За 2009 год колькасць насельніцтва Беларусі зменшылася на 13 тысяч
Колькасць насельніцтва Беларусі за студзень—снежань 2009 года зменшылася на 13 тысяч у параўнанні з 2008 годам.
Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, па стане на 1 студзеня 2010 года ў краіне жыло 9 млн. 480,2 тыс. чалавек.
Інфармацыя атрымана паводле звестак бягучага ўліку і папярэдніх вынікаў перапісу насельніцтва 2009 года.
У Мінску за 2009 год колькасць насельніцтва павялічылася з 1 млн. 804,7 тыс. да 1 млн. 834,2 тысячы.
У астатніх рэгіёнах краіны гэты паказчык знізіўся. Так, у Гомельскай вобласці на 1 студзеня 2010 года налічвалася 1 млн. 438,3 тыс. жыхароў (на 1 студзеня 2009 года — 1 млн. 442,2 тыс.), у Мінскай — 1 млн. 418,9 тыс. (1 млн. 430,1 тыс.), у Брэсцкай — 1 млн. 398,7 тыс. (1 млн. 403,9 тыс.), у Віцебскай — 1 млн. 228,6 тыс. (1 млн. 236,4 тыс.), у Магілёўскай — 1 млн. 91,9 тыс. (1 млн. 100,8 тыс.), у Гродзенскай — 1 млн. 69,6 тыс. (1 млн. 75,1 тыс.).
За 2009 год у краіне нарадзілася 109 тыс. 813 дзяцей (на 1 тыс. 937 больш у параўнанні з 2008 годам), памерла 133 тыс. 879 чалавек (на 1 тыс. 177 больш).
У гэты ж перыяд у краіну прыбыло 19 тыс. 892 чалавекі, паехала з краіны — 7 тыс. 643. Міграцыйны прырост склаў 12 тыс. 249 чалавек.
У 2009 годзе ў параўнанні з 2008 годам колькасць зарэгістраваных шлюбаў павялічылася на 2,1% (да 78 тыс. 800), скасавання шлюбаў — скарацілася на 4,4% (35 тыс. 56).