Каваленка хоча судзіцца са старшынём Віцебскага гарвыканкама
Сяргей Каваленка лічыць, што яго ўчынак названы ў мясцовых СМІ хуліганскім паводле распараджэння Віктара Нікалайкіна. Старшыня Віцебскага гарвыканкама правёў з журналістамі спецыяльную нараду.
Віцебскі сябар КХП БНФ спадар Каваленка згадвае, што неўзабаве пасля тае нарады ў трох віцебскіх газетах з’явіліся артыкулы, дзе яго, як ён лічыць, свядома абражалі і зневажалі ягоны гонар і годнасць.
Асабліва абразлівым ён лічыць артыкул «Каму дрэнна, калі нам добра» ў газеце «Віцьбічы». Таму ён напісаў заяву ў Кастрычніцкі раённы суд, каб прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці рэдактарку Ніну Тулінаву і аўтарку артыкула Наталлю Васільеву.
За знявагу гонару і годнасці актывіст патрабуе выбачэнняў, жадаючы, каб іх змясцілі ў газеце «Віцьбічы» на той самай старонцы, дзе 14 студзеня з’явіўся паклёпніцкі, на думку Сяргея Каваленкі, артыкул.