Цудадзейная вада

Источник материала:  

Уяўленнi аб цудадзейнасцi вады ўзнiклi ў свядомасцi нашых продкаў хутчэй за ўсё дзякуючы яе прыродным якасцям: свежасцi, празрыстасцi, здольнасцi ачышчаць чалавека як фiзiчна, так i энергетычна.

 Стаўленне да вады цалкам абапiралася на цэласную карцiну свету, на ўсю складаную сiстэму светапоглядных уяўленняў. Статус вады, яе характарыстыкi i, адпаведна, стаўленне да яе чалавека прадвызначалiся месцам яе знаходжання i той добрай або дрэннай славай, якая за iм замацавалася.

 Шматлiкiя помнiкi пiсьменнасцi сведчаць, што старажытныя славяне з асаблiвай пачцiвасцю ставiлiся да крынiц — месца самастойнага выхаду вады на паверхню зямлi. Тое месца, дзе пачынала "звiнець" вада, ачышчалi ад смецця i буралому, ставiлi невялiчкiя агароджы, маркiравалi апазнавальнымi знакамi. Пазней гэтым знакам стаў крыж, на якi павязвалi ручнiк, i гэта месца станавiлася месцам маленняў, сустрэч, выканання рытуальных дзеянняў.

 Каб збылося пажаданне або знiкла старая хвароба, вадзе прыносiлi ахвяру — манету або iншыя рэчы; у некаторых выпадках на галiнкi дрэва каля крынiцы мацавалi невялiчкi кавалак тканiны або пояс. Да крынiцы прыходзiлi маладыя, каб прамовiць малiтву вернасцi, каб заручыцца падтрымкай святога месца, каб iх сумеснае жыццё было такiм жа светлым, чыстым, як крынiчная вада. Да крынiцы прыносiлi немаўлятка, каб далучыць яго да жыццёвай ручаiны роду. Каля крынiцы воiны прысягалi на вернасць роднаму краю i бралi з сабой "жывую" ваду, якая, верылi, уратуе на полi бою, а калi што, загоiць раны.

 Асаблiвай пашанай у народным асяроддзi карысталiся праяўленыя абразы, а таксама тыя мясцiны (дрэва, бераг ракi, крынiца, узгорак), дзе яны былi знойдзены. Як правiла, у тых месцах будавалi каплiцы i нават храмы, як, напрыклад, у в. Жыровiчы Слонiмскага раёна. Там жа, непадалёку адна ад адной, б'юць тры крынiцы, вада ў якiх лiчыцца цудадзейнай. Вобраз Багародзiцы або якiх-небудзь святых, адлюстраваных на праяўленых абразах, становiцца апекуном гэтай мясцовасцi.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

Нам хацелася б звярнуцца да нашых паважаных чытачоў: калi ласка, напiшыце нам на адрас рэдакцыi пра крынiчку (а можа быць, пра камянi-следавiкi, крыжы, свяшчэнныя дрэвы, пагоркi), якiя ёсць у вашай мясцовасцi, пра тыя цуды, якiя адбываюцца з iх удзелам, i разам мы складзём "АТЛАС СВЯТЫХ МЯСЦIНАЎ НАШАЙ РАДЗIМЫ". Мы, у сваю чаргу, абяцаем абавязкова прыехаць да вас у госцi i расказаць пра ваша "святое" месца на старонках перыядычнага друку.

←В поисках утраченного

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика