У імя новага пакалення

Источник материала:  

Мiнздароўя, ЮНIСЕФ i ЕС яднаюць намаганнi ў захаваннi здароўя мацi i дзяцей на забруджаных тэрыторыях

Кожнае наступнае пакаленне з пункту гледжання эвалюцыi — больш дасканалае, а значыць, больш каштоўнае. Таму аберагчы патомства — задача архiважная. Праект "Дзецi Чарнобыля", iнiцыяваны Прадстаўнiцтвам ЮНIСЕФ у Беларусi i Мiнiстэрствам аховы здароўя, прысвечаны захаванню здароўя жанчын i дзяцей на забруджаных тэрыторыях. Фiнансавую частку бярэ на сябе Еўрасаюз. Агульныя аб'ёмы падтрымкi ацэньваюцца прыблiзна ў мiльён долараў.

Праект, разлiчаны на два гады, з'яўляецца працягам доўгатэрмiновага гуманiтарнага супрацоўнiцтва з заходнiмi партнёрамi. Асноўная яго задача — паляпшэнне якасцi медыцынскага абслугоўвання дзяцей, моладзi i жанчын на тэрыторыях, якiя пацярпелi ў вынiку аварыi на ЧАЭС. Праект нацэлены на падрыхтоўку i павышэнне кампетэнтнасцi спецыялiстаў, якiя аказваюць медыцынскую дапамогу на забруджаных тэрыторыях, — адзначыў прадстаўнiк ЮНIСЕФ у Беларусi Юрый АКСАМIТНЫ. Ён зрабiў акцэнт на такiх аспектах праграмы, як фармiраванне здаровага ладу жыцця, прафiлактыка шкодных звычак у падлеткаў, iнфармаванне насельнiцтва аб карысцi ўжывання ёдаванай солi. Не менш важнае i садзейнiчанне фармiраванню ўстановак пазiтыўнага i ўсвядомленага бацькоўства, скiраванае на паляпшэнне ведаў i навыкаў па доглядзе дзiцяцi, адносiнах i гульнi. Падчас рэалiзацыi праекта на пацярпелых ад аварыi тэрыторыях будзе створаная сетка цэнтраў, дружалюбных моладзi. Апроч таго, будзе палепшана i аснашчанасць тамтэйшых устаноў аховы здароўя: на закупку сучаснага медыцынскага абсталявання плануецца скiраваць каля 650 тыс долараў. Мяркуецца набыць, у прыватнасцi, апараты штучнай вентыляцыi лёгкiх, iнкубатары для нованароджаных, фетальныя манiторы (для дыягностыкi функцыянальнага стану плода i вызначэння жыццёва важных паказчыкаў мацi). Такiм абсталяваннем плануецца папоўнiць 15 устаноў Брэсцкай, Гомельскай i Магiлёўскай абласцей. Як патлумачыла Алена БОГДАН, начальнiк аддзела медыцынскай дапамогi мацi i дзецям у структуры Мiнiстэрства аховы здароўя, выбiралiся тыя медыцынскiя ўстановы, сярод пацыентаў якiх найбольшая колькасць пацярпелых ад аварыi на ЧАЭС. Яна запэўнiла, што дзеянне праекта распаўсюджваецца на ўсе звёны ланцуга (пачынаючы ад падрыхтоўкi спецыялiстаў), i ў роўнай меры прадугледжвае доступ да паслуг i сельскага, i гарадскога насельнiцтва.

— Праз два гады пасля рэалiзацыi гэтага праекта, супрацоўнiцтва не спынiцца, — запэўнiў Жазэ Мануэль Пiнту ТЭЙШЭЙРА, кiраўнiк Прадстаўнiцтва Еўракамiсii ў Беларусi i ва Украiне, — гэта толькi частка агульнай карцiны.

Ён падкрэслiў, што з канца 2008 года Еўрасаюз настроены на пашырэнне i паглыбленне супрацоўнiцтва з Беларуссю, у сувязi з тымi паляпшэннямi, якiя назiраюцца ў краiне. Спадар Тэйшэйра нагадаў, што ў ЕС ёсць упаўнаважаныя структуры, што рэгулярна праводзяць пераацэнку сiтуацыi ў краiнах, з якiмi супрацоўнiчае Еўрасаюз. I дадаў: "Мы не адмаўляемся ад сваiх абавязацельстваў i настроеныя на пашырэнне супрацоўнiцтва пры ўмове, што ў краiне будзе надавацца ўвага важным для нас галiнам".

Зоя ВАРАНЦОВА.

←Мимо кассы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика