Барадзін прадказваў стварэнне новага Савецкага саюза ў 2017 годзе
Пра гэта ён заявіў на прэс‑канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай 10‑годдзю саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Павал Барадзін выказаў упэўненасць, што яна канчаткова сфармуецца ў 2017 годзе.
«Я даю вам [журналістам] указанне напісаць, што ў 1917 годзе —100 гадоў таму — быў утвораны Савецкі саюз, зараз у 2017 годзе будзе саюзная дзяржава ўсёй постсавецкай прасторы, — заявіў Дзяржаўны сакратар гэтага саюзу. — А потым у наш склад, упэўніваю, увойдзе ўся Еўропа»
Наконт уваходжання Беларусі ў праграму «Усходняга партнёрства» Барадзін выказаўся крытычна, а палітычных аналітыкаў, якія кажуць пра такую магчымасць, назваў «палітолухамі».
«Вы мяне выбачайце, але пра якое «Усходняе партнёрства» ідзе гаворка ў некаторых там палітолухаў — і беларускіх, і нашых, і украінскіх? Сёння Усходняя Еўропа, выключаючы Беларусь, — Украіна, Польшча, Румынія і т.д. павінна Заходняй Еўропе 2,3 трыльёны еўра крэдыту. Вы што, хочаце ў гэта ўступіць? Думайце, яшчэ раз кажу», — заявіў Барадзін.