На пiва — у паб?

Источник материала:  

Лiцэнзiйная вытворчасць сусветна вядомай гарэлкi "Nеmirоff" можа распачацца ў І квартале 2010 года на базе РУП "Крышталь". Аб гэтым падчас сустрэчы з журналiстамi паведамiў старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Iван Данчанка.

Канкрэтныя схемы супрацоўнiцтва з кампанiяй "Nеmirоff" працягваюць вывучацца, тым не менш вядома — вытворчасць гарэлкi пад знакамiтым брэндам у Беларусi будзе весцiся з выкарыстаннем айчынных бутэлек, спiрту i iншых кампанентаў. Як вынiк, у канцэрне разлiчваюць: гэты праект павiнен павялiчыць экспартныя магчымасцi лiкёра-гарэлачнай галiны.

Прычым сам па сабе падобны напрамак з'яўляецца найбольш актуальным. Калi ў 2004 годзе айчынныя прадпрыемствы выраблялi для ўнутранага рынку каля 70 млн, то сёлета гэты паказчык павялiчыцца цi не ўдвая — да 140 мiльёна лiтраў гарэлкi. З аднаго боку, павелiчэнне вытворчасцi дазволiла змякчыць праблему з нелегальным абаротам алкагольнай прадукцыi. Але з iншага даводзiцца канстатаваць: у краiне адбыўся значны рост спажывання "моцных напояў". Унутраны рынак быў перанасычаным, беларусы дасягнулi "крытычнай планкi". У сувязi з гэтым, падкрэслiў Iван Данчанка, прагназаваць значнае павелiчэнне паказчыкаў вытворчасцi i тавараабароту алкагольнай прадукцыi ў Беларусi ўжо нельга. Забяспечыць далейшы рост можна перш-наперш за кошт паставак за мяжу.

Тым часам, на думку Iвана Данчанкi, для змяншэння аб'ёмаў спажывання "моцнага" алкаголю неабходна рабiць стаўку на вытворчасць пiва. Пакуль беларусы выпiваюць па 40-45 лiтраў гэтага напою, тады як немцы — па 160 лiтраў. Зыходзячы з гэтага, магутнасцi беларускiх бровараў павiнны ўзрастаць, асаблiва калi ўзяць пад увагу адзiн факт — якасць айчыннага пiва прызнаная ва ўсiм свеце. Сёлета толькi "Крынiца" экспартавала 1,5 млн дэкалiтраў, у тым лiку пастаўкi пачалiся ў такую даволi "кансерватыўную" краiну, як Вялiкабрытанiя. Аднак гэта яшчэ не мяжа. Як мяркуюць у канцэрне, экспарт той жа "Крынiцы" можа складаць 3-5 млн дал.

Адначасова, заўважыў Iван Данчанка, неабходна вырашаць праблему з месцамi спажывання пiва. Канцэрн ужо звярнуўся з прапановай да ўладаў сталiцы выдзелiць айчынным заводам зямельныя ўчасткi ў арэнду — для стварэння пабаў з удзелам прыватных iнвестыцый.

Сяргей ГРЫБ.

Мытнікаў — больш, чэргаў — менш

Для скарачэння чэргаў аўтамабiляў на беларуска-лiтоўскай мяжы прынятае рашэнне аб павелiчэннi колькасцi мытнiкаў на пунктах пропуску. Аб гэтым паведамiлi ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камiтэта.

Адначасова ў прэс-службе абверглi iнфармацыю аб тым, што праблемы на мяжы ўзнiклi ў сувязi з захворваннямi супрацоўнiкаў беларускай мытнi. Прычынай павелiчэння чэргаў стала працяглае афармленне транспартных сродкаў менавiта лiтоўскiм бокам. I ў тым лiку з-за масавага вывазу лiтоўскiмi грамадзянамi аўтамабiльнага палiва, тытунёвых i алкагольных вырабаў — сёння цэны на гэту прадукцыю ў Беларусi значна нiжэйшыя.

Сяргей ГРЫБ.

Нафтазладзеi

Як паведамiлi ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама, замаскiраваная ўрэзка знаходзiлася ў лясным масiве каля вёскi Зашчэб'е пад Рэчыцай. Паляўнiчыя на бясплатнае дызельнае палiва раскапалi нафтаправод, прасвiдравалi адтулiну i ўманцiравалi кран. Прынамсi, нафтапрадукты з Расii ў Еўропу транспартуюць пад высокiм цiскам. Таму любая саматужная спроба ўрэзкi можа пацягнуць сапраўдную экалагiчную катастрофу. З невялiкай адтулiны дыяметрам 8 мiлiметраў за гадзiну вылiваецца больш за 10 тон палiва. Вылiчваюць урэзкi з дапамогай электроннай сiстэмы кантролю цiску ў нафтаправодах. Цяпер тыя, хто хацеў "на халяву" заправiцца, знаходзяцца ў вышуку. За крадзеж нафтапрадуктаў умельцам пагражае да 5 гадоў турмы.

Iрына АСТАШКЕВIЧ.

Асцярожна: 31 снежня — месяцавае зацьменне

Як паведамiлi ў абсерваторыi БДУ, у навагоднюю ноч пры бязвоблачным надвор'i можна будзе ўбачыць месяцавае зацьменне.

Гэта будзе прыватнае зацьменне з малой фазай, бачнае ў асноўным ва ўсходнiм паўшар'i. Яно пачнецца ўвечары 31 снежня i найбольшай фазы дасягне ў 21 гадзiну 22 хвiлiны, калi самы нiжнi край Месяца зойдзе ў цень Зямлi i на некалькi хвiлiн прыкметна пацямнее.

Астролагi не лiчаць неспрыяльны ўплыў зацьменняў толькi састарэлай выдумкай мiстычна настроеных старажытных людзей. У iндывiдуальнай астралогii зацьменнi да гэтага часу застаюцца адмоўным фактарам, якi мае тэндэнцыю дрэнна ўплываць на лёс i здароўе чалавека. Перыяд зацьменняў — а гэта дата першага i апошняга зацьмення плюс—мiнус тыдзень — асаблiвы перыяд у жыццi людзей. Усё, што здараецца ў гэтыя днi, мае лёсавызначальны, фатальны характар. Яно можа мець доўгiя наступствы, тэрмiнам ад паўгода да 19 гадоў. Таму астролагi раяць перад тым, як што-небудзь рабiць у гэты перыяд, добра падумаць, цi трэба вам гэта.

БЕЛТА.

←Минск: сегодня и завтра

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика