У Беларусі створаны новы рэспубліканскі біялагічны заказнік Амговіцкі

Источник материала:  
06.01.2010 10:07 — Новости Общества

Як паведамляе афіцыйны інтэрнет‑сайт Саўміна, адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове ўрада № 1694, якая набыла моц 1 студзеня 2010 года.

Заказнік размешчаны на тэрыторыі Пухавіцкага і Старадарожскага раёнаў Мінскай вобласці, яго агульная плошча — 2 тыс. 556,8 гектара.

Заказнік сфармаваны для захавання ў натуральным стане каштоўных прыродных комплексаў, дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, а таксама іх месцаў жыхарства і росту.

На тэрыторыі заказніка забараняецца правядзенне прац па гідратэхнічнай меліярацыі і прац, звязаных са змяненнем існуючага гідралагічнага рэжыму. Выключэнне складаюць рамонтна‑эксплуатацыйныя працы па забеспячэнні функцыянавання меліяратыўных сістэм. Забаронена прамысловая нарыхтоўка дзікарослых раслін і знішчэнне ці пашкоджанне дрэвава‑кустоўнікавай расліннасці. Выключэнне складаюць выпадкі, калі гэта звязана з выкананнем лесагаспадарчых і сельгаспрац, прац па ахове і абароне ляснога фонду, а таксама мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці чужародных відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін.

Забаронена таксама спальванне парубкавых рэшткаў драўніны, якая нарыхтоўваецца, пры правядзенні лесасечных прац; прымяненне хімічных сродкаў аховы раслін і мінеральных угнаенняў; рубкі лесу галоўнага карыстання; размяшчэнне адходаў. Выключэнне складае захоўванне адходаў у санкцыянаваных месцах часовага захоўвання да іх перавозкі на аб’екты захавання. Акрамя таго, забараняецца развядзенне вогнішчаў; размяшчэнне палатак ці палатачных гарадкоў, іншых месцаў масавага адпачынку, стаянак транспарту па‑за месцамі, устаноўленымі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

Пасля ўзгаднення з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на тэрыторыі заказніка будуць выконвацца працы па выпальванні сухой расліннасці, трыснягу, чароту і іншых зараснікаў дзікарослых раслін; па забеспячэнні функцыянавання меліярацыйных сістэм і распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў. Узгадненне Мінпрыроды неабходна таксама для рэгулявання чужародных відаў дзікіх жывёл і раслін.

Фінансаванне прац у заказніку будзе ажыццяўляцца з фондаў аховы прыроды і іншых крыніц, не забароненых заканадаўчымі актамі.

←Кто должен отвечать за сохранность вещей покупателя в камерах хранения?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика