Навагодняя свечка
Уся планета ў навагоднюю ноч расквечваецца рознакаляровым агнём, якi, успыхнуўшы на Камчатцы, Курылах, несупыннай хваляй коцiцца на захад, да Аляскi. А следам за iскрыста-зiхатлiвым вогнiвам плыве-вiруе духоўная плынь — жыватворная, настоеная на любовi...
У гэтую ноч, як нiколi, прагнем шчасця, шукаем яго. І чамусьцi здаецца, што ў тыя пачуццёва напружаныя iмгненнi, калi гадзiннiкавыя стрэлкi сваiм злiццём-яднаннем пазначаць магутнасць духоўна-цялеснага адзiнства, для нас адчынiцца казачная брамка ў чароўнае царства Шчасця. А шчасце зусiм побач! Яно — у адчуваннi даверу, паразумення, гармонii. А гэта заўсёды з намi, у нас самiх. Толькi трэба ўскалыхнуць душу, напоўнiць яе любоўю i гэтым прамянiста-светлым пачуццём ахiнуць блiзкiх...
Так i ў рамантычна асветленай песнi "Навагодняя свечка", напiсанай Леанiдам Дранько-Майсюком i Мiкалаем Сацурам пятнаццаць гадоў таму для ансамбля "Сябры".
Навагодняя свечка
Верш Леанiда Дранько-Майсюка
Музыка Мiкалая Сацуры
Дамы стомлены,
спяць кавалеры,
Высыхаюць азёры вiна.
А на нашым стале
два фужэры,
Два фужэры i свечка адна.
Прыпеў:
Запалi навагоднюю свечку
I шампанскiм крышталь абудзi,
I, нiбы на маленькую вечнасць,
На блакiтную свечку глядзi.
Што нам дамы
i што кавалеры!
Залатая прайшла даўнiна...
Ёсць у нашай
маленькай кватэры,
Ёсць усё — ад агню да вiна.
Прыпеў.
Ах вы, дамы, i вы, кавалеры!
Ах, паэзii вашай струна —
Засталiся ад вас
два фужэры,
Два фужэры i свечка адна.
Прыпеў.
Падрыхтаваў Мiхась ШАВЫРКIН.