ВЕРАСЕНЬ выйшаў сапраўдным цудам у апошнiя днi 2009 года

Источник материала:  

Заўтра прэзентуюць новы лiтаратурны часопiс

Канцэпцыя новага часопiса — друкаваць пераважна маладых лiтаратараў, самае лепшае, што выходзiць з-пад iх пяра. Галоўны рэдактар "Верасня" Эдуард Акулiн кажа, што ў кожным нумары будуць лiтаральна па два-тры сталыя творцы — каб захаваць пераемнасць, стварыць школу. Ужо ў першым нумары прадстаўленыя маладыя творцы Вiталь Рыжкоў, Наста Кудасава, Настасся Кухарэнка, Воля Чайкоўская, Ігар Канановiч, Лiзавета Дамiнiка Панамарова, Дар'я Лiс, Алена Беланожка, Мюр Фарыдовiч... Побач — жывыя класiкi Рыгор Барадулiн, Анатоль Вярцiнскi, Леанiд Дранько-Майсюк...

ВЕРАСЕНЬ выйшаў сапраўдным цудам у апошнiя днi 2009 годаВерасень" ужо пачалi параўноўваць з "Дзеясловам" — iншым лiтаратурным часопiсам, якi ўжо выходзiць колькi гадоў. Аднак спадар Акулiн кажа, што нiхто нiкому дарогу не пяройдзе:

— "Верасень" стане выдатнай пляцоўкай для творчай моладзi!

Пакуль што "Верасень" зарэгiстраваны з выхадам два разы на год. Аднак спадар Акулiн плануе давесцi яго да фармату квартальнага часопiса. Маладых лiтаратараў столькi, што i квартальнiка можа не хапiць!

— Ужо ў першым нумары ёсць старонка "Верасок" — для самых юных творцаў, яшчэ са школьнай лавы. А таксама абвешчаны конкурс "Маладыя гады, маладыя жаданнi" — на лепшы патрыятычны i лiрычны верш. Падвядзенне вынiкаў адбудзецца, натуральна, у вераснi.

Спадар Акулiн кажа, што свае творы ў "Верасень" можа даслаць любы малады творчы чытач "Звязды". Электронны адрас для твораў — verasenchas@gmail.com

А чаму ўсё-такi "Верасень"? — спытаецеся вы.

— Назву выбiраў не я, так часопiс ужо быў зарэгiстраваны. Але назва мне падабаецца! Нехта кажа, што гэта восеньская назва, i яна не пасуе да моладзевага выдання... Але ў гэтай назве насамрэч ёсць слова "вера". Гэты часопiс з'явiўся ў засенi веры i надзеi на тое, што наша беларуская лiтаратура ўсё-такi дачакаецца "залацiстага, яснага дня" — таго дня, пра якi марыў яшчэ Максiм Багдановiч, наш самы малады класiк.

Заснавальнiк часопiса — Таварыства беларускай мовы. Ягоны старшыня, Алег Трусаў, кажа, што выхад часопiса быў пад сур'ёзнай пагрозай.

— Спачатку рэдактарам мусiла быць адна маладая дзяўчына, яна ж паспяхова зарэгiстравала часопiс. Аднак падрыхтаваць нумар не здолела, склала з сябе паўнамоцтвы. Мы звярнулiся да Эдуарда Акулiна — i ён зрабiў цуд: усяго за месяц зрабiў такi цудоўны першы нумар! Мяркую, што гэта будзе часопiс для моладзi — магчыма, нават для гарадской моладзi. I магу засведчыць, што ўжо першы нумар можна смела ставiць па ўзроўнi побач з "Полымем" i "Маладосцю"! Увогуле хачу адзначыць, што часопiс "Верасень" стаў яшчэ адным сведчаннем лiбералiзацыi дзяржаўнай палiтыкi ў дачыненнi да беларускай мовы i культуры. У 2009 годзе сапраўды было зроблена даволi шмат, i "Верасень" — адзiн з прыкладаў!

Прэзентацыя часопiса "Верасень" з удзелам аўтараў адбудзецца 7 студзеня а 18-й гадзiне ў Чырвоным касцёле ў Мiнску (плошча Незалежнасцi). Уваход вольны. Першыя 10 гасцей атрымаюць часопiс у падарунак, а першыя 100 асобнiкаў будуць прадавацца з каляднымi дадаткамi — дыскамi Эдуарда Акулiна i Таццяны Беланогай.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

←Женские игры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика