Касмiчныя асновы пабудовы календара

Источник материала:  

Гiсторыкi культуры небеспадстаўна сцвярджаюць, што практычна ўсе цывiлiзацыi, якiя некалi жылi на Зямлi, пакланялiся Сонцу, Месяцу i iншым касмiчным свяцiлам або зоркам (Венера, Сiрыус) i нават цэлым сузор'ям, асаблiва тым, што ўваходзiлi ў склад Млечнага шляху.

l Найважнейшым структураўтваральным элементам традыцыйнага народнага календара быў рух Сонца. Вядома, што ў сваiм гадавым колазвароце яно праходзiць чатыры асноўныя прамежкавыя фазы, кожнай з якiх у народным жыццi адпавядала шматдзённае, разгорнутае i ў часе, i ў прасторы святкаванне.

 Зiмовае сонцастаянне. Пасля заканчэння зiмовага сонцастаяння (яно доўжыцца з 18 па 23 снежня) у прыродзе адбывалася прыкметная падзея — заканчваўся перыяд скарачэння светлавой часткi сутак (дня). Сонца на некалькi дзён быццам спатыкаецца, прыпыняецца. І усё ж канчаткова разрывае путы цемры i пачынае новы адлiк часу. Менавiта ў ноч з 24 на 25 снежня наша галоўнае свяцiла паверне на новае гадавое кола. Безумоўна, гэта знакамiтая прыродная падзея не магла застацца па-за ўвагай чалавека. У традыцыйнай культуры славянскiх народаў да яе быў прымеркаваны ўрачысты пачатак святкавання двухтыднёвых Калядаў.

 Летняе сонцастаянне. Дыяметральна супрацьлеглай зiмоваму сонцастаянню з'яўляецца сiтуацыя, калi наша свяцiла знаходзiцца ў найвышэйшай кропцы свайго росквiту. Сонца адорвае зямлю самымi працяглымi днямi, самымi моцнымi патокамi святла i цяпла. З часам найвышэйшага прыроднага красавання супадала святкаванне яшчэ аднаго найцiкавейшага i найскладанейшага рытуальна-абрадавага комплесу пад назвай Купалле. У старажытнасцi i сярэднявеччы гэта было адно з самых звонкагалосых святаў, напоўненае абрадавымi дзеяннямi, магiчнымi рытуаламi i ўрачыстымi спевамi.

 Веснавое раўнадзенства. Разам з тым, у адпаведнасцi з надыходам доўгачаканага перыяду пацяплення i падрыхтоўкi да пачатку палявых работ, асаблiвай пашанай карыстаўся той момант руху сонца, калi дзень выраўноўваўся з ноччу. Менавiта да дня веснавога раўнадзенства нашы старажытныя продкi прымяркоўвалi пачатак новага года.

 Асенняе раўнадзенства. Супрацьлеглым дню веснавога раўнадзенства быў дзень асенняга раўнадзенства, пасля якога пачыналася, здавалася, бясконцае панаванне ночы. Да гэтай прыкметнай мяжы было прымеркавана свята ў гонар заканчэння збору ўраджаю — Багач. Як i на ўсе вышэйзгаданыя святы, на Багача рабiўся абход двароў, у якiм удзельнiчала ўся вёска.

Аксана Катовiч, Янка Крук.

←Мимо кассы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика