Мытнікі заяўляюць пра ўзмацненне кантролю на беларуска-расійскай мяжы з боку Расіі
Мытныя органы Беларусі адзначаюць узмацненне мытнага кантролю на беларуска-расійскай мяжы з боку Расіі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску 23 студзеня заявіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) Беларусі Аляксандр Шпілеўскі.
«Колькасць супрацоўнікаў расійскіх мытных органаў на мяжы з Беларуссю павялічана, у прыватнасці, прыкладна на 120 чалавек Смаленскай мытняй.
У астатніх мытнях, што мяжуюць з Беларуссю, колькасць супрацоўнікаў таксама павялічана», — сказаў кіраўнік ДМК.
Паводле яго слоў, расійскі бок гэта робіць пад маркай вынасу мытнага афармлення на знешнюю мяжу.
Шпілеўскі падкрэсліў, што на гэты момант узмацненне кантролю выяўляецца толькі ў павелічэнні колькасці супрацоўнікаў расійскіх мытных органаў.
Нагадаем, на нарадзе 18 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што занепакоены інфармацыяй пра узмацненне кантролю на беларуска-расійскай мяжы.
«Намі створаны Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам. Насцярожвае інфармацыя, якую я атрымліваю па беларуска-расійскай мяжы. Нягледзячы на нашы дамоўленасці, там нібыта адбываецца нейкае ўзмацненне кантролю», — сказаў прэзідэнт.
19 студзеня старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Ігар Рачкоўскі паведаміў, што пагранкамітэт накіраваў у Расію запрос аб стане кантролю на беларуска-расійскай мяжы.