Новым адміністрацыйным цэнтрам Мінскага раёна можа стаць Заслаўе
Гэтае пытанне знаходзіцца на разглядзе ў старшыні Мінскага аблвыканкама Леаніда Крупца.
Пра гэта паведаміў на прэс‑канферэнцыі 26 студзеня начальнік УУС Мінаблвыканкама Іван Саўчыц, адказваючы на пытанне пра неабходнасць узмацнення падраздзяленняў міліцыі ў Заслаўі і Смалявічах у сувязі з планамі прысваення названым гарадам статусу спадарожнікаў Мінска.
Паводле слоў Саўчыца, павелічэнне штата супрацоўнікаў абласной міліцыі ў сувязі з гэтымі планамі найбліжэйшымі гадамі не плануецца. Упраўленне ўнутраных спраў мае намер абысціся сваімі рэзервамі.
Начальнік УУС таксама звярнуў увагу на перспектыўнае развіццё Лагойска, асабліва з улікам планаў пракладкі да райцэнтра чыгункі. Падраздзяленні міліцыі будуць умацоўвацца і ў гэтым рэгіёне.
Іван Саўчыц паведаміў, што УУС Мінаблвыканкама падрыхтавала прапановы аб рэфармаванні Мінскага РУУС з узмацненнем дзейных аддзелаў міліцыі ў Мачулішчах, Бараўлянах і Ждановічах. Аднак ніякіх зменаў не будзе да таго часу, пакуль межы Мінска не выйдуць за кальцавую дарогу, сказаў ён.