Даведацца iмя мужа i аб надвор'i на год можна ў святыя вечары

Источник материала:  

З 7 па 19 студзеня ў Беларусi адзначалi святкi, або Каляды. На працягу гэтых двух тыдняў увечары забаранялася працаваць, асаблiва шыць, плесцi, рабiць што-небудзь крывое, а таксама секчы сякерай. Як расказала старшы навуковы супрацоўнiк Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору iмя Кандрата Крапiвы НАН Беларусi Таццяна Кухаронак, святкаваць святкi пачыналi яшчэ з вечара 6 студзеня.

Да Калядаў рыхтавалiся загадзя: забяспечвалi сябе прадуктамi, гаспадынi старанна прыбiралiся ў хаце, моладзь майстравала маскi i карнавальныя касцюмы, усе мылiся ў лазнi, апраналi святочнае адзенне.

Галоўнай стравай на святочным стале ў ноч на Каляды была куцця. Яна гатавалася з ячменю або iншых круп з алеем або мёдам. Есцi куццю пачыналi са з'яўленнем на небе першай зоркi. Калi ўсе размяшчалiся за сталом, гаспадар браў першую лыжку куццi i запрашаў мароз у госцi: "Мароз, мароз, прыходзь куццю есцi, каб ты не марозiў ячмень, пшанiцу, гарох, сачавiцу, проса, грэчку i ўсё, што мне Бог дасць пасеяць". Гаспадыня ад свайго iмя запрашала мароз у госцi i прасiла, каб ён не марозiў расаду морквы, гарбузоў, буракоў.

У гэту ноч сачылi за станам надвор'я, каб даведацца прагноз на год. Шмат зорак на небе прадказвала багаты ўраджай пшанiцы, грыбоў, добры прыплод свойскай жывёлы. Калi з-за адлiгi чарнела дарога, беларусы верылi, што летам вырасце шмат грэчкi. А вось калi ў гэту ноч за вокнамi моцна мяло, чакалi лета з градам. Шмат шэраню на дрэвах прадказвала багатае ва ўсiх адносiнах лета. Аб ураджайным годзе сведчыла i цёплае надвор'е, з невялiкiм снегам i туманам.

Першы дзень Калядаў, або Ражджаство, святкавалi ад душы. У госцi запрашалi родных, сяброў, суседзяў. А ўвечары моладзь пачынала калядаваць. Самым вядомым персанажам у калядоўшчыкаў была каза, якая сiмвалiзавала ўрадлiвасць, дабрабыт i пладавiтасць. I ў кожным доме iх чакалi з нецярпеннем: згодна з народным павер'ем, вiзiт калядоўшчыкаў прынясе шчасце, здароўе, дабрабыт у сям'ю на ўвесь будучы год.

Вечар перад старым Новым годам (13 студзеня) называецца Шчодрым вечарам. Гэту назву свята атрымала ад шчодрай куццi (яе яшчэ называлi багатая другая куцця). На святочны стол ставiлiся смажаныя каўбасы, свежанiна, сыр, яечня, блiны з падлiўкай, крывянка, а ў цэнтры знаходзiлася куцця. Усяго ж на стале павiнна было быць 12 страў — па колькасцi месяцаў у годзе.

Па традыцыi варожаць на працягу ўсiх дзён святак, аднак лiчыцца, што самымi дакладнымi з'яўляюцца прадказаннi, атрыманыя ў ноч з 13 на 14 студзеня: усё, што наваражылi, — спраўдзiцца. У народзе верылi, што ў святыя вечары прадстаўнiкi iншага свету ходзяць па зямлi, i ў гэты час да iх было лягчэй звяртацца. Таму гэты перыяд лiчыўся найбольш спрыяльным для прадказання лёсу, i ў прыватнасцi замужжа.

Iснуе мноства спосабаў дзявочай варажбы. Напрыклад, можна звярнуцца па дапамогу чыстага лiста паперы. Кожная дзяўчына (удзельнiчаюць 2-3 варажбiткi) камячыць лiст i падпальвае яго на чыстай талерцы. Утвараецца горка попелу з рэшткамi спаленай паперы. Пры дапамозе свечкi трэба стварыць праекцыю ценяў на сцяне. Разглядаючы ценi, можна ўбачыць розныя карцiны, вобразы, сiмвалы, па якiх i тлумачыцца будучыня.

Варожаць таксама на iмя будучага жанiха. Апоўначы дзяўчаты выходзяць на скрыжаванне. Тут кожная пытаецца iмя першага сустрэтага мужчыны — яно i будзе iмем нарачонага. Не менш распаўсюджаным спосабам варажбы было падслухоўванне пад вокнамi суседскiх дамоў. Калi ў доме размаўлялi спакойна — добрая прыкмета, а вось калi сварылiся або спрачалiся — замужняе жыццё абяцала быць неспакойным.

Сёння варожаць i на гаросе, арэшках i кававых зярнятах. Так могуць варажыць мужчыны i жанчыны. Варажбiт бярэ у жменю гарошыны, арэшкi або кававыя зярняты колькi зможа, устрэсвае iх некалькi разоў, затым выкладвае зярняты па адным на стол, прыгаворваючы па слову на кожнае зернетка. На апошнiм, што вымавiце, тое i здзейснiцца. Прыгаворваць можна так: "Мельхiёр, латунь i злата, серабро, чыгун i вата, асабняк, палац, шалаш, хлеў, пятнаццаты паверх, "Форд", "Таёта" напракат, "Мерседэс" i самакат, "Вольва", "Шкода", "Запарожац", — што табе за ўсё даражэй?"

Завяршала калядны цыкл Вадохрышча. У гэты дзень усюды па Беларусi асвячалi ваду, а на рэках i азёрах праходзiў абрад вадохрышча. Дарэчы, набраная вада ў гэты дзень лiчылася гаючай i мела ўласцiвасць засцерагаць людзей ад хваробаў i няшчасця.

У народзе лiчылася, што калi на Вадохрышча вельмi холадна — на жнiво будзе спёка. Снег на Вадохрышча абяцаў вялiкi ўраджай грыбоў, калi ў гэты дзень цёплае надвор'е — збожжа ўзыдзе густа. Калi на Вадохрышча на небе аблокi, чакалi добрага года, неба чыстае — год будзе неўраджайным.

БЕЛТА.

←Женские игры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика