Беларуская дэлегацыя накіравалася ў Маскву для прадаўжэння перамоў па нафце
5 студзеня беларуская дэлегацыя накіравалася ў Маскву для прадаўжэння перамоў па ўмовах пастаўкі нафты ў 2010 годзе.
Пра гэта паведаміў прэс‑сакратар прэм’ер‑міністра Беларусі Аляксандр Цімашэнка.
У склад дэлегацыі ўваходзяць старшыня канцэрна «Белнафтахім» Валерый Казакевіч і намеснік міністра эканомікі Анатоль Філонаў. «Дэлегацыя накіроўваецца для прадаўжэння перамоў і канчатковага ўзгаднення пратакола аб унясенні змяненняў у міжурадавае пагадненне ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў ад 12 лютага 2007 года», — паведаміў Цімашэнка.
4 студзеня афіцыйны прадстаўнік Міністэрства энергетыкі РФ Ірына Есіпава абвергла інфармацыю, што з’явілася ў СМІ, аб тым, што беларуска‑расійскія перамовы ў панядзелак не аднаўляліся. «Перамоўны працэс з беларускім бокам прадаўжаецца і не спыняўся», — падкрэсліла прадстаўнік Мінэнерга.
Сёння прэс‑сакратар дзяржканцэрна «Белнафтахім» Марына Касцючэнка патлумачыла, што перамовы па нафце ідуць «у дыстанцыйным рэжыме».
Яна падкрэсліла, што «Белнафтахім» не мае ніякіх праблем з пастаўкамі нафты з Расіі. «Нафта як паступала, так і паступае. З мінулага дня нічога не змянілася. Прадпрыемствы працуюць у звычайным рэжыме», — сказала Касцючэнка.
***
Як паведамлялася раней, Беларусь і Расія не змаглі падпісаць пагадненне аб умовах пастаўкі нафты ў запланаваны тэрмін, 30—31 снежня. Расія аб’явіла аб рашэнні пастаўляць нафту ў Беларусь з 1 студзеня 2010 года, уключаючы ў цану 100% стандартнай экспартнай пошліны. У 2009 годзе ў цану ўваходзіла спецпошліна ў памеры 35,6% стандартнай экспартнай пошліны.
У адказ урад Беларусі заявіў аб беспрэцэдэнтным націску з боку Расіі на перамовах аб пастаўках нафты. Пры гэтым абодва бакі выказалі гатоўнасць працягваць перамовы.
У «Белнафтахіме» паведамілі, што запампоўванне расійскай нафты на беларускія НПЗ пачалося 3 студзеня ў адпаведнасці з раней заключанымі кантрактамі. «Нафту мы своечасова аплацілі да новага года, цяпер гэтыя кантракты выконваюцца. Заводы працуюць», — заявіў у інтэрв’ю дзяржаўнаму агенцтву БелТА начальнік упраўлення каардынацыі сыравінных паставак «Белнафтахіма» Сяргей Астапец.
Ён таксама адзначыў, што кожны год у снежні, улічваючы доўгія навагоднія канікулы ў Расіі, беларускія НПЗ забяспечваюць запасы нафтавай сыравіны ў максімальна магчымым аб’ёме. На 1 студзеня рэзервуары ААТ «Нафтан» і ААТ «Мазырскі НПЗ» былі запоўненыя нафтай.
Цяпер загрузка беларускіх НПЗ аптымальная. Паводле слоў Астапца, дзеючыя кантракты прадугледжваюць аб’ёмы паставак нафты, дастатковыя для забеспячэння ўстойлівай загрузкі беларускіх НПЗ на працягу найбліжэйшых трох тыдняў.