Лукашэнка згадаў студэнцкую маладосць
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання інтэрната БДУ, які адкрыўся сёння ў «Студэнцкай вёсцы», распавядаў пра сваё студэнцкае жыццё.
Ён сказаў: «Мой першы інтэрнат быў інтэрнат у бібліятэчным тэхнікуме». Кіраўнік дзяржавы зазначыў: «Пра той час я памятаю кожную дэталь. Напэўна, самае яскравае ўражанне ад жыцця ў інтэрнаце — гэта тое, што ўсё рабілі самі: мылі, прасавалі».
«Як вы разумееце, лядоўняў у нас не было, і мы ў іх якасці выкарыстоўвалі падвоеныя вокны, паміж якімі захоўвалі сала».
Кіраўнік дзяржавы згадаў, што абед тады каштаваў 42 капейкі, і ўдакладніў, што «гэта недзе паўдаляра», дадаўшы: «таго даляра».
Лукашэнка «прызнаўся»: «Дзяўчыны ў інтэрнаце ў мяне не было. Мая дзяўчына ў той час яшчэ вучылася ў школе».
Пра сваё тагачаснае матэрыяльнае становішча ён выказаўся гэтак: «Я не магу сказаць, што мае студэнцкія гады былі самыя‑самыя. Я не магу так сказаць, мне было цяжка».