Тарасу Сургану — сябру Каваленкі — далі сем сутак арышту
Суддзя Чыгуначнага райсуда Віцебска Т. Цыганкова прызнала яго вінаватым у хуліганстве — нецэнзурнай лаянцы.
Факт хуліганства Тарас Сурган спрабаваў аспрэчыць: ён распавёў, што 9 студзеня пайшоў выносіць смецце, і невядомыя асобы звярнуліся да яго з прапановай пагутарыць і запрасілі ў машыну. Невядомыя ў цывільным аказаліся супрацоўнікамі міліцыі і сёння ў судзе яны былі сведкамі — цвердзілі, што Сурган нецэнзурна выказваўся.
Тарас Сурган заявіў адвод суддзі, сказаўшы, што не давярае суду разглядаць справу. Але ягоны адвод адхілілі.
Прысутныя на паседжанні аднадумцы Тараса Сургана напісалі скаргу старшыні суду Раісе Лупянковай пра тое, што суддзя Цыганкова ставіцца да падсуднага перадузята і паводзіць сябе груба.
Адразу пасля агучвання пастановы суда Тараса ўзялі пад варту і адвезлі ў следчы ізалятар часовага утрымання, дзе ён будзе адбываць сем сутак.