Павел ЛАТУШКА: На фiльм ДНЯПРОЎСКІ РУБЕЖ патрачана Br6 мiльярдаў, вернута — 100 мiльёнаў...

Источник материала:  

Павел ЛАТУШКА: На фiльм ДНЯПРОЎСКІ РУБЕЖ патрачана Br6 мiльярдаў, вернута — 100 мiльёнаў...Учора на выніковай калегii Мiнiстэрства культуры за 2009 год былi агучаныя як канкрэтныя поспехi, так i канкрэтныя праблемы.

Калегiя была прадстаўнiчая i цягнулася доўга. На яе сабралiся прадстаўнiкi ўсiх высокiх дзяржаўных органаў апроч Мiнкульта. А супрацоўнiкi сферы культуры з'ехалiся з усяе Беларусi. Што важна — казалi пра рэальныя праблемы, а не пра тое, "як усё добра". Напрыклад, намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама Валеры Малашка паскардзiўся, што ў краiне знiкаюць фабрыкi па вытворчасцi музычных iнструментаў — i для музычных школак ды каледжаў iх замяняюць кiтайскiмi, даражэйшымi i горшымi па якасцi. Намеснiк мiнiстра культуры Вiктар Кураш прывёў вусцiшныя прыклады, калi ў вёсцы Ляхавiчы Іванаўскага раёна ўнiкальную драўляную царкву 1818 года абабiлi сучасным белым сайдынгам, знiшчыўшы выгляд помнiка архiтэктуры! Альбо бязглуздая перабудова да непазнавальнасцi iншай драўлянай царквы, 1838 года, у вёсцы Гошчава Iвацэвiцкага раёна. I такiя выпадкi — ужо не адзiнкавыя... Чыноўнiк заклiкаў мясцовую ўладу не дапускаць такога бясчынства.

Аднак найбольшую цiкавасць усiх прысутных, безумоўна, выклiкала 47-хвiлiннае выступленне мiнiстра культуры Паўла Латушкi. Як заўжды, на бездакорнай беларускай мове спадар Павел казаў...

...ПРА КУЛЬТУРНУЮ I НЕКУЛЬТУРНУЮ МОЛАДЗЬ

— Стан культуры ўплывае на iмiдж краiны. Гэта дакладна вызначыў Прэзiдэнт Беларусi: "Цывiлiзаванай дзяржавы без культуры няма". Аднак вынiкi апошняга сацыялагiчнага даследавання Iнфармацыйна-аналiтычнага цэнтра пры Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта паказваюць, што ў структуры каштоўнасцяў i арыентацый моладзi пераважнае месца займаюць матэрыяльны дабрабыт, здароўе i сям'я. Усё гэта, зразумела, важна. Аднак толькi 48 % сельскай i 42 % гарадской моладзi паказалi, што для iх сярод важкiх каштоўнасцяў знаходзiцца культура. Такая сiтуацыя не можа нас задавальняць. ...Класiк беларускай лiтаратуры Уладзiмiр Караткевiч, чыё 80-годдзе мы будзем адзначаць у гэтым годзе, казаў: "У беларусаў ёсць свая, Богам дадзеная зямля. Яна прыўкрасная. Iншай няма i не будзе. Таму яе трэба берагчы, песцiць. А калi жывеш на гэтай зямлi — павiнен быць яе гаспадаром, ты не маеш права працаваць дрэнна"

  ....ПРА ДАСЯГНЕННІ

— 2009 год быў багаты на падзеi i культурныя дасягненнi. Сярод iх — увод у дзеянне пасля капiтальнага рамонту Вялiкага тэатра оперы i балета, працяг рэканструкцыi помнiкаў гiсторыка-культурнай спадчыны — палацава-паркавага комплексу ў Нясвiжы i замкавага ў Мiры, адкрыццё новых устаноў культуры. У тым лiку двух музеяў, дзесяцi бiблiятэк, трыццацi сямi новых тыпаў клубных устаноў у аграгарадках. Праведзеныя на высокiм мiжнародным узроўнi фестывалi — "Славянскi базар" у Вiцебску, кiнафестываль "Лiстапад", форум тэатральнага мастацтва "Панарама" ў Мiнску, "Залаты шлягер" у Магiлёве... Новым творчым праектам з'явiўся рэспублiканскi конкурс "Зорка ўзышла над Беларуссю", першы этап якога паспяхова прайшоў у гарадах i раёнах краiны. Летась быў рэалiзаваны шэраг важных культурных праектаў. Праведзены год культуры Расii, днi культуры Кiтая, у Маскве праведзеныя днi культуры Беларусi. Падпiсаны мiжурадавыя i мiжведамасныя пагадненнi аб культурным супрацоўнiцтве з Францыяй — дарэчы, некалькi дзён таму — з дзяржавай Катар, Лiтвой, Туркменiстанам. Падпiсаная праграма Года культуры Беларусi ў Расii. Падрыхтаваныя да падпiсання дакументы аб супрацоўнiцтве з Iталiяй, Грэцыяй, Польшчай i Украiнай.

...ПРА НЕДАПРАЦОЎКI

— ...Аднак iснуюць i недапрацаваныя моманты. Германавiцкi музей культуры i побыту з унiкальнай калекцыяй Язэпа Драздовiча не мае фондасховiшча i памяшкання для працы супрацоўнiкаў. На Брэстчыне патрабуюць капiтальнага рамонту будынкi абласнога краязнаўчага музея, адмiнiстрацыйны будынак фiлiяла "Камянецкая вежа", Музей беларускага Палесся, Iвацэвiцкi краязнаўчы музей... Неабходна пабудаваць фондасховiшча ў Музеi гiсторыi Брэста, Мотальскiм музеi, пашырыць фондасховiшча ў Ганцавiцкiм краязнаўчым музеi...

...ПРА АХОВУ ГIСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ

— На працягу мiнулага года 124 адзiнкамi папоўнiўся Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў — i цяпер ён налiчвае 4911 значных аб'ектаў. Неабходна падкрэслiць, што пры рэстаўрацыйна-аднаўленчых работах на гiсторыка-культурных каштоўнасцях асаблiвая ўвага павiнна надавацца безумоўнаму захаванню аўтэнтычнасцi элементаў i канструкцый помнiкаў архiтэктуры. Нельга пад выглядам рэстаўрацыi займацца будаўнiцтвам! Вынiкi нашай працы па рэстаўрацыi гiсторыка-культурных каштоўнасцяў будуць ацэньвацца не толькi намi, але i нашымi нашчадкамi. Неабходна на аб'ектах забяспечваць высокую ступень узаемадзеяння заказчыка, падрадчыка i навуковага кiраўнiка на ўсiх этапах праектавання i рэстаўрацыi. Ад Упраўлення па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны ў найблiжэйшы час чакаю канкрэтных прапаноў па аднаўленнi вертыкалi па пытаннях аховы гiсторыка-культурнай спадчыны. Прашу прапрацаваць унясенне адпаведных зменаў у нарматыўна-прававую базу. Спадзяюся на актывiзацыю адпаведнай працы з боку ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў i Мiнгарвыканкама, раённых аддзелаў культуры. ...Апроч дзяржаўнага фiнансавання неабходна шукаць iншыя крынiцы. Гэта могуць быць сродкi прыватных — як беларускiх, так i замежных — iнвестараў, а таксама выхадцаў са славутых родаў. Мы павiнны прапанаваць зацiкаўленым набыццё маёнткаў, сядзiбаў пры ўмове iх рэстаўрацыi з навуковым наглядам мiнiстэрства.

...ПРА ХРУЦКАГА I ЛУЎР

— Неабходна працягваць працу па далейшым развiццi супрацоўнiцтва з музеямi замежжа. Мы спадзяёмся, што важным вынiкам дамовы аб супрацоўнiцтве Нацыянальнага мастацкага музея з сусветна вядомым музеем Луўр стане арганiзацыя на працягу гэтага года шэрагу сумесных праектаў, сярод якiх выстава ў Парыжы да 200-годдзя беларускага мастака Хруцкага.

...ПРА НЕТРАДЫЦЫЙНЫЯ СРОДКI ЗАВАБЛIВАННЯ НАВЕДНIКАЎ

— ...У якасцi прыкладу можна прывесцi ўвядзенне пячатак Мiрскага i Нясвiжскага замкаў, экскурсiю з факеламi па Нясвiжскiм падземным ходзе, канцэрты i спектаклi каля сценаў Нясвiжскага замка, выстава адной карцiны па замове аднаго наведнiка i iншае. Такiх iдэй можа быць шмат — трэба актыўней аналiзаваць i пераймаць досвед расiйскiх i еўрапейскiх музеяў.

...ПРА БIБЛIОБУСЫ

— Як вядома, кожны другi жыхар краiны з'яўляецца карыстальнiкам публiчных бiблiятэк. Аднак сетка бiблiятэк мае пэўную тэндэнцыю да скарачэння: зачыняюцца сельскiя бiблiятэкi ў маланаселеных пунктах... Выхадам з гэтага становiшча павiнна стаць далейшае развiццё нестацыянарных пунктаў абслугоўвання, i ў першую чаргу — бiблiобусаў.

...ПРА IНТЭРНЭТ У БIБЛIЯТЭКАХ

— Сёння ў краiне камп'ютарызавана 32 % дзяржаўных публiчных бiблiятэк. Ад агульнай колькасцi цэнтральных бiблiятэк больш за 70 % маюць свае iнтэрнэт-старонкi. Новым падыходам павiнна стаць забеспячэнне ў кожнай бiблiятэцы магчымасцi доступу ў iнтэрнэт. Што, перакананы, дазволiць адначасова больш шырока прыцягваць моладзь да карыстання кнiжнымi фондамi бiблiятэк. Гэта тым больш iстотна з улiкам таго, што яшчэ 14 % бiблiятэк наогул не тэлефанiзаваныя!

...ПРА ДОЛЮ БЕЛАРУСКIХ СПЕКТАКЛЯЎ

— Iстотнай праблемай для тэатраў з'яўляецца адсутнасць пастановак сучасных аўтараў. Доля беларускай драматургii ў рэпертуарах тэатраў ледзьве дасягае 25 %! Гэта супярэчыць прыярытэтам развiцця нацыянальнай культуры. Мiнiстэрствам будуць прыкладзеныя намаганнi, каб выправiць гэтае становiшча. Кожны тэатр павiнен будзе надаваць адпаведную ўвагу гэтаму пытанню i ўнесцi прапановы па канкрэтных дзеяннях.

...ПРА РАЗЛIКI З МАСТАКАМI

— Мiнiстэрства ў 2009 годзе разлiчылася з усiмi мастакамi, творы якiх, пачынаючы з 2004 года, былi рэкамендаваныя для набыцця. Летась набыта твораў на суму каля 700 мiльёнаў рублёў. Гэта рэкордная сума за апошнiя 10 гадоў.

...ПРА КIНО

— У мiнулым годзе мы адзначылi 85-годдзе беларускага кiно. Мы ганарымся тым, што зроблена за мiнулыя гады. Але час не стаiць на месцы. Сусветная кiнавытворчасць iдзе наперад — а значыць, i мы, калi хочам быць канкурэнтаздольнымi, павiнны iсцi далей. Весцi разумную жанравую i актыўную маркетынгавую палiтыку. Эканамiчны эфект вытворчасцi мастацкiх стужак пакуль не ўсцешвае. Як прыклад — "Дняпроўскi рубеж". Выдаткi на вытворчасць — 6 мiльярдаў рублёў дзяржаўных сродкаў. Выручаная сума з нацыянальнага паказу склала 100 мiльёнаў рублёў (у 60 разоў менш! — Аўт.).

...ПРА СТУДЭНТАЎ- КIНОШНIКАЎ

Павел ЛАТУШКА: На фiльм ДНЯПРОЎСКІ РУБЕЖ патрачана Br6 мiльярдаў, вернута — 100 мiльёнаў...— Мы часта гаворым пра неабходнасць падрыхтоўкi высокаквалiфiкаваных прафесiйных кадраў для кiно. I гэтую задачу мы павiнны вырашыць. У тым лiку — праз стварэнне факультэта экранных мастацтваў у Акадэмii мастацтваў. Але мы павiнны звярнуць увагу i на тое, што ляжыць на паверхнi: каля 60 грамадзянаў Беларусi з'яўляюцца студэнтамi Маскоўскага i Санкт-Пецярбургскага iнстытутаў кiно. Трэба зацiкавiць iх вяртацца на працу ў Беларусь. Наспеў час адзначыць неабходнасць адпаведнага фiнансавання для выезду на стажыроўкi i вучобу студэнтаў па спецыяльнасцi "кiно" ў еўрапейскiя краiны.

...ПРА КУЛЬТУРНУЮ СТАЛIЦУ ГОДА

— Важнай грамадска-культурнай падзеяй павiнен стаць праект "Культурная сталiца года". Сiмвалiчна, што ён распачаўся ў Полацку — сталiцы старажытнага княства, адкуль бярэ вытокi беларуская дзяржаўнасць i культура. У будучынi на гэтае званне змогуць прэтэндаваць iншыя гарады — што дазволiць нам узбагацiць культурную палiтру, актывiзаваць мясцовыя iнiцыятывы i стварыць шырокiя ўмовы для даступнасцi найлепшых здабыткаў нацыянальнай культуры мясцовым жыхарам.

...ПРА КРАIНУ ЗАМКАЎ

— Нам неабходна працаваць над стварэннем культурна-турыстычных брэндаў краiны, якiя маглi б яскрава i дакладна прадстаўляць нашу краiну за мяжой. У якасцi прапановы можна прывесцi пазiцыянаванне брэнда "Беларусь — краiна замкаў".

...ПРА ПАМЯТНЫЯ ДАТЫ

— Важная дата гэтага года — 65-годдзе вялiкай Перамогi, святой для кожнага беларуса. Памятаючы наша гiстарычнае мiнулае, мы павiнны годна адзначыць 600-годдзе Грунвальдскай бiтвы. Мы правядзём шэраг мерапрыемстваў да 80-годдзя Уладзiмiра Караткевiча. Важнай справай павiнна стаць усталяванне помнiка Караткевiчу ў Кiеве.

...ПРА IНСТЫТУТ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСI

Сёння мы працуем над надзвычай актуальнай праблемай — аднаўленнем дзейнасцi Iнстытута культуры Беларусi. Iнстытут павiнен заняцца навукова-метадычным забеспячэннем сферы культуры, распрацоўкай стратэгii развiцця, больш актыўна прасоўваць беларускую культуру за мяжу. ...Будзе актывiзавана праца па пашырэннi супрацоўнiцтва з беларусамi замежжа. Мiнiстэрства плануе працягнуць дзейнасць, скiраваную на развiццё супрацоўнiцтва ў галiне культуры з суседнiмi краiнамi, краiнамi — стратэгiчнымi партнёркамi, i ў межах iнiцыятывы Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" — з выкарыстаннем дадатковых фiнансавых магчымасцяў.

...ПРА МОВУ

— Абсалютна натуральным асяроддзем для пашырэння выкарыстання беларускай мовы з'яўляецца наша сфера — сфера культуры. Пры гэтым важна падкрэслiць, што ў гэтай справе недапушчальным з'яўляецца прымус. Гэта павiнен быць шлях усведамлення патрэбы захавання нашай мовы. Як падкрэслiў народны пiсьменнiк Беларусi Iван Мележ: "Мова — гэта вялiкая народная скарбнiца, яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ".

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтара.

←Чужие близкие

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика