Справа Аўтуховіча і Асіпенкі перададзена ў Вярхоўны суд
Пра гэта паведамілі адвакат Аўтуховіча Павел Сапелка і адвакат Асіпенкі Тамара Сідарэнка.
Паводле слоў Сапелкі, паведамленне аб перадачы справы ў суд ён атрымаў 5 студзеня. «Цяпер суд павінен вызначыць або падсуднасць гэтай справы Вярхоўнаму суду, або прызначыць дату судовага пасяджэння», — сказаў адвакат.
«Хутка вызначыцца кола сведак па справе Аўтуховіча і стане вядома дата пачатку судовага пасяджэння», — удакладніў ён.
Тамара Сідарэнка адзначыла, што справа была перададзена ў Вярхоўны суд яшчэ 30 снежня, але калі пачнецца працэс, пакуль невядома.
Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманы 8 лютага 2009 года. 18 лютага ім было выстаўлена абвінавачанне на падставе арт. 218 Крымінальнага кодэкса. 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» была распачата справа згодна з арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13). Абвінавачанне ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта Асіпенку і Аўтуховічу было выстаўлена 20 лістапада.
8 жніўня Лявонава вызвалілі з мінскага следчага ізалятара, а 24 верасня з яго былі зняты ўсе абвінавачанні.