БСДП (Грамада) патрабуе звольніць начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Данілевіч
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) патрабуе звольніць начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Таісу Данілевіч «за грубае парушэнне прафесійнай і кіруючай этыкі». Пра гэта гаворыцца ў заяве партыі, распаўсюджанай 21 студзеня.
Як сцвярджаецца ў дакуменце, кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама ў асобе начальніка Таісы Данілевіч дала ўказанне раённым аддзелам адукацыі рэгіёну і дырэктарам школ «вусна ва ультыматыўнай форме запатрабаваць ад настаўнікаў, якія з’яўляюцца членамі апазіцыйных палітычных партый, падаць заяву або аб выхадзе з партыі, або аб звальненні з працы паводле асабістага жадання». «Такія патрабаванні выстаўлены настаўнікам Уладзіміру Парэйку і Аляксандру Язвінскаму (Нясвіжскі раён), Наталлі Ільініч (Пухавіцкі раён), Сяргею Клімёнку (Вілейскі раён), Надзеі Агафонавай (Любанскі раён), Мікалаю Лешчуну (Лагойскі раён)», — канстатуе партыя.
БСДП (Грамада) бачыць у дзеяннях Данілевіч і кіраўнікоў раённых аддзелаў адукацыі «відавочнае і дэманстрацыйнае парушэнне норм заканадаўства Рэспублікі Беларусь».
Прэзідыум партыі выказаў «безумоўную салідарнасць з настаўнікамі», заклікаў дырэктараў школ не выконваць загад Данілевіч, праінфармаваў аб палітычна матываваным націску на педагогаў мінскі офіс АБСЕ, Сацыялістычную групу ў Еўрапарламенце, братэрскія сацыял-дэмакратычныя, сацыялістычныя і рабочыя партыі.
Акрамя таго, кіраўніцтва БСДП (Грамада) звяртаецца да пракурора Мінскай вобласці з просьбай «расследаваць факты дэманстрацыйнага парушэння Данілевіч палажэнняў Канстытуцыі і шэрагу законаў краіны».