Расія прапануе змяніць чатыры пазіцыі адзінага мытнага тарыфу
Расія ўнесла ў Камісію Мытнага саюза прапановы аб змене чатырох пазіцый адзінага мытнага тарыфу, які пачаў дзейнічаць 1 студзеня 2010 года.
Пра гэта паведаміў журналістам у Маскве дырэктар зводнага дэпартамента аналізу і рэгулявання знешнеэканамічнай дзейнасці Мінэканамразвіцця Аляксей Ліхачоў.
«Мы ўнеслі прапановы па змене адзінага тарыфу. Пакуль яны накіраваны ў Камісію Мытнага саюза. Пакуль афіцыйна прапановы не паступалі ў Казахстан і Беларусь», — цытуе чыноўніка РІА Новости.
Паводле слоў Ліхачова, Расія прапануе павысіць мытны тарыф на аптычныя полікарбанаты (выкарыстоўваюцца як шклопадобнае пакрыццё) з 0 да 5% у сувязі з развіццём расійскай вытворчасці гэтых матэрыялаў і ў мэтах абароны мясцовых вытворцаў. Акрамя таго, прапануецца знізіць тарыф з 15 да 5% на некаторыя віды паперы і кардону, бо ў вытворчасці гэтых тавараў, наадварот, адбываецца тармажэнне інвестыцыйных праектаў. Таксама падрыхтаваны прапановы па ўвозе трапічных масел — павелічэнне пошліны ў частцы спецыфічнага складніка і ўвядзенне новай наменклатуры гэтага віду тавараў.
Паводле слоў Ліхачова, мытныя прадстаўнікі Расіі, Беларусі і Казахстана збяруцца 25 студзеня, каб абмеркаваць у тым ліку і гэтыя прапановы. А 27 студзеня пройдзе пасяджэнне Камісіі Мытнага саюза, у парадак якога ўключана пытанне аб змене мытных пошлін.
Як паведамлялася раней, Камісія Мытнага саюза разгледзіць таксама пытанне аб прапорцыях размеркавання ўвазных пошлін паміж бюджэтамі ўдзельнікаў Мытнага саюза.
Паводле слоў Ліхачова, існуюць тры падыходы для размеркавання пошлін: першы — па аб’ёмах плацяжоў, якія збіраюцца, другі — па аб’ёмах імпарту, трэці — да папярэдніх дадаюцца нейкія макраэканамічныя паказчыкі, напрыклад ВУП.
Ліхачоў адзначыў, што гэтыя тры падыходы прыблізна даюць прапорцыю, пры якой 90% плацяжоў залічваюцца ў расійскі бюджэт, 6% — у беларускі і 4% — у бюджэт Казахстана. «Я б пакуль ставіўся да гэтага як да нейкага віртуальнага прыкладу. Трэба разумець, што кожная дзесятая доля працэнта — гэта мільёны рублёў, і трэба разумець, што не будзе ўзгоднена гэтая лічба, пакуль не пройдуць не толькі ўнутрырасійскія ўзгадненні, але і галоўнае — пакуль яны не будуць узгоднены з казахстанскім і беларускім бакамі», — сказаў ён. Пры гэтым расійскі чыноўнік дадаў, што «перамовы будуць сур’ёзныя».