з навучаннем падпрацоўваў будаўнiком. Аднойчы вяртаўся ў студэнцкi iнтэрнат з Фанiпаля, дзе будавалi катэдж, i раптам зразумеў — хопiць, прыйшоў час зарабляць грошы галавой, раз ужо вучуся ў галоўнай ВНУ краiны.

— У тыя часы людзi ўвогуле цьмяна разумелi, што такое iнтэрнэт. Чаму ты вырашыў працаваць у гэтай сферы?

— Непасрэднае напiсанне артыкулаў у газеты не надта мяне вабiла, адпiскi рабiць не хацелася. За сур'ёзныя матэрыялы ў шмат якiх газетах мала плацяць. Я вырашыў пайсцi iншым шляхам, стварыў свой СМI ў iнтэрнэце — сайт пра начное жыццё ў Мiнску. Наведваў вечарыны ў сталiчных клубах, пiсаў з iх рэцэнзii, знайшоў фатографаў, якiя бясплатна рабiлi здымкi. Наведвальнiкам вечарынаў раздаваў вiзiтоўкi з надпiсам "Вашы фотаздымкi ў iнтэрнэце". Гэтак жа я пазней пераключыўся на канцэрты. Наведвальнасць сайта вырасла да 1000 чалавек за суткi, што на той час было нямала. Аднак праект перастаў быць для мяне цiкавым, i я зрабiў iншы сайт — усё пра Iталiю: нерухомасць, туры, людзi. Аформiў дакументы на iндывiдуальнага прадпрымальнiка, што-нiшто зарабляў рэкламай, якую давалi на гэты сайт. Дзякуючы гэтым праектам, я навучыўся прыцягваць аўдыторыю, рабiць дызайн. Пазней зразумеў, што хачу працаваць менавiта з iнтэрнэт-версiямi вядомых сродкаў масавай iнфармацыi. Размясцiў аб'яву ў iнтэрнэце, праца знайшлася за адзiн дзень — запрасiлi ў газету "Комсомольская правда" в Беларуси".

Калi знiкнуць папяровыя газеты?

—Лiтаральна праз некалькi месяцаў я быў прызначаны загадчыкам iнтэрнэт-аддзела, наведвальнасць сайта пачала хутка расцi. У вынiку за паўтара года ўдалося раскруцiць рэсурс у чатыры разы — з 5000 наведвальнiкаў за суткi да 20000. "Камсамолка" на той час займала першае месца сярод усiх iнфармацыйных сайтаў краiны. Праўда, развiваць такiя праекты не надта складана. У выданнi шмат расiйскiх матэрыялаў, працуе вялiкая каманда журналiстаў. Тым не менш, мяне цiкавiла праца з сур'ёзнымi, сацыяльнымi матэрыяламi. Таму, калi я даведаўся, што ў аддзеле iнтэрнэт-вяшчання тэлеканала СТБ ёсць вакансiя, пайшоў туды працаваць. На той час сайт СТБ меў невысокiя рэйтынгi — 500-700 наведвальнiкаў за суткi.

— Наколькi я ведаю, цяпер сайт "Сталiчнага тэлебачання" больш рэйтынгавы за iнтэрнэт-старонку "АНТ"...

— Цяпер нас наведвае прыкладна 5000 чалавек за суткi. Калi з'яўляюцца нейкiя "выбуховыя" матэрыялы, то да 10000 чалавек. Найперш мы пачалi дагаджаць людзям, адказваць на ўсе пытаннi, якiя задавалiся праз форум. Выстаўляць на сайт усе цiкавыя перадачы. Зрабiлi забаўляльныя праекты. Напрыклад, людзi дасылаюць нам фотаздымкi з дзецьмi, i пра пераможцаў мы здымаем сюжэты. Зрабiлi блогi вядучых. Навiны пачалi выстаўляць як мага больш аператыўна. Афармляць iх сталi згодна з найноўшымi сусветнымі тэхналогiямi. Урэшце мы наладзiлi супрацоўнiцтва з найлепшымi пошукавымi службамi. Ды i кiраўнiк дырэкцыi спецпраектаў тэлеканала Генадзь Салдатаў спрыяў развiццю сайта.

— Выходзiць, калi Iнстытут журналiстыкi БДУ падрыхтуе такiх жа iнтэрнэт-спецыялiстаў, як ты, то яны выцiснуць папяровыя выданнi з рынку?

— Смерцi друкаваных СМI пакуль не прадбачыцца. З'явiлiся спецыялiзаваныя выданнi, якiя карыстаюцца попытам. Калi iнфармацыйныя друкаваныя СМI памруць, то аналiтычныя будуць жыць. Нават мне не заўсёды хочацца глядзець у ноўтбук i ламаць вочы. Друкаваныя выданнi чытаць куды больш прыемна.

— Якiя iнтэрнэт-праекты раскруцiць лягчэй за ўсё?

— У iнтэрнэце шмат лянiвых людзей, большасць цiкавяцца рэфератамi, парнаграфiяй i бясплатнай музыкай. У iнтэрнэце чалавек пераўтвараецца ў ананiма. I калi фактар ананiмнасцi спалучаецца, скажам, з "жоўтымi" сенсацыямi, то гэта сапраўдная бомба. Часта на сайты такiя матэрыялы выстаўляюцца пад маскай задавальнення попыту чытачоў. Дык калi чалавек, скажам, педафiл, што, яго цiкаўнасць неабходна задавальняць? Найперш неабходна выхаваць у людзях густы.

— Беларускую журналiстыку многiя крытыкуюць, маўляў, адстае ад узроўню заходнееўрапейскай, расiйскай, украiнскай. Як рэанiмаваць нашы СМI?

— На мой погляд, гэта меркаванне вельмi эмацыйнае — але праблема ёсць. Датычыцца яна не толькi Беларусi, але i, напрыклад, Вялiкабрытанii. Па звестках даследчай кампанii GFK Grоuр, паказчык даверу да СМI з боку насельнiцтва там не большы за 17 %.

Праблема ў тым, што ў сучасных газетах мала аналiтычных матэрыялаў. Рыхтаваць iх вельмi складана, а плацяць за такую працу не заўсёды адэкватна. Таму для газет характэрна iнфармацыйная хваля, якая ў тым лiку звязана з нiзкiм узроўнем палiтычнай культуры. Навуковая дысертацыя, якую я рыхтую, якраз закранае гэта пытанне. Часта журналiсты не бачаць цэлай карцiнкi, вырываюць словы чыноўнiкаў з кантэксту, i тыя выглядаюць недарэчна. Журналiсты часта не ведаюць, чые iнтарэсы яны адстойваюць, не разумеюць, што журналiстыка павiнна абслугоўваць грамадзян, а не асобных бiзнэсменаў альбо чыноўнiкаў. Важна, каб у нас нарэшце з'явiлiся штодзённыя аналiтычныя iнтэрнэт-СМI, якiя былi б арыентаваныя выключна на iнтарэсы грамадзян.

Каб маладыя журналiсты дакладна вызначалi, якiя iнтарэсы стаяць за тым цi iншым СМI, у Iнстытуце журналiстыкi БДУ пад кiраўнiцтвам Васiля Вараб'ёва чытаюцца курсы па так званай медыяадукацыi.

Будучыня ў беларускай журналiстыкi ёсць.

Гутарыў Яўген ВАЛОШЫН.

←В поисках утраченного

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика