Вярнуць нашаму гораду карону 830-годдзя
Думаю, што з 1980 года наш горад у "крыўдзе" на нас за тое, што яго амаладзiлi на цэлых 200 гадоў. Ды i нашы продкi, там на нябёсах, глядзяць на нас з нямым пытаннем: мы што — не жылi, чаму нас выкраслiлi з зямнога жыцця, прычым не адно пакаленне?
Гiстарычная навука, археолагi не будуць спрачацца, што на тэрыторыi Лiдскага раёна ў Х—ХІI стагоддзях пражывалi дайноўцы, чарнарусы, лiцвiны — беларусы, крывiчы. У гэты час тут размяшчалася Дайноўскае княства з цэнтрамi Дайнова, Жырмуны, Лiда. I другiм цэнтрам пасля Дайновы была Лiда, якая пазней стала цэнтрам Дайноўскага княства, маю смеласць гэта сцвярджаць, i вось чаму.
Вядомыя даследчыкi Лiтвы Нарбут i Юшкевiч у сваiх працах зазначалi, што Лiда ўпершыню ўзгадваецца ў летапiсах у 1180 годзе. Абапiралiся яны на архiўную перапiску графа Тызенгаўзена, якi ў каралеўскiм архiве Панятоўскага знайшоў дакументы, дзе ўзгадваецца наш горад. З iх зрабiў копiю i даслаў у Лiду. Гэтая выпiска была зроблена з вiзантыйскай крынiцы, i можна сказаць, з'яўлялася своеасаблiвым пашпартам нашага горада. Захоўвалася яна ў архiвах нашага замка, якi быў вывезены ў 1812 годзе ў Маскву, дзе i згарэў падчас уваходжання Напалеона ў Маскву.
Графы Еўстафiй i Канстанцiн Тышкевiчы таксама сцвярджалi, што Лiда была цэнтрам Дайноўскага княства ў ХII—ХIII стагоддзях i мела ўсе атрыбуты княскай стаўкi з умацаваным драўляным замкам. Пазней на месцы старога драўлянага замка быў пабудаваны каменны замак Гедымiна, якi мы бачым цяпер. Спасылалiся яны зноў на Тызенгаўзена i дакументы князя Чартарыйскага, якi атрымаў iх ад Сперанскага — мiнiстра пры Аляксандры I. Сперанскi курыраваў працу Карамзiна па напiсаннi гiсторыi Расiйскай дзяржавы. Усё, што не ўкладалася ў рэчышча палiтыкi Масквы— Пецярбурга, замоўчвалася цi знiшчалася.
Размова вядзецца аб працы Тацiшчава за ХVIII стагоддзе, дзе гэты гiсторык спасылкай на старажытныя дакументы паказаў iснаванне двух цэнтраў Русi: Лiтвы i Масквы. Паводле Тацiшчава, прарадзiма славян аказалася на тэрыторыi Лiтвы i Белай Русi, а не ў Ноўгарадзе i Кiеве, а гэта iшло ўразрэз з палiтыкай Расiйскай iмперыi. Сперанскi перадаў Чартарыйскаму шэраг дакументаў, якiя належалi Тацiшчаву.
Яшчэ ў 1971 годзе я ўпершыню пачуў ад свайго настаўнiка, дырэктара школы Мiкалая Iвашына (хто вучыўся ў першай школе ў тыя гады, памятаюць, наколькi добра i аб'ёмна гэты чалавек ведаў гiсторыю), што дата заснавання нашага горада — 1180 год, пры гэтым ён спасылаўся на крынiцы варагаў у Стакгольме i на Тацiшчава... У 1989 годзе практычна падобны варыянт аб узгадваннi Лiды я пачуў ад пiсьменнiка Валянцiна Пiкуля, якi расказваў мне пра князя Мiндоўга i залаты абоз татарскiх ханаў Шэйбака i Баклая, якiх разбiў Мiндоўг, пра гэта я раней пiсаў у "Звяздзе" ў матэрыяле "Беларускi залаты трохкутнiк". Пiкуль тады сцвярджаў, што Мiндоўг быў Дайноўскiм князем на рэках Вiлii i Жыжме i быў нашчадкам княскага роду Рагвалодавiчаў.
Вiзантыйцы апiсвалi пасольства шведскага канунга, якiя прыбылi на перамовы з iмператарам Вiзантыi ў 1180 годзе. Акрамя дзяржаўных пытанняў варагi-русы прасiлi ў кесара- нашчадка дапамагчы iм у адной справе: па дарозе ў Канстанцiнопаль яны спынялiся i гасцявалi ў Дайноўскага князя на рацэ Вiлii, у гарадах княства Жырмунах i Лiдзе. Прымаў iх князь Давiд з малалетнiм князем Рынгольдам ў Лiдзе. Давiд прасiў варагаў знайсцi яго брата, калi той жывы, i яго дзяцей. Плату ён за гэта даў вялiкую i прыставiў да пасольства сваiх людзей у дапамогу. Ён расказваў, што ў Лiдзе i Дайнове ён у малалецтве аказаўся са сваiм дзядзькам князем Маўкольдам у 1128 годзе, калi кiеўскi князь Мсцiслаў Уладзiмiравiч разбiў i ўзяў у палон яго вотчыну горад Полацк. Дзядзьку i яму ўдалося збегчы з палону, бо iх замянiлi надзейныя людзi. Князя Расцiслава полацкага, брата яго Давiла з сынам, сем'i iх Мсцiслаў адправiў у Канстанцiнопаль у палон. Вось Давiд i шукаў свайго бацьку Давiла i брата.
Маю смеласць падумаць, што Тызенгаўзен менавiта з гэтага дакумента здымаў копiю, дзе Лiда ўзгадваецца ў 1180 годзе.
Мiндоўг быў жа сынам Рынгольда, якi ўзгадваецца ў вiзантыйскiх крынiцах.
Шкада, што многiя працы i дакументы графоў Тышкевiчаў згарэлi падчас Другой сусветнай вайны.
Думаю i ўпэўнены, што знойдзецца больш за тысячу чалавек, якiя пастаянна жывуць у Лiдзе, якiя пацвердзяць мае словы, што да 1980 года на слупах, што стаялi пры ўездзе ў наш горад, датай заснавання Лiды называўся 1180 год. Дык, чаму ж у 1980 годзе наш горад "амаладзiлi" на цэлых 200 гадоў? Можа палiчылi, што нейкая Лiда ледзь-ледзь не дацягвае да 800-годзя Белакаменнай (1147), а гэта абуральна!..
Лiчу i прапаноўваю ўсiм светам вярнуць нашаму гораду страчаныя гады i адзначыць сёлета 830-годдзе Лiды. Уладзiмiр Ксенз. Дык колькi гадоў Лiдзе?Калi прыйшоў гэты лiст, першае банальнае журналiсцкае ўражанне: "запахла смаленым". Насамрэч, да 1980 года датай заснавання Лiды лiчыўся 1180 год. Сапраўды цiкава, чаму горад стаў "маладзейшым", тым больш, што ў дачыненнi да населеных пунктаў больш характэрна прыплюсоўваць узрост. Але шмат з таго, што змешчана ў тэксце аўтара, насцярожвае, дакументы, на якiя ён спасылаецца, не захавалiся. Мiж iншым дата, устаноўленая ў васьмiдзясятых гадах мiнулага стагоддзя, з якой адлiчвалася гiсторыя Лiды (1380), лiтаральна пару гадоў была зменена на 1323. Дык колькi зараз гадоў гэтаму гораду? Каб разабрацца з гэтым, я звярнулася па дапамогу да навукоўцаў.
Супрацоўнiкi Лiдскага гiсторыка-мастацкага музея мяркуюць, што годам нараджэння горада трэба лiчыць 1323-i, калi тут пачалося будаўнiцтва замка вялiкiм князем Гедымiнам, тым больш што пытанне пра дату, з якой трэба адлiчваць гiсторыю горада, неаднойчы ўзнiмалася, праведзены сур'ёзныя даследаваннi. "Сёння няма крынiц, якiя могуць пацвердзiць, што першыя згадкi пра горад адносяцца да 1180 года, археалагiчныя раскопкi, што праводзiлiся ў сямiдзясятых—васьмiдзясятых гадах, таксама не пацвярджаюць гэтага", — заўважае супрацоўнiк музея Настасся Каладзяжная. Яна падказала, што пытанню наконт заснавання Лiды прысвечаны артыкул ў часопiсе "Лiдскi летапiсец", № 1 за 1997 год. Ужо не першы год вядуцца спрэчкi наконт даты, якую трэба браць за пункт адлiку гiсторыi горада. Лiчбы 1180 падтрымлiваўся дарэвалюцыйны гiсторык Мiхаiл Шымялевiч, якi прытрымлiваўся думкi, што людзi абжылi гэту тэрыторыю яшчэ ў Х стагоддзi, тут iснавала пасяленне, характэрнае для племенi яцвягаў, якiя засялялi Панямонне ў Х—ХІII стагоддзях. Летапiсы ўзгадваюць 1283 год, калi iснавала Дайноўскае княства, якое размясцiлася на землях Лiдчыны ў ХII—ХIII стагоддзях i цэнтрам якога была вёска Дайнова (якая iснуе i цяпер).
Самая старажытная дата з'яўлення Лiды была змешчана ў Польскай вялiкай ўсеагульнай энцыклапедыi, том 6. З'явiлася гэта дата дзякуючы двухсэнсавай фразе вядомага польскага гiсторыка ХIХ стагоддзя, жыхара Лiдскага павета Тэадора Нарбута. Да пятага тома свайго вялiкага дзевяцiтомнага даследавання па гiсторыi Лiтоўскага княства Т. Нарбут дадаў невялiкае сачыненне на чатыры старонкi "Крыху з гiсторыi горада Лiды", якое пачынаецца так: "Гэтае месца пасля заваёвы княства Дайноўскага каля 1180 года, у якiм размяшчалася, ёсць паселiшча Лiтоўскае". Неканкрэтнае па сэнсе меркаванне з цягам часу ператварылася ў перакананне, што Лiда была заснаваная ў гэтым годзе, i падтрымлiваецца сучаснымi лiтоўскiмi энцыклапедыямi.
Яшчэ адна дата, звязаная з гiсторыяй горада, узгадваецца ў гiсторыка-эканамiчным нарысе "Лiда", якi быў надрукаваны ў 1976 годзе. Там напiсана пра нашэсце татар, што "ў 1242 годзе лiтоўскi князь Мiндоўг адбiў iх напад ля Лiды". Але аўтар нарыса, не паведамiў пра першакрынiцу, з якой ўзятыя гэтыя звесткi, i таму iх немагчыма праверыць. У 1242 годзе татарскiя плямёны ўварвалiся ў Панямонне, але пад Васiлiшкамi пацярпелi паражэнне, i iх кiраўнiк Шайбак-хан быў забiты (захавалiся назвы Шайбак-поле i вёска Шайбакi).
Але большасць гiсторыкаў прытрымлiваецца даты 1323, калi тут пачалося будаўнiцтва Лiдскага замка. Дата гэта называецца i Тэадорам Нарбутам, якi пiша, што ў гэтым годзе быў закладзены замак. У 1341 годзе Гедымiн памёр, але ў пастаменце, якi ён пакiнуў, апiсваецца, што ён завяшчае сваiм сынам. Там узгадваюцца 15 гарадоў, сярод якiх i Лiда (менавiта горад, а не замак).
У 1980 годзе, калi многiя гарады святкавалi юбiлеi, кiраўнiцтва Лiды таксама вырашыла зрабiць вялiкае свята. Калi савецкая сiстэма трашчала, меркавалася, што гэта будзе штуршком для развiцця горада. Дату 1380 прапанаваў Аляксандр П'янкоў — адзiн з аўтараў гiсторыi Беларускай ССР, выдадзенай ў Мiнску ў 1961 годзе, якая пасля была прадубляваная беларускiмi энцыклапедыямi.
Супрацоўнiкi Iнстытута гiсторыi Акадэмii навук таксама ўпэўненыя, што гiсторыя Лiды пачынаецца з моманту будаўнiцтва замка Гедымiнам у 1323 годзе. Па-першае, гэта дакладна вядомая дата. Па-другое, гiсторыя многiх гарадоў так i пачыналася, стваралася абарончае збудаванне — i там узнiкаў горад. Прапановы ад людзей, якiя хочуць зрабiць свае гарады больш старажытнымi, даволi часта паступаюць навукоўцам. Але цi трэба зрушваць ужо вызначаныя даты? Звычайна сваю гiсторыю гарады пачынаюць з даты, упершыню ўзгаданай ў летапiсах. Але нават пры такiм раскладзе нельга сказаць, што горад не iснаваў яшчэ да таго, як з'явiлiся першыя дакументальныя пацвярджэннi таму. I пры жаданнi можна састарыць шмат населеных пунктаў Беларусi, напрыклад, калi становiцца вядомым, што на пэўнай тэрыторыi раней iснавала нейкае пасяленне. "Напэўна, гэта не зусiм карэктна пачынаць гiсторыю горада з тых часоў, калi з'яўляюцца першыя звесткi пра людзей, што сялiлiся на пэўнай тэрыторыi", — мяркуе гiсторык Марат Клiмаў. А што думаюць нашы чытачы? Алена Дзядзюля.