Хто ж павiнен нейтралiзаваць шалёную лiсу?

Источник материала:  

У брэсцкi карпункт газеты патэлефанавала пенсiянерка з вёскi Дзяменiчы Жабiнкаўскага раёна Вера Саванеўская i расказала пра бяду сваёй вёскi. На падворкi панадзiлася хадзiць няпрошаная госця з лесу. Лiса паводзiць сябе неадэкватна, таму ёсць падазрэннi, што жывёла хворая на шаленства. Сярод белага дня яна задушыла гусака ў аднаго суседа, загрызла пеўня ў другога. Вера Навумаўна прасiла высветлiць, хто ж павiнен у такiх выпадках хутка прыходзiць на дапамогу жыхарам вёскi. Розныя службы, куды звярталася заяўнiца, спасылаюцца адна на адну, канкрэтнага адказу нiхто не дае.

Нiколi не думала, што на такое, на першы погляд, простае пытанне так складана будзе знайсцi адказ. Першае, куды звярнулася аўтар гэтых радкоў, было абласное таварыства паляўнiчых i рыбаловаў. Яго старшыня Уладзiмiр Сцепанюк патлумачыў карэспандэнту, што паляўнiчыя не маюць права страляць лiсу альбо iншую жывёлiну ў населеным пункце, бо яны не маюць права знаходзiцца з зараджанай зброяй блiжэй за 200 метраў ад крайняй пабудовы. Уладзiмiр Іванавiч спаслаўся на сельсаветы: яны павiнны заключаць дагаворы з прадпрыемствамi ЖКГ, якiя маюць спецыяльныя падраздзяленнi для адлову бадзяжных жывёл. Такiя падраздзяленнi ёсць у Баранавiчах, Брэсце i Пiнску, яны аснашчаны спецсродкамi. А ў невялiкiх гарадах iх няма, мясцовыя камунальнiкi вырашаюць задачы толькi па адлове нiчыйных хатнiх жывёл, асаблiва хворых i небяспечных. А наконт дзiкага звера ў iх няма нi дакладных iнструкцый, нi прыстасаванняў, як, дарэчы, i ў спецпрадпрыемстваў вялiкiх гарадоў.

Хто ж павiнен нейтралiзаваць шалёную лiсу?Не лiчаць сваёй справай абясшкоджванне падазронага дзiкага звера i сiлавыя структуры — мiлiцыя i МНС. Хоць падраздзяленнi МНС фiгуруюць у першых радках вельмi цiкавага дакумента, якi ўдалося нядаўна патрымаць у руках. План мае даволi доўгую назву, але дазволю сабе яе працытаваць, бо пры першым яе прачытаннi можа падацца, што вось яно, вырашэнне пытання, ляжыць, што называецца, на паверхнi. Дык вось, дакумент названы так: "План узаемадзеянняў падраздзяленняў Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, органаў Брэсцкага ДВЛГА, Брэсцкага абласнога УУС, Брэсцкага абласнога камiтэта прыродных рэсурсаў i навакольнага асяроддзя, Брэсцкага АУП "Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркi, Брэсцкага абласнога камiтэта па сельскай гаспадарцы i харчаваннi пры заходзе дзiкiх жывёлаў у населеныя пункты Брэсцкай вобласцi". План падпiсаны генеральным дырэктарам лесагаспадарчага аб'яднання Аляксандрам Тыцыкам i зацверджаны намеснiкам старшынi аблвыканкама Якавам Бухавецкiм. У канцы аб'ёмiстага дакумента ёсць прыпiска, якая паведамляе, што план распрацаваны на аснове прапаноў Дзяржаўнай iнспекцыi аховы жывёльнага i раслiннага свету. Варта адзначыць, што названая служба праявiла вялiкую сцiпласць i не знайшла месца толькi сабе ў гэтым шматстаронкавым кiраўнiцтве да дзеянняў. Перад усiмi астатнiмi, як бачна вышэй, пастаўлены вялiкiя задачы. Каардынаваць i накiроўваць работу заклiканы начальнiкi змены цэнтра аператыўнага кiравання МНС. Яны ж, паводле плана, мусяць накiроўваць свае падраздзяленнi, "i ў выпадках пагрозы жыццю цi здароўю грамадзян абясшкоджваць дзiкага звера ўсiмi даступнымi сродкамi". Акрамя пажарных-выратавальнiкаў, на месца павiнны аператыўна прыбыць "неабходная колькасць работнiкаў мiлiцыi", iнжынер лясной гаспадаркi, начальнiк райiнспекцыi аховы прыроды, галоўны ветэрынарны ўрач, прадстаўнiкi жыллёва-камунальнай гаспадаркi... i пачынаць нараду. Цi не замнога гонару для адной шалёнай лiсы, мiжволi напрошваецца пытанне.

Не ўзнiкае сумненняў, што названы дакумент распрацоўваўся са шчырым жаданнем вырашыць актуальнае для шмат якiх i многiх вёсак пытанне. Толькi вось наўрад цi гэта ўдалося. Бо план хутчэй з'яўляецца нейкай дэкларацыяй — пратаколам аб намерах, юрыдычнай сiлы ён не мае. У прэс-службе абласнога МНС сiтуацыю пракаментавалi так: пра план мы ведаем, але ў нас няма спецыяльных сродкаў i тэхнiчных прыстасаванняў для правядзення ў жыццё мерапрыемстваў па абясшкоджваннi жывёл.

Паперы пiшуцца, захады робяцца, а праблема, на жаль, застаецца. Асаблiва яе адчуваюць у пушчанскiх раёнах, дзе кожны год ледзь не ў кожную вёску заходзiць хворая жывёлiна. I найбольш лiсы. Лiтаральна на мiнулым тыднi прэзiдыум Камянецкага раённага Савета дэпутатаў на сваiм пасяджэннi разглядаў пытанне пра небяспеку з боку дзiкiх жывёл. Паводле слоў старшынi райсавета Нiны Стасюк, даўно не было такiх бурных спрэчак на форуме савета. Бо тэма надта ж набалелая. Не смешачкi вам: летась у раёне было афiцыйна зарэгiстравана 17 выпадкаў шаленства жывёлы. Сёлета трошкi менш. Але ж навокал — пушча, i ў кожную хвiлiну да любога гаспадара можа завiтаць лясны госць. А калi ён нездаровы — гэта рэальная пагроза для вяскоўцаў. На прэзiдыуме прысутнiчалi ўсе старшынi сельсаветаў раёна, i ў кожнага было што расказаць пра адзiн-два выпадкi з асабiстай практыкi, калi жывёлiну нейтралiзоўвалi ўсiмi даступнымi сродкамi. I найпершы з iх — вiлы. Высветлiлася, што i сама старшыня райсавета брала ўдзел у падобнай "аперацыi". Правiльней сказаць, Нiна Данiлаўна была арганiзатарам лiквiдацыi. Гады два таму выхадным днём на падворак да яе мацi ў вёсцы Седруж прыпаўзла лiса. Жывёлiна была знясiленая, хутка рухацца не магла, але паводзiла сябе вельмi падазрона. Нiна Стасюк сабрала вясковых мужчын, разам яны нейтралiзавалi лiсу. Затым, як патрабуюць таго правiлы, спалiлi рукавiцы, халаты, якiя накiдвалi на верхнюю вопратку, вiлы пракалiлi на агнi. Галава жывёлы была накiравана ў лабараторыю, якая пацвердзiла факт шаленства лiсы.

У жыллёва-камунальнай службы Камянецкага раёна ёсць два прыстасаваннi, якiя страляюць усыпляльнымi прэпаратамi. Але гэтай зброяй можна хiба што ўсыпiць хворага ката. А, напрыклад, пры тэмпературы, нiжэйшай за дзесяць градусаў, такая зброя ўжо не дзейнiчае наогул. I ў вынiку вялiкiх дэбатаў на прэзiдыуме райсавета, паводле слоў аднаго з яго ўдзельнiкаў, з вiлаў пачалi — вiламi i скончылi. Бо давялося канстатаваць, што няма на гэты конт канкрэтнай заканадаўчай базы. I камянецкiя дэпутаты прыйшлi да высновы, што яе трэба стварыць. А для гэтага неабходна замацаваць афiцыйна асаблiвыя паўнамоцтвы ўчастковых iнспектараў мiлiцыi, мясцовых паляўнiчых нават на прымяненне зброi. Бо хворых жывёлiн год ад году становiцца больш, а iх з'яўленне ў населеных пунктах тоiць у сабе пагрозу для жыцця i здароўя людзей. Нiна Стасюк, старшыня райсавета, да станоўчых момантаў згаданага вышэй "Плана" аднесла наданне ролi каардынатараў падраздзяленням МНС. На яе думку, аператыўны дзяжурны заўсёды мае магчымасць хутка апавясцiць неабходныя службы пры паступленнi адпаведнага сiгналу. Трэба толькi задачы ўсiх службаў пры ўзнiкненнi надзвычайнай сiтуацыi, якой з'яўляецца вiзiт дзiкай жывёлiны ў населены пункт, аформiць заканадаўча.

З падобнымi ж праблемамi сутыкаюцца штогод i ў Пружанскiм — яшчэ адным пушчанскiм раёне. I сiтуацыя там шмат у чым нагадвае камянецкую. Адзiнае, на што зрабiлi ўпор пружанскiя спецыялiсты ў размове з карэспандэнтам, — неабходнасць шырокай вакцынацыi дзiкiх жывёлаў. Сапраўды, кiраўнiкi лясных гаспадарак часта спасылаюцца на недахоп сродкаў. Але праблема стаiць настолькi востра, што сродкi, вiдавочна, трэба вышукваць нават ва ўрон iншым мерапрыемствам.

Святлана ЯСКЕВIЧ.

P.S. Калi матэрыял быў падрыхтаваны да друку, я патэлефанавала Веры Данiлаўне ў Дзяменiчы. Яна паведамiла, што лiсу забiлi. Факт шаленства пацверджаны. А пазбавiў вяскоўцаў ад пагрозы "адзiн добры чалавек, якi мае бiлет паляўнiчага". Натуральна, ён прасiў яго не называць, бо рызыкуе быць прыцягнутым да адказнасцi. Што i патрабавалася даказаць. Надзея ў вяскоўцаў застаецца толькi на вiлы ды на добрага чалавека, якi не пабаiцца. А праблема застаецца.

←Мимо кассы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика