Практычны дапаможнiк па руйнаваннi помнiкаў архiтэктуры?
На скрыжаваннi думак
Дом па Рэвалюцыйнай, 24а ў Мiнску працягваюць разбiраць. Разам з унiкальнымi сценавымi роспiсамi XІX стагоддзя
Гэты артыкул можна разыгрываць па ролях. Адны словы раздаць чыноўнiкам ад архiтэктуры, iншыя — заказчыкам перабудовы помнiкаў архiтэктуры. I вынiк будзе нечаканы: усе будуць казаць слушна i празрыста, а помнiк архiтэктуры будзе зруйнаваны.
...Трагiчную гiсторыю гэтага гiстарычнага будынка мы распавялi ў нумары за 13 лiстапада. Зусiм сцiсла нагадаем сутнасць. Старадаўнi дом у Мiнску па вулiцы Рэвалюцыйнай, 24а падрыхтавалi пад знос. Замоўца працаў — прадпрыемства "Мiнская спадчына". I толькi iмгненная рэакцыя грамадскасцi, рэакцыя Мiнiстэрства культуры прыпынiла тады беззаконне. Выпiсваецца дакумент на прыпыненне работ. Праз пэўны час да дома падганяецца экскаватар, i палова дома руйнуецца. Пры тым, што Навукова-метадычная рада на гэтым будынку загадала весцi выключна "ручную разборку" (гэта фармулёўка з дакумента)...
Да ўсяго ж, у будынку знойдзены насценны iнтэр'ерны жывапiс, якi нiхто сур'ёзна не даследаваў. Пры тым, што спецыялiсты нават наўскiдку даюць малюнкам не менш за 100 гадоў... I такiх прыкладаў грамадзянскага старадаўняга жывапiсу ў Мiнску два-тры, у прыстойным выглядзе — нiводнага.
...Вы чытаеце гэтыя радкi, а будынак працягваюць разбiраць: на даху стаяць будаўнiкi з адбойнымi малаткамi, адшчапляюць цэглу i складаюць у кучу. Нiбыта для таго, каб пасля вярнуць у будынак. Што праўда, на маiх вачах "камiсiя" з зацiкаўленых людзей адну з такiх кучаў прызнала "непрыдатнай для далейшага выкарыстання"...
У нашым сённяшнiм матэрыяле — пазiцыя двух бакоў: Мiнiстэрства культуры i прадпрыемства "Мiнская спадчына". Пазiцыя i зразумелая, i незразумелая адначасова. Паслухаць — дык усе жадаюць нашай гiстарычнай архiтэктуры выключна дабра, усе хочуць яе захаваць. А будаўнiкi тым часам працягваюць арудаваць сваiмi адбойнымi малаткамi...
Мiнiстэрства культуры:
Гэта парушэнне заканадаўства!
Iгара Чарняўскага, начальнiка Упраўлення па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры, мы папрасiлi пракаментаваць тое, што Навукова-метадычная рада Мiнiстэрства культуры загадала разбiраць будынак "уручную" (там так даслоўна i напiсана), а "Мiнская спадчына" зруйнавала палову дома экс- каватарам. I зруйнавала б рэшту, калi б на месцы не з'явiлiся супрацоўнiкi Мiнiстэрства.
, мы папрасiлi пракаментаваць тое, што Навукова-метадычная рада Мiнiстэрства культуры загадала разбiраць будынак "уручную" (там так даслоўна i напiсана), а "Мiнская спадчына" зруйнавала палову дома экс- каватарам. I зруйнавала б рэшту, калi б на месцы не з'явiлiся супрацоўнiкi Мiнiстэрства.— Спадар Iгар, як вы класiфiкуеце з пункту гледжання закону тое, што ўчынiла "Мiнская спадчына" з будынкам па вулiцы Рэвалюцыйная, 24а?
— З прававога боку гэта, зразумела, парушэнне заканадаўства, таму што рашэннi Навукова-метадычнай рады — гэта кiраўнiцтва да дзеяння абсалютна ўсiм, нават Мiнiстэрству культуры, не кажучы ўжо пра ўласнiкаў гiсторыка-культурных каштоўнасцяў або тых, хто праводзiць на iх работы. Было зроблена прадпiсанне, прыпынена праца, быў аформлены лiст на "Мiнскую спадчыну". Мы ўказалi iм на неабходнасць прыцягнуць да правядзення гэтых работ навуковага кiраўнiка, архiтэктараў, якiя б маглi фiксаваць магчымыя выяўленыя элементы, схаваныя раней. Галоўнае — зафiксаваць усе дэталi, якiя могуць быць выкарыстаныя пры аднаўленнi гэтага будынка.
— Спадар Iгар, я бачыў малюнак, на якiм адлюстравана, як будзе выглядаць гэты будынак пасля аднаўлення — абсалютна не так, як цяпер! Аднаўленне iдзе, вобразна кажучы, на часы цара гароха!
— Аднаўленне iдзе на падставе архiўных матэрыялаў i на падставе натурных даследаванняў. Будынак быў моцна перабудаваны ў пасляваенны час, стаў трохпавярховым, змянiлiся аконныя праёмы. Аднак аднаўленне iдзе на пачатак ХХ стагоддзя, калi ён меў цiкавыя архiтэктурныя дэталi, сведчаннi пэўных традыцый будаўнiцтва.
— Вы сказалi, што "Мiнскай спадчыне" прадпiсана надалей узмацнiць нагляд. Але ў сувязi з тым, што яны ўжо парушылi закон — якiя меры будуць прынятыя?
— Разумееце, у заканадаўстве ёсць два падыходы. Цi той, хто ўчынiў парушэнне, за свой кошт усё выпраўляе i прыводзiць у адпаведнасць. Цi, калi ён гэтага не робiць, тады ўжо пачынаецца як мiнiмум дзеянне Адмiнiстрацыйнага кодэкса або Крымiнальнага кодэкса — у залежнасцi ад прычыненай шкоды...
— Спадар Iгар, як вы лiчыце, чаму "Мiнская спадчына", якая дасканала ведае парадак правядзення работ на помнiках архiтэктуры, бо працуе з iмi не першы год, чаму яны, па-сутнасцi, наплявалi на вас i на Мiнiстэрства культуры ў цэлым?
— Тут вельмi многае залежыць ад досведу людзей, ад iх культуры, ад iх падрыхтаванасцi. Цяжка, калi працуюць людзi без належных ведаў у традыцыях архiтэктуры, без гiстарычных ведаў, без досведу работы на помнiках архiтэктуры... Звычайныя будаўнiкi. Добрыя, магчыма, будаўнiкi. Звычайныя iнжынеры, звычайныя архiтэктары, якiя нiколi не мелi справы з захаваннем гiсторыка-культурных каштоўнасцяў. Вось гэта адна з такiх прычын. Людзям трэба тлумачыць банальныя iсцiны. Я магу сказаць, што дырэктар "Мiнскай спадчыны" Павел Шыкунец — гэта чалавек дастаткова дасведчаны, ён праз свае рукi, фактычна, прапусцiў Траецкае прадмесце...
— Гэта значыць, мае досвед будавання лялечных дамочкаў.
— Я б не даваў такiх ацэнак. Трэба задавацца пытаннем, якiя задачы стаялi на той перыяд у 80-х гадах...
— Стварыць лубочны квартал для дэлегацый i вокладак цукерак?
— Стаяла задача, i гэта адкрыта дэкларавалася: набраць вопыту работы на менш каштоўным квартале, каб перайсцi на больш каштоўныя. Але, на жаль, у Траецкiм прадмесцi работы правялi, а потым прайшоў час, змянiлiся людзi, i на Верхнiм горадзе пачалi працаваць фактычна з нуля. Сёння ў нас маюць права займацца рэстаўрацыйнымi работамi фактычна ўсе. Няма спецыяльнай лiцэнзii для работы на помнiках архiтэктуры, хоць раней яна была. Вось i прыходзяць на нашы архiтэктурныя каштоўнасцi майстры, якiя дагэтуль будавалi панэльныя дамы. I з помнiкамi архiтэктуры працуюць, як кажуць у народзе, i жук, i жаба.
— Вяртаючыся да Рэвалюцыйнай, 24а i "Мiнскай спадчыны". Калi гэты помнiк ледзьве не зруйнавалi без усялякiх дазволаў, апраўданне было смешнае: час цiсне, трэба грошы асвойваць. Вам не падаецца, што гэтае прадпрыемства, якое атрымала карт-бланш на працы з мiнскiмi помнiкамi архiтэктуры, занадта скiраванае на бiзнэс, занадта iмкнецца дагадзiць iнвестарам?
— Напэўна, так разглядае будаўнiчы аб'ект любы ўласнiк цi замоўца. Але "Мiнская спадчына", дэкларуючы высокую iдэю, займаецца рэалiзацыяй iншых, вытворчых планаў, асвойвае грошы, дае справаздачы аб нейкiх паказчыках... Але што стаiць за гэтымi паказчыкамi?
— Спадар Iгар, у будынку, якi "Мiнская спадчына" ўжо пачала разбiраць, выяўленыя старадаўнiя малюнкi. Як вы iх ацэньваеце?
— Пакуль што рана iх ацэньваць, трэба iх даследаваць, вывучаць, трэба даць прафесiйнае заключэнне. "Мiнскай спадчыне" было ўказана Мiнiстэрствам культуры на неабходнасць правядзення даследаванняў, падрыхтоўкi заключэння — тады i мусiць быць прынятае рашэнне. Пабачыўшы гэтыя малюнкi, скажу, як дасведчаны чалавек — iм дакладна больш за 100 гадоў.
"Мiнская спадчына":
Мы тут нi пры чым, гэта ўсё будаўнiкi!
Мiхаiл Жых — галоўны iнжынер "Мiнскай спадчыны". Менавiта Мiхаiл Iосiфавiч, паводле статусу, вырашае ўсе ключавыя пытаннi, якiя датычаць будаўнiцтва, падпiсвае паперы.
Менавiта Мiхаiл Iосiфавiч, паводле статусу, вырашае ўсе ключавыя пытаннi, якiя датычаць будаўнiцтва, падпiсвае паперы.— Мiхаiл Iосiфавiч, пытанне з будынкам па Рэвалюцыйнай, 24а паўстала тады, калi яго ледзьве не зруйнавалi без усялякага дазволу. Хiба "Мiнская спадчына" не ведае парадку работ на помнiку архiтэктуры? Чаму вы пачалi працы ў парушэнне заканадаўства?
— Працы пачыналiся не асноўныя. Ёсць такая рэч, як падрыхтоўчыя работы да выканання асноўных працаў. Будынак аварыйны, катэгорыя IV. I для таго, каб пачаць выкананне работ, будынак трэба падрыхтаваць.
— Аднак на помнiку архiтэктуры без дазволу забароненыя любыя працы. У законе няма такога азначэння — "падрыхтоўчыя працы". I пакуль не далi дазвол, нават дзверы вымаць нельга, вы згодныя?
— Я згодны, але будаўнiкi ў парушэнне гэтага заканадаўства зрабiлi наступным чынам... Мы прыпынiлi гэтую работу, вы ж ведаеце...
— Я ведаю, што яе прыпынiла Мiнiстэрства культуры.
— Гэта наранiцу шумiха пачалася, а ўвечары мы прыпынiлi — я знайшоў начальнiка прадпрыемства, i ён прыпынiў працу. Увечары пачалiся работ, якiя ўвогуле выходзiлi па-за межы...
— Ну, так — назаўтра ранiцай будынак мусiў быць зруйнаваны. I вы, як заказчык, не ведалi гэтага?
— Не, гэта домыслы, вашы асабiстыя домыслы.
— Пра гэта мне паведамiў прараб, якi кiруе працамi на будынку.
— Не ведаю. Я прыпынiў працу да даследавання сiтуацыi.
— Што вы прыпынiлi, я ўжо зразумеў. Але чаму пачалi без дазволу, чаму запыт на дазвол на выкананне працаў вы даслалi ў мiнiстэрства, калi работы ўжо пачалiся?
— На жаль, падрыхтоўчая дакументальная праца — яна вельмi цяжкая, патрэбна ўсё ўзгаднiць... Складаная працэдура... Мы не давалi дазвол будаўнiкам калупаць гэты будынак, гэта iнiцыятыва будаўнiчага ўпраўлення №20... Яны будуюць побач паркiнг, у iх усё звязана...
— Мiхаiл Iосiфавiч, я не веру, што прараб, якому вы плацiце грошы, заняўся самадзейнасцю i сам пачаў працы.
— Дамова на выкананне працаў была падпiсаная раней. А вось распараджэння аб пачатку працы не было.
— Добра, iншае пытанне. У прадпiсаннi мiнiстэрства чорным па белым напiсана: ручная разборка будынка. Але палову дома зруйнавалi экс- каватарам. У вас было на руках прадпiсанне мiнiстэрства. Чаму так адбылося?
— На жаль, вы ставiце пытанне не так, як падабаецца мне. Пытанне не так ставiцца. "Мiнская спадчына" не ёсць тое самае, што будаўнiкi. Гэта дзве юрыдычныя асобы, кожная з якiх адказвае за тое, што робiць. Мы ж, як заказчык, адказваем за ўсё, што ўчыняецца з гэтым гiстарычным цэнтрам i канкрэтна з гэтым будынкам. Але будаўнiкi, маючы на руках паперкi дагавора, на свой розум палiчылi, што гэтую працу можна рабiць раней, чым яны атрымаюць дазвол на рукi.
— Атрымлiваецца, што "халопы пачалi руйнаваць, а цар не ведаў"?
— А як мы можам ведаць усё, што робiцца?
У такiм ключы размова працягвалася яшчэ доўга. Напрыканцы я спытаў у Мiхаiла Жыха пра ўнiкальныя малюнкi на сценах будынка, якi разбiраюць з кожным днём.
— Чаму не робiцца экспертыза малюнкаў, чаму будынак працягвае разбiрацца?
— Экспертыза робiцца, гэтую працу вядзе спадар Сарока.
— Аднак праца абмяжоўваецца аглядам малюнкаў, чаму не праводзiцца хiмiчная экспертыза, мастацкi аналiз?
— Будзе фiксацыя, фотафiксацыя, ёсць прапановы, як у новых iнтэр'ерах, можа, часткова, ужыць гэты жывапiс. Ёсць праект. А хiмiчны... Я так разумею, будзе асобны раздзел справаздачы...
P.S. Усё як у тэатры, i кожны добра выконвае сваю ролю. "Вы парушылi закон!" — кажа Мiнiстэрства культуры. "Мы не вiнаватыя, гэта будаўнiкi!" — адказвае "Мiнская спадчына". А рацыю ў рэальнасцi маюць сапраўды будаўнiкi. I з памяркоўнай згоды адных i актыўнай згоды iншых працягваюць рабiць сваю справу экскаватарамi i адбойнымi малаткамi.
Усё як у тэатры, i кожны добра выконвае сваю ролю. "Вы парушылi закон!" — кажа Мiнiстэрства культуры. "Мы не вiнаватыя, гэта будаўнiкi!" — адказвае "Мiнская спадчына". А рацыю ў рэальнасцi маюць сапраўды будаўнiкi. I з памяркоўнай згоды адных i актыўнай згоды iншых працягваюць рабiць сваю справу экскаватарамi i адбойнымi малаткамi.Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара.