Партыi спяць?
Выбары-2010
Ва ўсякiм разе, пры вылучэннi ў тэрытарыяльныя выбаркамы яны не надта актыўнiчалi
Учора быў апошнi дзень, калi працоўныя калектывы, палiтычныя партыi, грамадскiя аб'яднаннi i грамадзяне маглi вылучыць сваiх прадстаўнiкоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камiсiй. Першымi навiнамi распачатай электаральнай кампанii падзялiўся сакратар ЦВК Мiкалай ЛАЗАВІК:
— Усяго павiнна быць сфармiравана 1495 тэрытарыяльных выбарчых камiсiй. У тым лiку шэсць абласных, адна мiнская гарадская, 118 раённых, 12 гарадскiх — гарадоў абласнога падпарадкавання, 14 гарадскiх — гарадоў раённага падпарадкавання, 56 пасялковых i 1288 сельскiх. Столькi Саветаў у адпаведных тэрытарыяльных узроўнях павiнна быць сфармiравана ў Рэспублiцы Беларусь падчас выбараў, якiя маюць адбыцца. У склад гэтых камiсiй вылучана 13106 прэтэндэнтаў.
Хто ж яны? Лiдзiруюць у гэтым рэйтынгу прэтэндэнты, прапанаваныя грамадзянамi — шляхам падачы заяў: такiх было 7216 (а гэта нi многа, нi мала 55,1 %). Замыкаюць тройку працоўныя калектывы: яны пажадалi вылучыць 1590 кандыдатур (што склала 12,1 %). Пасярэдзiне ў абсалютных лiчбах апынулiся палiтычныя партыi i грамадскiя аб'яднаннi — 4300 асобаў (32,8 %). Аднак доля палiтпартый, як высветлiлася, наогул мiзэрная — яны вылучылi ўсяго 149 чалавек. Нямногiм больш за адзiн працэнт у агульнай масе прэтэндэнтаў!
— I потым скардзiцца, што ўключылi мала прадстаўнiкоў палiтычных партый у склад тэрытарыяльных камiсiй, будзе проста нелагiчна, — кажа М.Лазавiк. — Такi працэнт вылучэння можа быць i не заўважаны.
Ну, i цяпер персаналiзаваная статыстыка: у адпаведнасцi з iнфармацыяй сакратара Цэнтрвыбаркама, Камунiстычная партыя Беларусi прапанавала больш за палову кандыдатур — 82 чалавекi, Беларуская партыя аб'яднаных левых "Справядлiвы свет" (раней вядомая як Партыя камунiстаў Беларуская) — 21 чалавека, Аб'яднаная грамадзянская партыя — 14, Лiберальна-дэмакратычная партыя Беларусi — дзевяць прэтэндэнтаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — восем, БНФ i Рэспублiканская партыя працы i справядлiвасцi — па шэсць, Беларуская аграрная партыя — двое прэтэндэнтаў, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя — аднаго...
— Вылучэнцаў ад партый на агульным фоне практычна i не вiдаць. Партыi спяць, — рэзюмаваў спадар Лазавiк. — I тыя заканадаўчыя змены, якiя пашырылi магчымасцi палiтычных партый для вылучэння сваiх прадстаўнiкоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камiсii, абсалютна не выкарыстоўваюцца.
Ён не выключае, што гэта нейкая асаблiвая тактыка: "Некаторыя палiтыкi кажуць, што ў тэрытарыяльных камiсiях нiчога не вырашаецца, таму туды не варта накiроўваць сваiх прадстаўнiкоў". Другая ж яго версiя — "беднасць рэсурсаў".
— А можа, яшчэ не разварушылiся, прычын можа быць шмат, — дзелiцца з намi развагамi Мiкалай Лазавiк. — Але хутчэй усё ж тактычны ход. Як заяўляюць некаторыя палiтыкi, вырашальны ўдзел бяруць члены камiсii непасрэдна на ўчастках. А тэрытарыяльныя i акруговыя камiсii, маўляў, не займаюцца падлiкам галасоў, таму iх роля многiмi палiтычнымi партыямi папросту недаацэньваецца.
Грамадскiя аб'яднаннi, паводле яго ацэнкi, спрацавалi больш актыўна. Яны "дэлегавалi" на барацьбу за месцы ў тэрытарыяльных выбаркамах 4151 персону (31,7 % агульнай колькасцi вылучаных). Лiдары тут цалкам чаканыя: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусi (1937 кандыдатур, што склала 14,8 %), БРСМ (535 — 4,1 %), Белая Русь (522 прэтэндэнты вылучана — 3,9 %), Беларускi саюз жанчын (495 — 3,8 %), Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў (308 — 2,4 %) i iншыя. Парадаксальна толькi, што тая прагрэсiўная навацыя па квотах у выбаркаме (не больш за трэць дзяржчыноўнiкаў, не менш за трэць прадстаўнiкоў партый i аб'яднанняў) будзе фактычна цалкам запоўненая не партыямi, якiя па прыродзе сваёй павiнны змагацца за ўладу, а грамадскiмi згуртаваннямi, мэты якiх першапачаткова iншыя...
Што ж, пабачым, як будзе на астатнiх этапах, пры фармiраваннi выбаркамаў iншых узроўняў. Нагадаем, што вылучэнне ў склад участковых выбаркамаў завершыцца сёмага сакавiка. Цi "прачнуцца" партыi да гэтай пары — пакажа час...
Ала МАЧАЛАВА.