«Ізвініце, што пераходжу на ваш язык»
У Першамайскім раённым судзе сталіцы пачаўся разгляд грамадзянскай справы сустаршынь партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага супраць Белтэлерадыёкампаніі і журналіста Андрэя Крывашэева.
27 верасня ў вечаровым эфіры «Панарамы тыдня» на БТ выйшаў рэпартаж Андрэя Крывашэева, прысвечаны дзейнасці БХД. Заснавальнікі партыі знайшлі дастаткова шмат падставаў, каб звярнуцца ў суд з просьбай абароны гонару і годнасці, а таксама дзелавой рэпутацыі.
Пазоўнікі патрабуюць абвяржэнне дадзенай інфармацыі ў той самы час, калі быў паказаны рэпартаж. А таксама спагнаць з тэлеканала і сп.Крывашэева па 50 мільёнаў рублёў.
Севярынец зазначыў, што пусціць гэтыя грошы на перайменаванне вуліц у родным Віцебску. «У сувязі з інфляцыяй суму можна нават павялічыць», — зазначыў В.Рымашэўскі.
Працэс вядзе суддзя Вольга Багам’я. Сам Крывашэеў на суд не з’яўвіўся, яго інтарэсы абаранялі прадстаўнікі юрыдычнага аддзелу тэлеканалу.
Частка людзей на працэс спазнялася. Суддзя Багам’я на гэта сказала: «Зал быў спецыяльна адкрыты раней, каб вы маглі сесці, дзе вам зручней». Адказ з залі: «Дзеці ненавучаныя яшчэ — мала судзілі».
Сам рэпартаж праглядзець не атрымалася, бо не працаваў кампутар.
Севярынец сказаў, што паводле гэтага рэпартажу ён паўстае нейкім «ісчадзіем пекла». Сярод іншага ягонае абурэнне выклікалі фразы, што подпіс збіраюцца шляхам падману і махінацый. Саміх сяброў БХД называлі «псеўдапратэстантамі», расказвалі пра «падпольную царкву, якая забараняе прыхаджанам сустракацца з прадстаўнікам не сваёй царквы». Таксама ў рэпартажы гаварылася, што БХД настойвае на наданні звання герояў «двум дэзерцірам‑эсэсаўцам». Ну і апроч усяго БХД «небяспечнае для здароўя».
Павел Севярынец адразу зазначыў, што не верыць у справядлівы вынік суду.
Контраргументы прадстаўнікоў БТ былі наступнымі. Паколькі няма такой юрыдычнай асобы як БХД, то і пазова адпаведна быць не можа. Матэрыял быў не канкрэтна пра Севярынца ці Рымашэўскага, а пра ўсё партыю.
На пытанне Севярынца, а чаму на экране тады ўвесь час з’яўляўся ягоны твар, быў наступны адказ: «Дык там жа нідзе не падпісана, што гэта ваша ліцо».
Прадстаўніца тэлеканала заявіла, што ніякай прывязкі паміж тэкстам і карцінкай няма. На пытанні пазоўнікаў жанчына адказвала з некаторымі беларускімі словамі, а потым дадала: «Ізвініце, што пераходжу на ваш язык»